Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў у адстаўку каталіцкі біскуп, які не спрыяў беларусізацыі Горадзеншчыны і не асудзіў гвалт у 2020 годзе


Былы біскуп Горадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч (зьлева) і нядаўна прызначаны біскуп Горадзеншчыны Ўладзімер Гуляй (справа)
Былы біскуп Горадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч (зьлева) і нядаўна прызначаны біскуп Горадзеншчыны Ўладзімер Гуляй (справа)

Біскуп Аляксандар Кашкевіч кіраваў Горадзенскай дыяцэзіяй 33 гады.

Пра ягоную адстаўку паведаміў сайт grodnensis.by.

На пасаду біскупа Горадзеншчыны тады 42-гадовага ксяндза Аляксандра Кашкевіча прызначыў папа Рымскі Ян Павал ІІ ў траўні 1991 году. Ён пайшоў у адстаўку па дасягненьні пэнсійнага ўзросту 75 гадоў.

Аляксандар Кашкевіч нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Літвы, паблізу Эйшышак, у 1949 годзе. На сьвятара вучыўся ў Коўне. Пасьля 15 гадоў служыў сьвятаром у Літве — у Панявежы і ў Вільні. У Беларусь пераехаў у 1991 годзе. Узначальваў Горадзенскую дыяцэзыю ад моманту ейнага стварэньня.

Паводле сьведчаньняў сьвятароў, прынамсі ў пачатку ягонага біскупскага служэньня ад Кашкевіча складана было атрымаць дазвол на багаслужбы па-беларуску, хаця афіцыйнымі мовамі ў беларускім каталіцкім касьцёле гістарычна сталі беларуская і польская. У большасьці касьцёлаў на Горадзеншчыне маліліся па-польску. Дагэтуль польская мова там актыўна ўжываецца.

Біскуп Кашкевіч быў адным з большасьці ярархаў Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, якія не асудзілі гвалт сілавікоў над людзьмі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Сёлета ў сакавіку ў касьцёлах Горадзеншчыны маліліся «аб супакоі, прымірэньні і яднаньні жыхароў Беларусі» з даручэньня біскупа Кашкевіча і на просьбу горадзенскіх абласных уладаў. Малітва прымеркаваная да дзяржаўнага Дня Канстытуцыі Беларусі, паведамляў katolik.life.

З 2006 да 2015 году Кашкевіч узначальваў Канфэрэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі пасьля адыходу з пасады кардынала Казімера Сьвёнтка. Гэта калегіяльны орган, які кіруе Каталіцкім касьцёлам у Беларусі.

Кіраўніком Горадзенскай дыяцэзіі стаў нядаўна прызначаны біскуп з Ваўкавыску Ўладзімер Гуляй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG