Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Суд разгледзіць «зьмену прымусовага лячэньня» ўдавы Зельцара; Казлоў выйшаў з інфармацыйнай блякады


Марыя Ўсьпенская, удава забітага Андрэя Зельцара, асуджаная за саўдзел у забойстве супрацоўніка КДБ. Архіўнае фота
Марыя Ўсьпенская, удава забітага Андрэя Зельцара, асуджаная за саўдзел у забойстве супрацоўніка КДБ. Архіўнае фота

Станам на 6 чэрвеня 2023 году беларускія праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычнымі зьняволенымі 1493 чалавекі. Паводле іншых праваабарончых ініцыятыў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

У Менскім гарадзкім судзе 16 чэрвеня ў закрытым рэжыме разгледзяць справу «аб зьмене прымусовых мер бясьпекі і лячэньня» ў дачыненьні да ўдавы загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ айцішніка Андрэя Зельцэра Марыі Ўсьпенскай. Рашэньне ў справе будзе прымаць судзьдзя Валянціна Зянькевіч.

Паводле арт. 103 Крымінальнага кодэксу, рашэньне прымаецца судом на падставе высновы псыхіятрычнай мэдычна-кансультацыйнай камісіі, якую асуджаныя мусяць праходзіць ня менш за адзін раз на паўгода.

Роўна год таму судзьдзя Зянькевіч прызначыла Марыі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўленьня — тэрмін не вызначаўся судом. Палітзьняволеную абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, але яе вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці, бо знаходзілася ў стане непрытомнасьці.

Казлоў выйшаў з інфармацыйнай блякады

Пра гэта «Народнай волі» паведамілі паплечнікі палітыка, ад якога амаль два месяцы не было ніякіх вестак з калёніі.

Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова асудзілі на 2 з паловай гады калёніі за ўдзел у адным з маршаў пратэсту ў жніўні 2020 году. Пакараньне ён адбывае ў магілёўскай калёніі № 15.

У мінулым месяцы ў Мікалая Казлова памерла маці, але на пахаваньне яго не пусьцілі.

«Больш за тое, навіну пра сьмерць маці Мікалаю перадалі зь вялікім спазьненьнем, — паведамляюць блізкія палітыка. — Страта роднага чалавека стала для яго вельмі моцным ударам».

Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса перавялі ў шклоўскую калёнію

У Менскім гарадзкім судзе 11 траўня, агучылі прысуд палітзняволенаму заснавальніку крамы Symbal.bу і культурніцкаму мэнэджэру — 13 гадоў калёніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК).

Паводле абвінавачваньня, Павал «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму», вёў «антыдзяржаўную дзейнасьць», «стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў у дачыненьні да Радзімы». Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазіцыя Паўла па справе і іншыя падрабязнасці справы невядомыя.

Жонка палітвязьня ў фэйсбуку паведаміла, што Паўла ўжо перавялі ў папраўчую калёнію № 17.

«Кажа, што ўспрымае гэта як вандроўку, але крыху іншы фармат», — напісала Кацярына Маковіч.

Новы адрас для лістоў і паштовак: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Павал Мікалаевіч Белавус

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG