Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ не анэксія, ужо не незалежнасьць. Лукашэнку перастаюць успрымаць як прэзыдэнта нават саюзьнікі


Войцэх Ярузэльскі, Аляксандар Лукашэнка, Філіп Петэн, апошні хан Крымскага ханства Шахін Гірэй. Каляж
Войцэх Ярузэльскі, Аляксандар Лукашэнка, Філіп Петэн, апошні хан Крымскага ханства Шахін Гірэй. Каляж

Жорсткімі рэпрэсіямі і перасьледам палітычных апанэнтаў Лукашэнка імкнецца самасьцьвердзіцца як паўнаўладны гаспадар гэтай тэрыторыі, прадэманстраваць сабе і іншым, што ягоны рэжым па-ранейшаму непахісны.

Але гэта толькі падкрэсьлівае той факт, што ва ўспрыманьні сьвету Беларусь перастае быць сувэрэннай краінай, а сам Лукашэнка ня ў стане кантраляваць распачатую ім жа «глыбокую інтэграцыю» і створаную ім жа «саюзную дзяржаву». Куды рухаецца гэты карабель пад назвай «Беларусь», штурвал якога ўжо ў руках ня толькі Лукашэнкі, пра што адкрыта пачалі гаварыць ня толькі ягоныя ідэйныя ворагі, але і найбліжэйшыя саюзьнікі?

Лукашэнку яўна зачапілі нядаўнія выказваньні ў ягоны адрас казахстанскага і ўкраінскага прэзыдэнтаў, Такаева і Зяленскага. Адзін непрыкрыта пацьвельваў Лукашэнку за несамастойны статус, другі жорстка папярэдзіў пра тое, што наступная за Ўкраінай мішэнь у пуцінскім сьпісе — Беларусь.

Камплімэнты, падобныя да кпінаў

Што да выказваньня Касым-Жамарта Такаева на травеньскім паседжаньні Эўразійскага эканамічнага форуму, то гэта быў сумнеўны кплівы «камплімэнт» з кепска прыхаваным падтэкстам. Афіцыйная беларуская прапаганда спачатку з энтузіязмам пачала хваліцца тым, што казахстанскі лідэр захапляецца «ўнікальным прэцэдэнтам» і «фэномэнам», калі «дзьве краіны — адна дзяржава», але потым спакваля прыціхла, а пазьней гэтыя эпізоды ўвогуле зьніклі альбо былі зарэтушаваныя ў афіцыйных справаздачах. Відавочна, нехта з ідэалягічных начальнікаў зразумеў схаваны падтэкст гэтых «камплімэнтаў». Тым больш што празь некалькі дзён узаемны тролінг паміж Такаевым і Лукашэнкам наконт сапраўднай сутнасьці «саюзнай дзяржавы» і нежаданьня далучацца да яе нікога, апроч Беларусі, стаў відавочным для ўсіх.

Згадка пра «ўнікальны прэцэдэнт» створанай Лукашэнкам і Пуціным «саюзнай дзяржавы» ўвогуле прагучала як кпіна. Ня трэба быць гісторыкам, каб ведаць, што і ў далёкай, і ў нядаўняй мінуўшчыне на палітычнай мапе сьвету было мноства несамастойных, несувэрэнных дзяржаў — марыянэтачных і васальных, пратэктаратаў і сатэлітаў, таго ці іншага кшталту залежных тэрыторый. І не было такога васала, які б не імкнуўся да поўнай самастойнасьці. Амаль заўсёды гэта была толькі пераходная форма (у залежнасьці ад таго, куды хіснуцца шалі гісторыі) ці да поўнага сувэрэнітэту, ці да канчатковага зьнікненьня з мапы сьвету, а потым, здаралася, і да амаль поўнага растварэньня таго народу, які жыў калісьці на гэтай зямлі і меў тут сваю дзяржаву. І лёс таго ўладара, які прывёў да краху сваёй дзяржавы, да страты яе незалежнасьці, за рэдкімі выключэньнямі, быў незайдросны.

Васаламі Асманскай імпэрыі калісьці на працягу стагодзьдзяў заставаліся Баўгарыя, Румынія, Сэрбія, але здолелі захаваць сваю ідэнтычнасьць і ў спрыяльны момант дамагліся незалежнасьці. Васалам Рэчы Паспалітай больш за стагодзьдзе была Прусія, якая пазьней ня толькі вызвалілася з залежнасьці, але і сама стала магутнай эўрапейскай дзяржавай. Васалам Вялікага Княства Літоўскага пэўны час была Курляндыя (частка сучаснай Латвіі). Больш як стагодзьдзе пад пратэктаратам Расейскай імпэрыі, у аўтаномным статусе змушана заставаліся Польшча і Фінляндыя...

Мапы правільныя і няправільныя

На гістарычных палітыка-адміністрацыйных мапах васальныя тэрыторыі звычайна паказваюцца колерам, блізкім да колеру, якім пазначана тэрыторыя дзяржавы-гаспадара (толькі крыху іншым адценьнем). Калі кіравацца такім прынцыпам, расейскія афіцыйныя картографы ўжо сёньня маглі б маляваць беларускую тэрыторыю ў адценьнях Расеі. Тым больш што ў сёньняшняй РФ надзвычай заклапочаны выглядам новых адміністрацыйных мапаў. Сёлета ў траўні Дзярждума нават увяла адказнасьць за геаграфічныя мапы «зь некарэктнымі межамі Расеі».

Знойдуць у кнігарні мапу, дзе Крым, Данецк, Луганск паказаны не расейскімі, і гаспадар кнігарні тут жа можа быць залічаны ў «распаўсюднікі экстрэмісцкай прадукцыі» і нават трапіць на турэмныя нары. Расейскія выдаўцы і гандляры хутка зарыентаваліся ў новых рэаліях: на мапах, якія сёньня прадаюцца ў кнігарнях РФ, у межах Расеі значацца ня толькі Крым, Данецк і Луганск, але, што адметна — і Херсон, і Запарожжа. Апошнія два гарады, як вядома, не кантралююцца расейскімі вайскоўцамі (Херсон яшчэ летась быў вызвалены ад акупантаў, а Запарожжа і не было пад акупацыяй). Але за такія геаграфічныя недакладнасьці, відавочна, адказнасьці як за «экстрэмізм» ў сёньняшняй Расеі не пагражае.

Фрагмэнт мапы Расеі з незаконна анэксаванымі рэгіёнамі Ўкраіны. Такія мапы цяпер прадаюцца ў расейскіх кнігарнях
Фрагмэнт мапы Расеі з незаконна анэксаванымі рэгіёнамі Ўкраіны. Такія мапы цяпер прадаюцца ў расейскіх кнігарнях

Пуцін ужо даўно дэманструе прыкметную цікавасьць да рознага кшталту гістарычных мапаў. 23 траўня дзяржаўная прапаганда распаўсюдзіла сюжэт, як Пуцін і старшыня Канстытуцыйнага суду РФ Зоркін схіліліся над мапай XVII стагодзьдзя, з задавальненьнем канстатуючы, што на ёй няма ўкраінскай дзяржавы. Але на той жа мапе, што адметна, як асобная дзяржава было паказана Крымскае ханства. І што сёньня засталося ад колішняй дзяржавы крымскіх татараў? А галоўнае, хто зьнішчыў іхную незалежнасьць?

Апошні крымскі хан

Крым, які ў сёньняшняй Расеі называюць «спрадвечнай расейскай зямлёй», да таго, як у XVIIІ стагодзьдзі стаць ахвярай расейскай анэксіі, больш як тры стагодзьдзі меў уласную дзяржаўнасьць. Праўда, амаль увесь гэты пэрыяд ханства заставалася васалам Асманскай імпэрыі.

Хан Шахін Гірэй
Хан Шахін Гірэй

Апошнім крымскім ханам у XVIIІ стагодзьдзі быў Шахін Гірэй. Ён прыйшоў да ўлады і ўтрымліваў яе дзякуючы расейскім штыкам. Расейцы нашэптвалі, што ён можа стаць вялікім уладаром, абапіраючыся на іх.

А ён, патаемна выношваючы мары пра «чарнаморскую крымскую імпэрыю», ахвотна верыў. Захапляўся дзяржаўным уладкаваньнем Расеі, нямала часу правёў пры двары Кацярыны ІІ і паслухмяна выконваў усе настойлівыя пажаданьні і просьбы новых гаспадароў.

Эскіз да карціны «Крымскі хан пад Масквой у 1571 годзе». Мастак Іван Ежакевіч, 1889
Эскіз да карціны «Крымскі хан пад Масквой у 1571 годзе». Мастак Іван Ежакевіч, 1889

На першым часе Кацярына ставіла за мэту толькі адсячы крымскіх татар ад Порты, стварыць у Крыме цалкам незалежную дзяржаву і «пазбавіць тым самым Турцыю яе правай рукі». Што і было зроблена: пасьля чарговай паразы Турэччыны ў вайне з Расеяй Крымскае ханства фармальна стала незалежным ад Стамбула, Шахін Гірэй у 1777 годзе нібыта стаў паўнаўладным манархам. Але цягнулася гэта вельмі нядоўга. Ужо ў 1782 годзе пляны Кацярыны адносна будучыні незалежнасьці Крымскага ханства памяняліся. У адным зь лістоў яна піша свайму фаварыту Пацёмкіну: «Надо бы помышлять о присвоении сего полуострова». Пацёмкін праз свайго пасланьніка генэрала Самойлова прапануе Шахін Гірэю добраахвотна аддаць Крым Расеі, за што абяцае ў будучыні ўладкаваць яго на трон у Пэрсіі. Апроч таго, у выпадку добраахвотнага адрачэньня ад прастолу хану абяцалі 200 тысяч рублёў штогадовага ўтрыманьня. У канцы лютага 1783 года хан змушана пагаджаецца пакінуць пасад.

За паслушэнства і заслугі перад імпэрыяй былога хана ўганаравалі найвышэйшым расейскім ордэнам Андрэя Першазваннага (гэты ордэн, дарэчы, адноўлены ў сёньняшняй Расеі як найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода, але Лукашэнку Пуцін ім дагэтуль не адзначыў). Увесну 1784 года, пакінуўшы ў Тамані сьвіту ў 2000 воінаў, гарэм і ўсю сваю маёмасьць, адстаўны манарх пагрузіўся на фрэгат «Сьвяты Мікалай» і выправіўся праз Таганрог у Варонеж, дзе яму было абяцана раскошнае і бесклапотнае жыцьцё. Аднак ні ў Варонежы, ні потым у Калузе былы хан не пачуваўся шчасьлівым.

Крымскае войска пад Масквой. Малюнак зь летапісаў, 1521
Крымскае войска пад Масквой. Малюнак зь летапісаў, 1521

Абяцаньня пра ханства ў Пэрсіі новыя гаспадары так і ня выканалі. І адстаўны хан стаў прасіцца на радзіму, у Асманскую імпэрыю. Дазвол яму далі, хоць і не без зьдзіўленьня. Расейскі амбасадар у Турэччыне Булгакаў дзяліўся назіраньнямі: «Ня ведаю сапраўднай прычыны вяртаньня сюды Шахіна, але ён сам прасіўся і пашкадуе тысячу разоў аб такім глупстве». І сапраўды, стаўленьне да былога хана, які добраахвотна аддаў расейцам сваю радзіму, у Асманскай імпэрыі было вельмі супярэчлівым. Спачатку яго прынялі нібыта прыязна. Аднак у хуткім часе, калі ён паехаў па запрашэньні султана Абдул-Хаміда на адпачынак на востраў Родас, яго задушылі шаўковым шнурам на загад таго ж султана. Апошняму хану Крыму ў той час было 42 гады.

Маршал Пэтэн і сумнеўны сувэрэнітэт пераможанай Францыі

Роля, якую сёньня выконвае Лукашэнка пры Пуціну, у чымсьці нагадвае ролю маршала Пэтэна, які ўзначаліў калябарацыянісцкі рэжым у Францыі пасьля падзеньня Парыжу ў 1940 годзе. Француская дзяржава пад кіраўніцтвам маршала Пэтэна фармальна захоўвала незалежнасьць (яе напачатку прызналі, у прыватнасьці, СССР, ЗША і многія іншыя краіны).

Але фактычна пэтэнаўская Францыя стала марыянэткай Гітлера: абавязалася ўсяляк дапамагаць гітлераўскай Нямеччыне і ейным сатэлітам, давала сваю тэрыторыю і вайсковыя базы для агрэсіі, спрыяла Бэрліну эканамічна. Але пры гэтым, што адметна, Пэтэн усяляк пярэчыў супраць настойлівага жаданьня Гітлера непасрэдна ўцягнуць Францыю ў вайну супраць Вялікай Брытаніі. Па сутнасьці, пэтэнаўская Францыя («рэжым Вішы») захавала за сабой той жа статус «неваюючай», як і Гішпанія каўдыльлё Франка. Хоць у рэальнасьці амаль для ўсяго сьвету ён быў марыянэткай Гітлера.

Пэтэн паціскае руку Гітлеру
Пэтэн паціскае руку Гітлеру

Фатаздымак ад 24 кастрычніка 1940 года, на якім Пэтэн паціскае руку Гітлеру, сустракаючы яго ў Мантуарэ, пашырыўся ў цэлым сьвеце і актыўна выкарыстоўваўся ў фашысцкай прапагандзе.

У далейшым Пэтэн імкнуўся захоўваць пэўную дыстанцыю ад Гітлера. Але што да ўнутранай палітыкі, то яна цалкам адпавядала ўсім стандартам дыктатуры: умацаваньне асабістай улады, жорсткі перасьлед апазыцыі, роспуск палітычных партый, забарона на мітынгі і дэманстрацыі, стаўка на паліцэйскія сілы. Пры гэтым Пэтэн быў перакананы, што, паколькі ён законна прыйшоў да ўлады і дзейнічаў у інтарэсах Францыі (як ён іх уяўляў), то яму нічога не пагражае і што пасьля паразы Гітлера Дэ Голь ня будзе яго арыштоўваць. Таму, калі саюзьнікі вызвалілі Францыю ад фашыстаў, спакойна вярнуўся на радзіму. І тут жа быў арыштаваны і паўстаў перад судом як здраднік і ўзурпатар. Дыктатарская марыянэткавая Францыя маршала Пэтэна скончылася — на яе руінах паўставала сувэрэнная дэмакратычная Францыя генэрала Дэ Голя.

Маршал Шарль дэ Голь
Маршал Шарль дэ Голь

На судзе Пэтэн спрабаваў даводзіць, што з дапамогай супрацы з Гітлерам ён прыхавана абараняў інтарэсы радзімы і мінімізаваў непазьбежныя страты, называў сябе «шчытом Францыі», у той час як Дэ Голь быў «мячом», заявіў, што ня меў нічога супраць Дэ Голя і нібыта нават цішком сымпатызаваў францускаму Супраціву... Гэта, зрэшты, мала дапамагло: паводле прысуду, вынесенага 15 жніўня 1945 года, Пэтэна прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і асудзілі на сьмяротнае пакараньне. Праўда, праз два дні вэрдыкт зьмякчылі — да пажыцьцёвага зьняволеньня (зважаючы на амаль 90-гадовы ўзрост і мінулыя заслугі маршала).

«Сатэліт пад палітычным панаваньнем Масквы»

Пра сёньняшнюю Беларусь складана гаварыць як пра сувэрэнную незалежную дзяржаву, якая самастойна вызначае ўласную вонкавую і ўнутраную палітыку. Калі не заглыбляцца ў далёкую гісторыю і не шукаць прыклады сярод васалаў колішніх імпэрый, то найбольш відавочным аналягам выглядаюць дзяржавы так званага «сацыялістычнага лягеру» ў пэрыяд пасьля Другой сусьветнай вайны. Польшча, ГДР, Чэхаславаччына, Вугоршчына... Фармальна нібыта незалежныя, з усімі атрыбутамі сувэрэнітэту. Але ў рэчаіснасьці любое прынцыповае рашэньне ў іх не магло быць прынятае бяз згоды Крамля.

Падчас савецкага нападу на Чэхаславаччыну. Прага, 1968
Падчас савецкага нападу на Чэхаславаччыну. Прага, 1968

А на выпадак, калі б мясцовы рэжым наважыўся на празьмерную самастойнасьць і непаслухмянасьць, на тэрыторыі кожнай зь іх базаваліся дзясяткі тысяч савецкіх салдатаў. «Праская вясна» ў 1968-м ці задушэньне Вугорскага паўстаньня ў 1956-м ясна паказалі палітычным элітам краін Варшаўскай дамовы, дзе ў рэальнасьці канчалася іхная прывідная незалежнасьць.

Для Ўсходняй Эўропы, як вядома, усё скончылася добра — у той пэрыяд, калі савецкая імпэрыя аслабела да такога стану, што не змагла кантраляваць сваіх васалаў.

У Польшчы тэктанічныя зрухі пачаліся яшчэ да гарбачоўскай перабудовы. Можна знайсьці нямала агульнага ў тым, што адбывалася там у 80-я, зь беларускай рэвалюцыяй 2020-га. ПНР у тыя гады таксама апынулася на пераломе гісторыі, таксама была змушана лічыцца з васальнай залежнасьцю ад Масквы. І ў крытычны момант камуністычны лідэр Польшчы генэрал Ярузэльскі паводзіў сябе даволі брутальна ў адносінах да ўдзельнікаў грамадзкіх пратэстаў. Многія лічаць яго трагічнай фігурай польскай гісторыі, змушанай выбіраць меншае зло. Так, у сьнежні 1981 года ён увёў ваеннае становішча і загадаў інтэрнаваць многіх лідэраў і актывістаў апазыцыі. Але ці ня гэта выратавала тады Польшчу ад уводу савецкіх войскаў і акупацыі краіны?

Лех Валэнса ў Варшаве, 1980
Лех Валэнса ў Варшаве, 1980

Праўда, калі параўноўваць палітычныя рэпрэсіі ў ПНР на пачатку 80-х і сёньняшнія палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, то даводзіцца толькі зьдзіўляцца, наколькі адносна мяккімі, лагоднымі былі яны ў тагачаснай Польшчы. «Інтэрнаваньне» ў ПНР часта адбывалася ў выглядзе прымусовага ўтрыманьня на якіх-небудзь базах адпачынку на працягу некалькіх месяцаў з даволі лагодным рэжымам побыту. Ужо праз паўтара года ваеннае становішча было адменена, большасьць палітвязьняў выйшлі на волю. Ніякага параўнаньня з тымі катаваньнямі, якія адбываюцца сёньня ў беларускіх турмах у дачыненьні да палітычных апанэнтаў Лукашэнкі.

Міхаіл Гарбачоў і Войцэх Ярузэльскі, 1986
Міхаіл Гарбачоў і Войцэх Ярузэльскі, 1986

Адметна і тое, якім чынам Ярузэльскі перадаваў уладу. У 1990 годзе ён даў згоду на правядзеньне шматпартыйных выбараў, у якіх сам ня ўдзельнічаў, а пазьней мірна перадаў пасаду выбранаму прэзыдэнту Леху Валэнсу. У сёньняшняй Беларусі ўявіць нешта падобнае немагчыма. Несамастойная і несувэрэнная Польшча імкліва і бяскроўна ператварылася ў Польшчу свабодную і дэмакратычную, не ў апошнюю чаргу таму, што палякам пашанцавала і зь Ярузэльскім, і з Валэнсам. Якія, дарэчы, да канца захоўвалі даволі прыязныя і ўзаемапаважлівыя адносіны.

Сёньня той пэрыяд польскай, вугорскай, чэскай гісторыі звычайна акрэсьліваецца як несамастойнае, паднявольнае існаваньне. «Несувэрэнная дзяржава-сатэліт пад палітычным панаваньнем Масквы», — так цяпер гісторыкі пішуць пра так званую «народную Польшчу» (ПНР), але дакладна гэтак жа, магчыма, нашчадкі будуць пісаць пра Рэспубліку Беларусь пэрыяду Лукашэнкі. Калі толькі яна застанецца. Калі хопіць унутраных жыцьцёвых сілаў у нацыі пасьля гэтага асфальтавага катка дыктатуры... Калі не напаткае беларусаў і Беларусь лёс крымскіх татараў і іхнай колішняй дзяржавы, памяць пра якую засталася хіба што на старадаўніх геаграфічных мапах.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG