Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая схема аплаты АРІП, зьмены пры абмене валюты. Што новага будзе ў кастрычніку


Лічыльнікі, архіўнае фота
Лічыльнікі, архіўнае фота

Паглядзелі, якіх зьменаў чакаць беларусам з новага месяца.

Зьмены ў АРІП

Зьмяняюцца ўмовы выкарыстаньня асабістага кабінэту АРІП — тэрмін згоды на апрацаваньне пэрсанальных зьвестак. Раней проста патрабавалася згода, што дзейнічала 5 гадоў. Цяпер трэба дазволіць выкарыстаньне асабістага кабінэту, дамова дзейнічае 3 гады.

Новыя правілы ўваходзяць у сілу з кастрычніка.

Грамадзянам,якія ўжо маюць асабісты кабінэт у АРІП і давалі згоду на апрацаваньне пэрсанальных зьвестак, прапануюць заключыць дадатковае пагадненьне. Для гэтага трэба да 31 ліпеня 2025 году ўвайсьці ў асабісты кабінэт АРІП і зрабіць пазнаку аб згодзе карыстацца сэрвісам паводле новых правілаў.

Зьмяніліся формы згоды і ў сыстэме МСІ. Гэта сыстэма дыстанцыйнай ідэнтыфікацыі кліентаў. Зь ёю магчымае абслугоўваньне празь лічбавыя каналы банкаў і іншых удзельнікаў фінансавага рынку.

Новая сыстэма налічэньня «камуналкі»

«Беларусбанк» папярэдзіў кліентаў, што ўсіх спажыўцоў газу пераводзяць на адзіную сыстэму налічэньня платы за жыльлёва-камунальныя паслугі — «Разьлік-ЖКУ».

Гэта адзіная агульнадзяржаўная сыстэма ўліку, разьліку і налічэньня платы за жыльлёва-камунальныя паслугі і карыстаньне жылым памяшканьнем.

Новае ў абмене валюты

З 26 кастрычніка памяняюць правілы абмену валюты. Нацыянальны банк пастанавіў, што касір можа ня браць у фізычных асобаў наяўную валюту, «попыт на якую нязначны і афіцыйны курс беларускага рубля да якой вызначае Нацыянальны банк штомесяц».

Нацыянальны банк пазначыў, што інфармацыя пра абменныя курсы можа быць указана на адмысловым электронным табло.

Пры гэтым работнік абменьніку ня зможа адмовіць у продажы наяўнай замежнай валюты, якая ёсьць у касе. Выключэньне — калі яна прызначана для выдачы кліентам — фізычным асобам зь іхных рахункаў, а таксама для выдачы юрыдычным асобам на выдаткі ў службовых выправах. Таксама могуць адмовіць у абмене валюты, прызначанай для выдачы рэшты і канвэрсіі.

Больш платнікаў ФСАН

З 1 кастрычніка зьменіцца парадак налічэньня пэнсіяў. Улады пашыраць сьпіс тых, хто павінен уносіць абавязковыя страхавыя складкі ў ФСАН. Адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва стануць абавязковымі для рамесьнікаў, уладальнікаў аграсядзібаў і самазанятых.

Як удакладнілі ў Міністэрстве працы, гэтыя беларусы будуць плаціць складкі ў ФСАН паводле той жа схемы, што і індывідуальныя прадпрымальнікі:

выплата складак — па 1 сакавіка наступнага году;
складкі трэба праціць толькі за тыя месяцы, у якіх чалавек працуе.
памер складак — 29% ад самастойна вызначанага даходу, але не ніжэйшы, чым ад мінімальнага заробку. Нагадаем, мінімалка зараз складае 626 рублёў. Гэта значыць, штомесячная складка будзе 181,54 рубля ў месяц. За год — 2178,48 рубля.

Зьмены для крамаў ужыванага адзеньня

З 1 кастрычніка ўступіць у сілу забарона ўвозіць у Беларусь з ЭЗ ужыванае адзеньне.

Пад забаронай у выніку новых санкцыяў Эўразьвязу апынулася мноства тавараў — у сьпісе больш за 400 катэгорыяў. Дакумэнт не абмежаваў увоз прадметаў гардэробу з ЭЗ у Беларусь, але забараніў «адзеньне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжываньні».

Буйны банк у Казахстане спыніць выплаты ў Беларусь у эўра і далярах

З 1 кастрычніка банк ЦэнтарКрэдыт (БЦК) спыніць выплаты ў Беларусь і Расею ў далярах і эўра.

У банку ўдакладнілі, што спыняць пераводы з контрагентамі ў Расеі і Беларусі ўва ўсіх замежных валютах, акрамя расейскіх і беларускіх рублёў, а таксама казахстанскіх тэнге.

Раней гэты банк ужо перастаў прымаць і адпраўляць выплаты ў фунтах стэрлінгаў, швайцарскіх франках і японскіх енах. Рашэньне патлумачылі «санкцыйнымі абмежаваньнямі».

У 2022 годзе БЦК купіў «дачку» расейскага «Альфа Банку» ў Казахстане.

Пачне дзейнічаць Міжнародны фонд дапамогі беларускім палітвязьням

З кастрычніка пачне афіцыйную дзейнасьць Міжнародны фонд дапамогі беларускім палітвязьням. Фонд утварылі 8 беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і Нарвэскі Хэльсынскі камітэт.

Першы ўнёсак у Фонд памерам 850 тысяч эўра пералічвае ўрад Нарвэгіі. Арганізатары фонду разьлічваюць на дапамогу краінаў Эўразьвязу і Паўночнай Амэрыкі, асобных мэцэнатаў. Заяўлена, што ўжо пацьверджаныя ўнёскі на 1,4 мільёна эўра.

Заснавальнікі міжнароднага гуманітарнага фонду вырашылі, што кіраўніцтва ў ім будзе калектыўным: у праўленьне фонду ўвойдуць па адным прадстаўніку ад васьмі арганізацыяў — стваральніц фонду. Калі зьявяцца новыя арганізацыі-ўдзельніцы, іх прадстаўнікам дадуць месца ў праўленьні.

Дзейнасьць праўленьня будзе кантраляваць назіральная рада, у якую ўвойдуць па тры прадстаўнікі ад грамадзкіх беларускіх арганізацыяў, мэдыя і міжнародных арганізацыяў. Але імёны гэтых назіральнікаў пакуль не названыя.

Павысяць некаторыя пэнсіі

З 1 кастрычніка ў Беларусі павысяць працоўныя пэнсіі, як вынікае з указу Аляксандра Лукашэнкі № 357, пра падпісаньне якога 12 верасьня паведаміла ягоная прэс-служба. Згодна з дакумэнтам, у сярэднім пэнсіі вырастуць на 5%.

Як удакладнілі у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, у кастрычніку павысяць «усе віды працоўных пэнсіяў (па ўзросьце, за выслугу гадоў, па інваліднасьці і з нагоды страты карміцеля)». У пераліку Міністэрствапрацы ня згадваецца яшчэ адзін від працоўных пэнсіяў — «за асаблівыя заслугі перад рэспублікай».

Мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пэнсіі ў кастрычніку павышаць ня будуць. Звычайна іх пераглядаюць раз на квартал (1 лістапада, 1 лютага, 1 траўня і 1 жніўня) — тады ж, калі пераглядаюць бюджэт пражытковага мінімуму, да якога яны прывязаныя. Калі павялічваецца бюджэт пражытковага мінімуму — павышаюць і пэнсіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG