Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ордэн для заклятага сябра. Як Лукашэнка і Пуцін абменьваліся дзяржаўнымі ўзнагародамі


Уладзімір Пуцін, Леанід Брэжнеў, Аляксандар Лукашэнка, Сяргей Шайгу. Каляж
Уладзімір Пуцін, Леанід Брэжнеў, Аляксандар Лукашэнка, Сяргей Шайгу. Каляж

Лукашэнка не вялікі аматар ордэнаў і мэдалёў.

Маршальскі мундзір з залатымі пагонамі і прыгожа аздобленай, расшытай пазумэнтам фуражкай ён, што праўда, мае і час ад часу ўсё гэта апранае і носіць, але, здаецца, ніхто ня бачыў на ягоным кіцелі залатых геройскіх зорак ды іншых бліскучых мэдалёў і ордэнаў. Ні айчынных, ні замежных. Хоць насамрэч за 29 гадоў пры ўладзе гэтых узнагарод рознага рангу і калібру назьбіралася нямала. І ўважлівы позірк на іх можа нагадаць пра многія цікавыя эпізоды.

У прыватнасьці, гісторыя з расейскімі ордэнамі, якімі ў розныя гады быў узнагароджаны Лукашэнка, а таксама тымі ўзнагародамі, якімі ён адзначаў расейскага лідэра ў адказ — даволі адметная і ў пэўнай ступені можа сьведчыць пра не такія простыя ўзаемадачыненьні Лукашэнкі з Крамлём. Знаўцам геральдыкі, прыдворна-цырыманіяльнага этыкету і дыпляматычна-прадстаўнічых рэвэрансаў такія сыгналы шмат пра што гавораць. Знакі і сымбалі часам значна больш красамоўныя за любыя словы.

19 залатых геройскіх зорак Брэжнева

Дыктатура павінна быць страшнай, але ня сьмешнай. Гэта, магчыма, адзін з галоўных урокаў таго брэжнеўскага аўтарытарызму, у якім вырас Аляксандар Лукашэнка і рэаліі якога, без сумневу, добра памятае. «Дарагі Леанід Ільліч» разнастайныя ордэны, мэдалі і ганаровыя званьні надзвычай любіў, і любоў гэтая на схіле ягонага веку набыла яўна гратэскныя, карыкатурныя формы. Шараговыя суграмадзяне з гэтага амаль адкрыта кпілі і пасьмейваліся. А вось спрытныя царадворцы і хітрыя саюзьнікі з «сацыялістычнага лягеру» гэтую слабасьць савецкага генсека актыўна эксплюатавалі.

Леанід Брэжнеў пасьля ўручэньня яму савецкага ордэну Перамогі. 1978
Леанід Брэжнеў пасьля ўручэньня яму савецкага ордэну Перамогі. 1978

У выніку станам на восень 1982 года Брэжнеў быў ня толькі чатырохразовым Героем Савецкага Саюзу і Героем Сацпрацы, але і яшчэ тройчы Героем Баўгарыі, тройчы Героем Чэхаславаччыны, тройчы Героем ГДР і яшчэ героем і ардэнаносцам шмат якіх вялікіх і малых дзяржаў сьвету. Усяго залатых геройскіх зорак розных сацыялістычных краін у Брэжнева было 19.

Да рэкордаў Брэжнева Лукашэнку далёка, аднак ладная калекцыя разнастайных ордэнаў за 29 гадоў пры ўладзе ў яго таксама назьбіралася. Ён, напрыклад, кавалер ордэнаў Вялікай Верасьнёўскай рэвалюцыі (Лібійская Джамахірыя), Хасэ Марці (Куба), Вызваліцеля і Франсыска Міранды (Вэнэсуэла) і многіх іншых.

Справа ў тым, што дзяржаўныя ўзнагароды здаўна выконваюць і важную дыпляматычную функцыю. Падчас дзяржаўных візытаў кіраўнікі краін часта абменьваюцца высокімі ордэнамі сваіх краін: гэта пэўны знак ветлівасьці і прыязнага стаўленьня, асабліва ў дачыненьні да блізкіх саюзьнікаў. Каралі, імпэратары, прэзыдэнты ўзнагароджваюць адзін аднаго — і гэта, зразумела, ня могуць быць ордэны абы-якога ўзроўню, паколькі расцэньваюцца як зусім пэўны знак пашаны ня толькі да лідэра, але і да краіны. У мінулыя манархічныя эпохі да гэтага ўвогуле ставіліся надзвычай даткліва і раўніва — справа магла дайсьці да дыпляматычнага міждзяржаўнага скандалу, калі раптам выяўлялася, што ўзровень узнагароды недастаткова высокі альбо зварот да манарха не такі пачцівы, як належыць.

Хрэстаматыйным стаў прыклад ліста расейскага імпэратара Мікалая І да новага францускага імпэратара Напалеона ІІІ, які прыйшоў да ўлады пасьля перавароту 2 сьнежня 1851 года. Каб прадэманстраваць сваё ня надта паважлівае стаўленьне да такога спосабу здабываньня імпэратарскага пасаду, Мікалай І у сваім лісьце да Напалеона ІІІ ўжыў зварот «Monsieur mon ami» (Спадар мой сябар), замест належнага паводле пратаколу «Monsieur mon frère» (Спадар мой брат). Падобная вольнасьць была расцэненая ў Парыжы як публічная зьнявага новага францускага імпэратара і стала адной з прычын таго, што Францыя ўдзельнічала ў Крымскай вайне на баку праціўнікаў Расеі. Вайна тая, дарэчы, скончылася і для Расеі, і для Мікалая І вельмі сумна.

Цяжка ўявіць, каб у сярэдзіне 70-х гадоў падчас візыту Леаніда Ільліча ва Ўсходні Бэрлін яго ўзнагародзілі чым-небудзь ніжэйшым, чым залатая зорка Героя ГДР і найвышэйшы ў краіне залаты ордэн Карла Маркса. Адпаведна, Эрых Гонэкер, які прылятаў у Маскву тае пары, таксама мог разьлічваць на найвышэйшы ў СССР ордэн Леніна (выраблены, дарэчы, таксама з чыстага золата). У выніку Леанід Ільліч на пачатку 80-х быў ужо тройчы Героем ГДР і кавалерам трох ордэнаў Карла Маркса, а Эрых Гонэкер — Героем Савецкага Саюзу і ўладальнікам трох ордэнаў Леніна. Леанід Ільліч, дарэчы, і сваіх паплечнікаў і сяброў, да якіх прыхільна ставіўся, высокімі ўзнагародамі не абдзяляў. Напрыклад, у маршала Усьцінава, які служыў пры Брэжневе міністрам абароны, было ажно 11 ордэнаў Леніна.

Эрых Гонэкер і Леанід Брэжнеў
Эрых Гонэкер і Леанід Брэжнеў

З улікам гэтых абставінаў і перадумоў даволі адметнай выглядае гісторыя ўзаемных узнагароджаньняў двух сёньняшніх найбліжэйшых саюзьнікаў — Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.

Лукашэнка і ордэны. Як узнагароджваюць за заслугі перад чужой дзяржавай

2 красавіка 2001 года Аляксандр Лукашэнка падчас візыту ў Маскву атрымаў з рук Уладзіміра Пуціна свой першы расейскі ордэн — «За заслугі перад Айчынай» ІІ ступені — за актыўнае прасоўваньне ідэі «саюзнай дзяржавы». У гэтым узнагароджаньні зьвярнулі на сябе ўвагу дзьве акалічнасьці. Па-першае, найвышэйшай расейскай дзяржаўнай узнагародай на той момант ужо лічыўся адноўлены ў правах у 1998 годзе колішні галоўны ордэн Расейскай імпэрыі, заснаваны яшчэ Пятром І — ордэн Андрэя Першазванага. Па-другое, ніжэйшы рангам ордэн «За заслугі перад Айчынай», якім узнагародзілі Лукашэнку, быў зноў жа не самай высокай ступені (толькі другой). Сам беларускі лідэр такое ўзнагароджаньне ніяк не пракамэнтаваў, хоць згаданыя вышэй дэталі наўрад ці засталіся па-за ягонай увагай.

Ала Пугачова
Ала Пугачова

Менш стрыманай у гэтым сэнсе аказалася прымадонна савецкай і расейскай эстрады Ала Пугачова, якая, даведаўшыся, што яе ўзнагароджваюць толькі другой ступеньню такога ж ордэна, іранізавала: маўляў, ці то гэта ордэн другаступенны, ці яе заслугі... Прэзыдэнт Ельцын, уручаючы ёй у 1999 годзе гэты ордэн, нават апраўдваўся: маўляў, першая ступень прызначана толькі для кіраўнікоў дзяржаў. Як выявілася, і некаторых кіраўнікоў дзяржаў, здараецца, абыходзяць. Што адметна, першым кавалерам гэтага ордэна (І ступені) стаў у 1997 годзе прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. Такі ж «першаступенны» ордэн «За заслугі перад Айчынай» у 2004 годзе атрымаў колішні ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Кучма. Ордэн першай ступені з таго часу атрымалі і многія дзеячы культуры (больш, чым Пугачова, ляяльныя да расейскай улады) — Міхалкоў, Кабзон, Дароніна і многія іншыя.

Уладзімір Пуцін (справа) уручыў старшыні КНР Сі Цзіньпіну (зьлева) ордэн Андрэя Першазванага. Масква, 2017
Уладзімір Пуцін (справа) уручыў старшыні КНР Сі Цзіньпіну (зьлева) ордэн Андрэя Першазванага. Масква, 2017

Што да найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды ў сёньняшняй Расеі, ордэна Андрэя Першазванага, то ў сьпісе ягоных кавалераў таксама значацца замежныя лідэры, якіх Крэмль з тых ці іншых прычынаў палічыў вартымі такой узнагароды: Гейдар Аліеў (Азэрбайджан), Нурсултан Назарбаеў (Казахстан), Сі Цзіньпін (Кітай), Нарэндра Модзі (Індыя)... Ордэн сапраўды мае шматвекавую гісторыю, ён даволі рэдкі і каштоўны. У чэрвені 2008 года на аўкцыёне «Сотбіс» брыльянтавую зорку да ордэна Андрэя Першазванага, вырабленую каля 1800 года, прадалі за больш як 2 700 000 фунтаў стэрлінгаў, што стала абсалютным рэкордам для ордэнаў.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ўшаноўвае прэзыдэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве, 5 красавіка 2023
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ўшаноўвае прэзыдэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве, 5 красавіка 2023

Вядома, у сучасным сьвеце ставяцца да дыпляматычна-прадстаўнічых цырымоній зусім не з той перабольшана-датклівай увагай, як гэта было калісьці ў абсалютысцка-манархічнай Эўропе. Тым ня менш пэўныя апрабаваныя стагодзьдзямі правілы і нормы міждзяржаўнага этыкету лідэры сучасных дзяржаў імкнуцца выконваць. І калі нядаўна адбываўся афіцыйны візыт у Варшаву прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і прадугледжвалася адзначэньне яго польскай дзяржаўнай узнагародай, то цяжка было ўявіць, каб гэта быў не найвышэйшы ў Польшчы ордэн (а тым больш якой-небудзь другой ступені). Вынікі візыту нядаўна ўсе назіралі: прэзыдэнт Дуда ўрачыста ўручыў прэзыдэнту Зяленскаму ордэн Белага арла. Гэта самая высокая і самая ганаровая ўзнагарода ў польскай дзяржаве, першая і галоўная ва ўсіх табэлях, заснаваная яшчэ на пачатку XVIIІ стагодзьдзя.

Дыямэнты на срэбры і золаце

Пра што думаў Лукашэнка, калі назіраў, як Крэмль адзначае іншых кіраўнікоў дзяржаў значна больш ганаровымі, чым ягоныя, узнагародамі, мы пакуль што дакладна ня ведаем. Публічна крыўда ў адрас Пуціна з вуснаў Лукашэнкі прагучала толькі з тае нагоды, што той у свой час абяцаў яму ўручыць пагоны палкоўніка расейскай арміі, але так і ня выканаў абяцаньня. У лютым 2022 года, адказваючы на пытаньне расейскага прапагандыста Салаўёва наконт свайго мундзіра і пагонаў, Лукашэнка сказаў: «Пуцін — палкоўнік, абяцаў мне палкоўніка прысвоіць. Да гэтага часу не прысвоіў».

Зрэшты, ускосна пра тое, як Лукашэнка ацаніў расейскую ўзнагароду, можна меркаваць па тым, якую ўзнагароду ён уручыў Пуціну ў адказ. Адбылося гэта 14 сакавіка 2013 года, калі быў падпісаны ўказ пра ўзнагароджаньне расейскага прэзыдэнта беларускім ордэнам Дружбы народаў.

Тут варта мець на ўвазе, што сыстэму дзяржаўных узнагарод у сучаснай Беларусі ствараў галоўным чынам сам Лукашэнка, максымальна ўзяўшы за ўзор (дзе гэта было магчыма) савецкія ордэны і мэдалі і прынізіўшы ці ўвогуле скасаваўшы тыя нацыянальна арыентаваныя назвы ўзнагарод, якія паспрабавала ўвесьці на пачатку 90-х гадоў апазыцыя ў тагачасным Вярхоўным Савеце. Такім чынам, на пачатку новага стагодзьдзя быў увогуле скасаваны ордэн Кастуся Каліноўскага (якім нікога ніколі так і не ўзнагародзілі) і паніжаны ў статусе да найменш значнага ордэн Скарыны. Затое зьявіўся цэлы шэраг ордэнаў, якія выглядалі і назвы якіх гучалі як клоны колішніх савецкіх узнагарод: «За службу радзіме», ордэн Пашаны, «За асабістую мужнасьць». У іх ліку быў і ордэн Дружбы народаў. У Расеі, як і ўвогуле ў былым СССР, гэты ордэн добра памятаюць. У савецкім ордэнскім табэлі ён значыўся на 22-м радку, што даволі красамоўна сьведчыць пра ягоную значнасьць. (Гэтым ордэнам у 80-ыя гады былі адзначаны, напрыклад, газэта «ЛіМ» і некаторыя абласныя газэты БССР). У пераліку цяперашніх беларускіх ордэнаў ён на 8-м радку (з 11). Галоўнай на сёньня ўзнагародай у Беларусі лічыцца званьне Герой Беларусі (савецкі аналяг, з уручэньнем мэдаля Залатая Зорка) і ордэн Айчыны 1-й ступені.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Менск, 2016
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Менск, 2016

Як да такога ўганараваньня далёка ня самай высокай дзяржаўнай узнагародай Беларусі паставіўся Пуцін? Пра гэта, зноў жа, можна меркаваць па тым, што праз год, да 60-годзьдзя Лукашэнкі, ён падпісаў яшчэ адзін указ аб адзначэньні свайго найбліжэйшага саюзьніка. Гэтым разам — ордэнам Аляксандра Неўскага. Паводле статуту, гэтая ўзнагарода меней важная, чым ордэн Сьвятой велікамучаніцы Кацярыны, але больш значная за ордэн Суворава.

У кожным разе далёка ня самы высокі ранг узнагароды павінен быў выклікаць пытаньне, ці ставіцца Масква ўвогуле да ўзнагароджанага як да лідэра незалежнай дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Кітая Сі Цзіньпін падчас сустрэчы ў Пэкіне. Пэкін, 16 траўня 2017 году
Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Кітая Сі Цзіньпін падчас сустрэчы ў Пэкіне. Пэкін, 16 траўня 2017 году

Каго з замежных лідэраў Лукашэнка ўганараваў сапраўды каштоўнай узнагародай, дык гэта старшыню КНР Сі Цзіньпіна ў верасьні 2016 года, падчас свайго візыту ў Пэкін. Ордэн «За ўмацаваньне міру і дружбы», мяркуючы па афіцыйным апісаньні, — гэта выраб са срэбра, золата і «дыямэнтаў паміж прамянямі васьміканцовай зоркі». Праўда, калі Лукашэнка надзяваў гэтую вялікую бліскучую зорку на масіўным ланцугу на шыю вялікаму кітайскаму сябру, многія, хто назіраў гэту цырымонію па тэлевізары, са зьдзіўленьнем паціскалі плячыма. Справа ў тым, што ў афіцыйным пераліку дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь гэты ордэн на той момант увогуле ня значыўся. І сапраўды, ён быў зацьверджаны толькі ў наступным, 2017 годзе. Аказалася, Лукашэнка знарок заснаваў яго, каб адзначаць лідэраў замежных дзяржаў і іншых высокіх замежных кіраўнікоў. Праўда, у пераліку ўзнагароджаных дагэтуль значыцца толькі адна асоба — той жа Сі Цзіньпін. Нікога з расейцаў у сьпісе няма.

Акцэнт у іміджы дыктатара

Мы наўрад ці калі-небудзь убачым Пуціна і Лукашэнку пры поўным парадзе, з усімі рэгаліямі, прышпіленымі да пінжака ці кіцеля. У сучаснай палітычнай модзе гэта лічыцца дрэнным густам. Афрыканскія ці лацінаамэрыканскія дыктатары, праўда, часам не адмаўляюць сабе ў задавальненьні зьявіцца перад вернападданым людам ва ўсім бляску ўсыпаных золатам і дыямэнтамі маршальскіх мундзіраў, але гэта хутчэй экзотыка і прадмет для кпінаў, жартаў і анэкдотаў. Як даволі карыкатурна выглядаюць, напрыклад, генэралы і маршалы арміі КНДР, якіх правадыры дынастыі Кім узнагародзілі такой колькасьцю ордэнаў, што яны не зьмяшчаюцца на кіцелі і іх даводзіцца вешаць нават на штаны і рукавы мундзіра.

Вугорскі лідэр Міклаш Хорці і Адольф Гітлер у 1938 годзе
Вугорскі лідэр Міклаш Хорці і Адольф Гітлер у 1938 годзе

Ужо нават у ХХ стагодзьдзі дыктатары, якія лічылі сябе вялікімі і магутнымі, не надавалі вонкаваму бляску ўзнагарод празьмерна вялікай увагі. Найбольш адметныя прыклады — Гітлер і Сталін. І адзін, і другі пры жаданьні маглі быць усыпанымі ордэнамі і мэдалямі з галавы да ног, аднак ставіліся да рэгалій досыць абыякава. Праўда, рабілі пры гэтым невялікія выключэньні. Гітлер, напрыклад, амаль заўсёды насіў на кіцелі Жалезны крыж, атрыманы яшчэ за Першую сусьветную вайну.

Ёсіф Сталін зь дзецьмі
Ёсіф Сталін зь дзецьмі

А Сталін найчасьцей — Залатую зорку Героя Сацыялістычнай Працы, якую яму ўручылі ў 1939 годзе (пры гэтым зорку Героя Савецкага Саюзу, якой быў узнагароджаны ў 1945 годзе, паводле некаторых зьвестак, ён нават не знайшоў часу атрымаць). І Жалезны крыж у аднаго, і Залатая зорка ў другога выглядалі як ляканічная і красамоўная дэталь на кіцелі, як акцэнт у іміджы, а не як біжутэрыя ў стылі навагодняй ялінкі. І з пункту гледжаньня правілаў дызайну гэта быў абсалютна лягічны і разумны крок. Менавіта з гэтымі сымбалічнымі дэталямі вобразы дыктатараў і ўвайшлі ў сусьветную гісторыю.

Пахавальныя рэчы

Трэба прызнаць, што ў біяграфіі кожнай публічнай асобы, як бы скептычна-паблажліва гэтая асоба ні ставілася да ўганараваньня дзяржаўнымі адзначэньнямі, рана ці позна надыходзіць момант, калі гэтыя ордэны і мэдалі выглядаюць зусім ня лішнімі, а вельмі дарэчнымі і нават неабходнымі. Праўда, здараецца гэта ўжо не пры жыцьці.

Фаіна Ранеўская
Фаіна Ранеўская

Са славутай расейскай акторкай Фаінай Ранеўскай неяк здарыўся такі выпадак. Яна, быўшы ўжо ў паважаным веку, пераяжджала на новую кватэру і папрасіла сяброў дапамагчы зь пераездам. Справа ўжо ішла да завяршэньня, як раптам Ранеўская замітусілася і загаласіла:

— Божа мой, дзе мае пахавальныя рэчы?! Куды вы іх паклалі? Я ж старая, яны могуць спатрэбіцца ў любы момант!

Усе пачалі шукаць гэтыя «пахавальныя рэчы», не зусім разумеючы, што трэба шукаць. І тут Ранеўская з трыюмфам у голасе абвяшчае:

— Дзякуй Богу, знайшла!

І ўрачыста прадэманстравала ўсім скрыначку са сваімі ордэнамі і мэдалямі.

Многія зьвярнулі ўвагу: калі летась хавалі Ўладзімера Макея, ля труны на чырвоных аксамітных падушачках было вельмі мала дзяржаўных узнагарод. Беларускіх ордэнаў толькі два. Гэта ордэн Айчыны ІІІ (самай нізкай) ступені і ордэн Пашаны (адзін з самых нізкіх у ордэнскай «табэлі аб рангах», у савецкі час ягоным аналягам, «Знакам Пашаны», адзначалі звычайна чыноўнікаў ніжэйшага зьвяна).

Ўзнагароды на пахваньні Ўладзімера Макея, 2022
Ўзнагароды на пахваньні Ўладзімера Макея, 2022

Рэшта — значкі ды юбілейныя мэдалі. І гэта выглядала досыць сумна, асабліва з улікам таго, што Макей на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі, часам — ценем за ягонай сьпінай.

Лукашэнка наагул даволі стрымана і скупа абдорвае сваё атачэньне дзяржаўнымі ўзнагародамі. Зрэшты, ёсьць і выключэньні. Агульнавядома, што нейкай надзвычайнай колькасьцю ордэнаў і мэдалёў узнагароджаны адзін з апошніх паплечнікаў Лукашэнкі з каманды 1994 года, які дагэтуль застаецца «у абойме», Віктар Шэйман.

Віктар Шэйман
Віктар Шэйман

Выгляд параднага генэральскага кіцеля Шэймана сапраўды ўражвае і выклікае ў адных зайздрасьць, а ў іншых — кпіны і насьмешкі. Прыблізна такую ж рэакцыю ў Расеі апошнім часам выклікае парадны мундзір генэрала Шайгу. У даваенны час, быўшы фаварытам Пуціна, Шайгу атрымаў фактычна ўсе самыя важныя ордэны і ганаровыя званьні, якія толькі можа атрымаць вайсковец у сучаснай Расеі.

Патрыяр Кірыл і Сяргей Шайгу
Патрыяр Кірыл і Сяргей Шайгу

На хаду вайны ва Ўкраіне гэта, праўда, мала паўплывала. Але ў якасьці тых «пахавальных рэчаў», пра якія дасьціпна згадвала геніяльная Ранеўская, калі-небудзь усё гэтае бліскучае багацьце будзе выглядаць надзвычай эфэктна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG