Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першыя месяцы рабіла зь імі ўсе ўрокі». Як дзеці беларускіх палітуцекачоў вучацца ў польскай школе, расказвае маці дзьвюх дачок


Польскія школьныя падручнікі
Польскія школьныя падручнікі

Тысячы беларускіх дзяцей здаюць цяпер дзяржаўныя іспыты ў школах Польшчы. Па-польску. Як ім даецца навука на не сваёй мове? Як пераадольваюць сацыяльныя і камунікацыйныя бар’еры з аднаклясьнікамі і настаўнікамі? Ці ня будзе гэтае пакаленьне дзяцей эмігрантаў страчаным для новай Беларусі?

Пра гэта і ня толькі расказвае Данута Цьма (прозьвішча зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі на просьбу суразмоўцы), мама дзьвюх беларускамоўных дзяўчынак, якія ўжо паўгода вучацца ў польскай школе ў Беластоку, а старэйшая цяпер здае дзяржаўныя іспыты.

Украінцы могуць вучыць дзяцей па-ўкраінску онлайн, беларусы — не

— Летась у лістападзе ваша сям’я апынулася ў Беластоку. Адразу паўстала пытаньне, куды дзецям пайсьці вучыцца. Як выбіралі? Ці было з чаго? Якія галоўныя прыярытэты былі пры выбары?

— Мы ніколі не зьбіраліся пераяжджаць у іншую краіну. Рашэньне прымалі вельмі хутка. У нас была польская віза. Мы ніколі дагэтуль не былі ў Беластоку, але выбралі яго, таму што ён блізка да Беларусі (была ілюзія, што зможам хутка вярнуцца), тут шмат беларусаў і СМІ стварае карцінку насычанага беларускамоўнага жыцьця на Беласточчыне.

Перад пераездам, безумоўна, вывучалі гэтае пытаньне. Многія знаёмыя ўжо пераехалі раней і дзяліліся досьведам. Я ведала, што школы зь беларускай мовай існуюць толькі для нацыянальнай меншасьці Польшчы і што там ня вучацца па-беларуску, а проста вывучаюць беларускую мову на факультатыўных занятках.

Паводле польскага заканадаўства ўсе дзеці, якія жывуць у Польшчы, незалежна ад статусу, павінны вучыцца ў афіцыйных польскіх школах. Цяпер я даведалася, што ў сувязі зь вялікай плыньню ўцекачоў з Украіны ўкраінскім дзецям дазваляюць вучыцца ва ўкраінскіх онлайн-школах, там жа вучацца і беларускія дзеці, якія прыехалі з Украіны як уцекачы; пра такую магчымасьць для беларусаў зь Беларусі я ня ведаю.

Выбар тут відавочны — любая школа, куды пагодзяцца ўзяць дзяцей пасярод навучальнага году і абсалютна бязь веданьня мовы.

Хацелася, вядома, каб там былі беларусы і дзеці маглі б знайсьці сабе кампанію. І каб блізка ад дому.

Для таго, каб дзіця ўзялі ў польскую школу, трэба наняць жытло і зарэгістравацца ў ім, зрабіць PESEL. І дастаткова мець выпіску з адзнакамі зь беларускай школы.

Калі знайшлі жытло, распыталі ў беларускіх групах у Telegram, што за школы побач і ці ёсьць там дзеці зь Беларусі.

Нас узялі толькі ў тую школу, да якой мы належым паводле рэгістрацыі, у іншай адмовілі з прычыны перагружанасьці. Але яна добрая, адна з самых лепшых у Беластоку, вельмі блізка ад нашага дому. Атмасфэра прыязная.

Эмацыйна цягне дадому

— Ці былі цяжкасьці і праблемы ў новай школе: мова, сацыяльная адаптацыя, камунікацыя з настаўнікамі і аднаклясьнікамі? Ці было адчуваньне чужароднасьці сярод раўналеткаў? Ці хацелася дзецям вярнуцца назад да свайго роднага?

— Пераезд, а тым больш раптоўны пераезд, — цяжкае выпрабаваньне для дзяцей, яны перажываюць гэта як бяду. Страчваецца звыклае асяродзьдзе, сябры, гурткі і сэкцыі, свая школа. Нават магчымасьць езьдзіць дадому на трамваі і слухаць музыку або пайсьці ў кінатэатар цераз сквэр. Да таго ж Беласток у лістападзе пасьля Менску робіць даволі панылае ўражаньне.

Дзеці тут пайшлі ў тыя самыя клясы, што і ў Беларусі, 4-ю і 8-ю. Восьмая кляса тут выпускная, і ў канцы году здаюцца экзамэны, але старэйшая дачка вельмі не хацела ісьці ў 7-ю клясу, бо спадзявалася вярнуцца дадому і не хацела другі год вучыцца ў 8-й клясе ў такім выпадку.

У ейнай клясе ёсьць некалькі чалавек зь Беларусі і Ўкраіны, але дачка больш пасябравала з польскай дзяўчынкай. Яны спачатку размаўлялі па-ангельску і цудоўна паразумеліся. У цэлым кляса вельмі прыязная, хоць адчуваньне сваёй чужароднасьці, зразумела, было, асабліва спачатку, калі зусім ня ведала мовы.

У 4 клясе вучацца некалькі чалавек з Украіны і Беларусі, а таксама прыходзіць украінка, якая дапамагае дзецям з заданьнямі на ўроках. Але дзеці меншыя, і бывалі канфлікты, часам дзеці дражнілі за беларускую мову. Але нічога крытычнага, гэта вырашылі. Цяпер, праз 6 месяцаў, малодшая сябруе з адной польскай дзяўчынкай з клясы і з адной украінскай, у іх кампанія такая. Напрыклад, сёньня выходны, і яна цэлы дзень гуляе на вуліцы ў шматнацыянальнай кампаніі, забегла толькі паабедаць на 10 хвілін.

Канфліктаў з настаўнікамі не было. Тут можна напісаць ліст любому настаўніку або кляснаму кіраўніку, калі ёсьць нейкія пытаньні, з вамі паразмаўляюць і сустрэнуцца. Я нядрэнна ведаю польскую мову, гэта моцна дапамагае. Першыя месяцы я рабіла зь дзецьмі ўсе ўрокі: чыталі падручнікі, перакладалі, выпісвалі словы. З малодшай займалася польскай мовай сама па падручніку, каб яна засвоіла базу. Для старэйшай нанялі рэпэтытарку, і яны вельмі хутка засвоілі базавы ўзровень і пачалі падрыхтоўку да экзамэнаў. Мова старэйшай даецца лёгка, ужо зімой пісала ў школе сачыненьні на 5–6 балаў (тут 6-бальная сыстэма адзнак), як і яе польская сяброўка.

Малодшая ўсё яшчэ хоча ў Беларусь у любым выпадку. Старэйшая толькі-толькі крыху прызвычаілася, выбірае ліцэй, куды цяпер паступаць, шмат працавала, каб прыстойна здаць экзамэны. То ўжо цяпер і хацела б давучыцца тут. Хаця эмацыйна — усё ж цягне дадому. Але большасьць яе сябровак выехалі за мяжу яшчэ раней, тут хоць пабачыцца змаглі.

Выявіліся істотныя прабелы ў адукацыі ў беларускай школе

— Паўгода пройдзена. Якія першыя высновы ад навучаньня ў новай школе на не сваёй мове? Іспытаў ці спужаліся? Як посьпехі? Што думаеце рабіць далей з вучобай?

— Высновы: усё ня так страшна, як падавалася. Тут гавару толькі пра 8 клясу.

Пры жаданьні можна вывучыць мову даволі хутка. І адукацыя на польскай мове дазволіла выявіць даволі істотныя прабелы ў адукацыі ў беларускай школе. Адзнакі былі добрыя, і мы дачку не кантралявалі. Тут жа высьветлілася, што матэматыку, напрыклад, трэба пачынаць вучыць з асноў. Як і шмат чаго яшчэ. Але гэта і файна, бо якраз селі і вывучылі разам.

Тут вельмі цікавыя падручнікі, дачка захапілася гісторыяй. Вельмі спадабалася, як выкладаецца польская мова. Гэта падручнік адначасова па мове, літаратуры і культуры. Праходзяць шмат тэкстаў з сусьветнай літаратуры, абмяркоўваюць іх, пішуць эсэ. У любым выпадку гэта цікавы досьвед.

Спужацца экзамэнаў можна, калі яны раптоўна на цябе выскокваюць. А так мы ж ведалі, што яны будуць, сьвядома пайшлі ў 8 клясу, а ня ў 7-ю. І за гэтыя паўгода было тры рэпэтыцыі экзамэнаў, каб дзеці ўяўлялі, што гэта такое. Ангельская мова ў дачкі добрая, яна займалася ў Менску на курсах зь першай клясы. Матэматыка — рыхтаваліся ўвесь гэты час, пачынаючы са сьнежня, калі больш-менш прызвычаілася да мовы. Па польскай мове наймалі рэпэтытарку, яна добра рыхтавала. І ў школе таксама няблага рыхтавалі да тэстаў. Як посьпехі — будзе вядома празь месяц. Але чакаем, што вынікі будуць неблагія.

Аднак зазначу, што для паступленьня на вучобу далей патрэбныя ня толькі экзамэны, але і атэстат з адзнакамі. У першым сэмэстры адзнакі былі невысокія з прычыны дрэннага веданьня мовы, у другім паўгодзьдзі ўжо значна лепшыя, але сярэдні бал усё роўна ніжэйшы, чым у палякаў.

Што рабіць далей? Вучыцца. Падаваць дакумэнты ў ліцэй. Дзецям у любым выпадку трэба вучыцца, што б ні адбывалася. Ехаць у Беларусь, каб яны там любілі БРСМ і каяліся на камэру, я дабравольна не гатовая.

Ніхто не прыяжджае сюды, каб застацца назаўсёды

— Ці ўтварылася за гэты час нейкая бацькоўская супольнасьць з эмігрантаў апошняй хвалі? Якія яе і вашы дзеяньні дзеля стварэньня на Падляшшы беларускамоўных перадшкольных і школьных установаў?

— Менавіта пра бацькоўскую супольнасьць мне цяжка казаць. Быў сход бацькоў і абмеркаваньне пэрспэктываў беларускамоўнай адукацыі. Але ў выніку ўтварылася суботняя групка малых, дзе яны вывучаюць беларускую мову як замежную. Мне гэта нецікава, плюс дзецям трэба вучыць польскую мову і засвойваць шмат новага.

Але кола знаёмых, безумоўна, склалася. Мы зусім ня маем знаёмых палякаў, але беларусаў — даволі шмат.

Паўтаруся, сям’я ў нас беларускамоўная, і я не баюся, што дзеці апалячацца раптоўна, раз ужо ў Беларусі не зрусыфікаваліся. Чытаем кнігі, купляем новыя, ходзім на сустрэчы беларусаў.

Пытаньне пра тое, што зрабілі эмігранты хвалі 2020–23 гадоў дзеля стварэньня на Падляшшы беларускамоўных перадшкольных і школьных установаў, вельмі дзіўнае. Ніхто не прыяжджае сюды, каб застацца назаўсёды. Мы хочам вярнуцца дадому.

І я згодная з думкай, што ня можа быць ніякай Беларусі па-за Беларусьсю.

Я асабіста вельмі ўдзячная польскай дзяржаве за тое, што дае беларусам прытулак. Сюды адносна лёгка трапіць і пераседзець тут цяжкія часы. Мала таго — дзяржава дае магчымасьць нашым дзецям вучыцца на тых жа правах, што вучацца польскія дзеці, дае атэстат сваёй школы і права паступаць далей. Гэта зусім ня мала.

Плянаваньне цяпер — на тыдзень наперад

— Даводзіцца прызнаваць, што многія ўцекачы зь Беларусі прывезьлі ў краіны рэлякацыі тую ж абыякавасьць да роднай мовы, гісторыі, культуры, якую выяўлялі і на радзіме. Прынамсі, вельмі рэдка можна пачуць на вуліцах Беластоку беларускую мову.

— Я ў Менску ўжо 20 гадоў размаўляю па-беларуску. І апошнія некалькі гадоў рэакцыя толькі станоўчая, а апошнім часам многія самі пераходзяць на беларускую ў адказ. Таму калі ў Беластоку мяне папрасілі «говорить нормально», я была шакаваная. Я магу сказаць тое самае, што і вы. Але тут у мяне сфармавалася кола знаёмых, пастаянна праходзяць нейкія сустрэчы ці мерапрыемствы, і беларускай мовай я карыстаюся дакладна ня менш, чым дома.

І я маю адваротныя прыклады — калі людзі тут якраз і адчулі цягу да свайго. Аддалі ў платную школу, дзе вучаць беларускую мову, набываюць кнігі. Расейскамоўныя дзяўчаткі пераканалі польскую рэпэтытарку, што Міцкевіч больш беларус, бо пісаў «tęsknię po tobie», і яна нават пагадзілася.

— Дык кім сябе адчуваеце цяпер вось тут? Ці ня думаеце, што дзеці новай хвалі эміграцыі зь Беларусі ўжо ня будуць мець настальгічнае цягі на радзіму? Ці ня будзе гэтае пакаленьне ўжо страчаным для будучай Беларусі?

— Я заўсёды адчуваю сябе беларускай, мы з мужам — дарослыя сфармаваныя людзі. У нармальных умовах я магла б пажыць дзе заўгодна пэўны час, праца гэта дазваляе.

Як сябе адчуваем? Я называю гэта — «міжнародныя бадзягі бязь месца жыхарства». У нас няма сваёй краіны ці нават свайго пасольства, няма ніякіх гарантый, што ня выганяць з чужой краіны. Няма абсалютна ніякага разуменьня доўгатэрміновых пэрспэктываў. Плянаваньне цяпер — на тыдзень наперад.

Што тычыцца дзяцей. Цяпер у Беларусі адбываецца вялізная трагедыя, пра якую вельмі мала гавораць і маштабы якой нам пакуль цяжка ўявіць. Бо з краіны выяжджаюць тысячы дзяцей, і я думаю, што многія зь іх ня вернуцца. Але з другога боку, гэтыя дзеці атрымліваюць досьвед адукацыі ў эўрапейскіх краінах, жыцьця ў дэмакратычным грамадзтве, уменьня браць адказнасьць на сябе і не спадзявацца на дзяржаву. Гэта тыя людзі, якія могуць у пэрспэктыве зрабіць важны ўнёсак у адбудову Беларусі. Давайце ня будзем навешваць на іх ярлыкі і лічыць страчанымі.

Будучыня заўжды непрадказальная. Наша задача як дарослых сёньня — проста падтрымаць гэтых дзяцей. Яны моцна траўмаваныя, разгубленыя, ім выпала жыць у вельмі складаны час. Але я бачу таксама, што гэтыя дзеці значна лепшыя за нас, яны больш талерантныя, больш гнуткія, больш добрыя, значна лепш разумеюць сябе і ведаюць, чаго хочуць. Задача дарослых — найперш не ўпадаць у адчай, даць дзецям хоць нейкую даступную стабільнасьць і арыенціры, паказаць, як жыць у такіх вось дзіўных абставінах, і самім захоўваць сваю супольнасьць. А дзеці разьбяруцца. Як пісаў Алесь Разанаў, «тады выстойваюць падлескі, калі выстойваюць лясы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG