Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзеці мігрантаў зь Беларусі ня могуць вывучаць беларускую мову ў польскай школе? Размова зь беластоцкай настаўніцай Алінай Ваўранюк


Аліна Ваўранюк
Аліна Ваўранюк

Аліна Ваўранюк працуе настаўніцай у школе № 4 у Беластоку. З Алінай размаўляем пра праблемы вывучэньня беларускай мовы ў горадзе дзецьмі этнічных беларусаў Падляшша, а таксама пра тое, чаму разам зь імі родную мову ня могуць вывучаць дзеці новых беларускіх мігрантаў і палітычных уцекачоў.

— Нядаўна я пачуў, што сёлета ўпершыню ў гісторыі навучаньня беларускай мове ў школе № 4 у Беластоку не набралі дзяцей у першую клясу. А як было ў папярэднія гады — колькі ў сярэднім дзяцей пачыналі вывучаць беларускую мову зь першай клясы?

— Перш чым адказаць, дазволь мне зрабіць заўвагу агульнага характару, каб адразу праясьніць сытуацыю людзям зь Беларусі. Навучаньне беларускай мове ў Польшчы абапіраецца на законы і распараджэньні, якія некалі падрыхтавала Міністэрства нацыянальнай адукацыі (цяпер яно называецца Міністэрствам адукацыі і навукі). Трэба выразна адзначыць, што гэтыя законы і дакумэнты датычаць навучаньня беларускай мове як мове нацыянальнай меншасьці, гэта значыць, яны датычаць дзяцей, чые бацькі маюць польскае грамадзянства і лічаць сябе беларусамі. Гэта вельмі істотнае абмежаваньне.

Закон яшчэ вызначае, што навучаньне беларускай мове ў польскай школе можна адкрыць, калі назьбіраецца як мінімум сямёра ахвотных дзяцей.

І яшчэ дадам дзеля яснасьці, бо ня ўсе ў Беларусі гэта ўсьведамляюць: беларуская мова вывучаецца ў школах у Польшчы як прадмет, а ўсе іншыя прадметы ідуць на польскай мове. Іначай кажучы, у Польшчы няма беларускамоўных школ.

Заняткі зь беларускай мовы ў школе № 4 у Беластоку
Заняткі зь беларускай мовы ў школе № 4 у Беластоку

Калі мы пачыналі ў навучальным годзе 1997/1998, дзяцей было толькі шасьцёра. Але навучаньне рушыла. Потым, цягам навучальнага году, група пабольшала, бо прыйшлі яшчэ некалькі вучняў. Што важна, у школе № 4 у Беластоку дзеці пачалі вывучаць беларускую мову зь першай клясы. Раней пачыналі вывучаць яе з другой клясы, здаецца, такая традыцыя пайшла яшчэ з 1970-х гадоў…

— Прабач, што перарву. Гэтак было яшчэ раней, чым у 1970-х. Я пайшоў у вясковую школу ў 1965-м, і ў нас тады беларуская мова пачыналася з другой клясы, а ня зь першай…

— Ага, дык гэта было яшчэ раней… Але важна тут тое, што гэта была такая традыцыя, а не патрабаваньне закону, каб пачынаць з другой клясы. Таму нам у школе № 4 удалося пачаць зь першай клясы, што было вельмі істотна, бо да нас маглі адразу прыйсьці дзеці з садка № 14, у якім раней стварылася «беларускамоўная» група. Я якраз была першай настаўніцай, якая пачала вучыць беларускай мове дзяцей у школе зь першай клясы. І я вырашыла, што ў першай клясе няма патрэбы і сэнсу пачынаць вучыць дзяцей кірылічнай азбуцы.

Летнік вучняў-беларусаў са школы № 4 у Беластоку
Летнік вучняў-беларусаў са школы № 4 у Беластоку

Замест вывучэньня кірыліцы мы ў першай клясе вучымся сьпяваць беларускія песьні, завучваем вершы, ладзім розныя беларускія гульні… Дарэчы, скажу тут агульную выснову са сваёй настаўніцкай практыкі: ці гэта ў першай клясе, ці ў восьмай, на ўроках беларускай мовы настаўнік павінен вялікую ўвагу ўдзяляць таму, чаму хочуць навучыцца самі дзеці. І другая істотная рэч: трэба вучыць дзяцей сучаснай беларускай мове, якой можна называць сучасныя рэчы і зьявы, а не сядзець увесь час, як той «пан сахі і касы», і займацца толькі «земляробствам»…

— А як было з колькасьцю дзяцей на занятках беларускай мовы ў далейшыя гады?

— Пачыналі, як я сказала, з шасьцярых дзяцей. У наступным годзе прыйшлі толькі тры дзяўчынкі. Потым быў год, калі дзяцей у першай клясе было ажно сямнаццаць. А потым дзяцей стала вельмі многа, і разам з дырэктарам мы вырашылі зрабіць такі падзел: у адной клясе будуць вучні, якія раней былі ў беларускіх аддзелах садка № 14, а ў іншай усе астатнія, гэта значыць тыя, якія раней ня мелі дачыненьняў зь беларускай мовай у адукацыйных установах. Потым дзяцей паменшала, і гэтыя дзьве клясы злучылі ў адну. А сёлета ў першай клясе няма ніводнага дзіцяці.

Значыць, цяпер мы маем пяць групаў розных узроўняў, якія вывучаюць беларускую мову ў школе: асобныя групы для 2-й, 3-й і 4-й клясаў ды дзьве групы, у якіх злучаныя вучні з 5-6-й клясаў ды 7-8-й.

— Колькі гадзін беларускай мовы ў тыдзень прадбачана для такой групы?

— Я працую ў пачатковай школе (у польскай адукацыйнай сыстэме szkoła podstawowa ўключае клясы 1–8. — РС), таму буду гаварыць пра яе. У нас тры гадзіны ў кожнай клясе ў тыдзень. У пятай і шостай клясе можна яшчэ ўвесьці прадмет пад назвай «гісторыя і культура нацыянальнай меншасьці», то бок у нашым выпадку — беларускай меншасьці. Гэта 25 такіх заняткаў у год. Няма строгай праграмнай рэглямэнтацыі таго, чаму мы, настаўнікі, павінны навучаць дзяцей на гэтых уроках. Шчыра кажучы, праграма навучаньня залежыць амаль выключна ад нас.

Сустрэча вучняў школы № 4 у Беластоку з мастакамі Маргарытай Дзьмітрук і Лявонам Тарасэвічам
Сустрэча вучняў школы № 4 у Беластоку з мастакамі Маргарытай Дзьмітрук і Лявонам Тарасэвічам

Праўда, у польскай адукацыйнай сыстэме існуе дакумэнт пад назвай Podstawa programowa, які дае агульныя ўказаньні адносна праграмаў навучаньня розных прадметаў у паасобных клясах, але ён даволі агульны і не ўдакладняе, чаму канкрэтна вучыць, напрыклад, на занятках беларускай мовы. Я даволі часта, як толькі надараецца нагода, ваджу вучняў на выставы сучасных беларускіх мастакоў у галерэі Arsenał у Беластоку і там праводжу свае ўрокі. Ходзім таксама на такія ўрокі ў гістарычны або акруговы музэй у Беластоку, або ў цэнтар імя Людвіка Замэнгофа.

Я з самага пачатку ведала, што тры гадзіны беларускай мовы ў тыдзень — гэта малавата. Таму адразу пачала весьці заняткі тэатральнага гуртка. Бо я лічу, што самы эфэктыўны мэтад працы настаўніка з малодшымі дзецьмі — гэта якраз гульні і вучнёўскія тэатральныя пастаноўкі.

Прафэсар Алег Латышонак з вучнямі, якія вывучаюць беларускую мову ў школе № 4 у Беластоку
Прафэсар Алег Латышонак з вучнямі, якія вывучаюць беларускую мову ў школе № 4 у Беластоку

— Як беларуская мова ўстаўленая ў дзённы школьны расклад? Паколькі на беларускія заняткі ходзіць невялікі працэнт дзяцей ад агульнай колькасьці ў школе, то, відаць, тут ёсьць своеасаблівыя цяжкасьці?

— Так, дзеці, якія ходзяць на заняткі беларускай мовы, або пачынаюць гэтым урокам свой школьны дзень, або канчаюць яго. Расклад складае і зацьвярджае дырэктар школы, і ён стараецца, каб школьныя заняткі дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, не канчаліся занадта позна. Зразумела чаму: у нас адзіная такая школа на ўвесь Беласток, і дзеці, якіх запісалі ў гэтую школу, каб яны маглі вывучаць беларускую мову, жывуць у розных частках гораду і нярэдка маюць доўгую дарогу дадому. Бацькі просяць, каб расклад быў такі, каб дзеці не вярталіся дадому ўпоцемках, асабліва зімою.

Тэатральная пастаноўка ў выкананьні вучняў школы № 4 у Беластоку
Тэатральная пастаноўка ў выкананьні вучняў школы № 4 у Беластоку

— Скажы крыху пра летнікі для дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову ў вашай школе…

— У пэўны момант мы прыдумалі летнікі, бо я адчувала, што ня ўсё, што хочацца, магу зрабіць зь дзецьмі на школьных уроках. Мы назвалі гэтыя летнія выезды зь дзецьмі Этнаграфічнымі летнікамі «Я нарадзіўся тут». Са старэйшымі вучнямі едзем, найчасьцей у першы тыдзень летніх вакацый, у розныя мясьціны Падляшша, каб яны маглі ўбачыць і пачуць, што беларуская мова ўсё яшчэ жыве на вёсцы. А з малымі дзецьмі езьдзім на летнік у чэрвені, амаль на тыдзень — апошнімі гадамі езьдзім практычна ў адно месца, у агратурыстычную сядзібу ў Ляўкове.

Экскурсія вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў школе № 4 у Беластоку, у Слонім і Жыровічы
Экскурсія вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў школе № 4 у Беластоку, у Слонім і Жыровічы

— Як у вас выглядае сытуацыя з падручнікамі для заняткаў беларускай мовай?

— Выдаваньне такіх падручнікаў фінансава падтрымлівае Міністэрства адукацыі і навукі. Але гэта складаны і доўгі шлях. Спачатку трэба такі падручнік напісаць ды знайсьці выдавецтва, якое зробіць тэхнічны макет тэксту і ілюстрацый ды дашле праект падручніка ў міністэрства. Там да яго прыглядаюцца два рэцэнзэнты і пішуць свае заўвагі. Калі яны выданьне ўхваляць, выдавецтва пачынае перамовы зь міністэрствам наконт дафінансаваньня.

Адукацыйныя выданьні для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў польскіх школах
Адукацыйныя выданьні для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў польскіх школах

Напачатку мы ўвогуле ня мелі сваіх падручнікаў беларускай мовы. Я напісала «Лемантар», але доўгі час не магла знайсьці выдавецтва, якое запусьціла б гэты падручнік у вытворчасьць. Таму мы прыдумалі, што такім выдаўцом можа быць грамадзкая арганізацыя «АБ-БА» — Аб’яднаньне ў карысьць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, зарэгістраванае ў 2006 годзе. Такім чынам мы выдалі «Лемантар» і сшытак практыкаваньняў для другой клясы. Я дайшла да высновы, што першая кляса не патрабуе падручніка, што там хопіць «Сцэнару заняткаў па беларускай мове». Трэцяя кляса мае падручнік «Кругагод», чацьвёртая — падручнік «Колазварот». У пятую клясу празь некалькі месяцаў трапіць падручнік пад назвай «Блізкія словы»…

Адукацыйныя выданьні для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў польскіх школах
Адукацыйныя выданьні для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў польскіх школах

— І аўтарка ўсіх падручнікаў — ты?

— Так. Варта яшчэ дадаць, што калі выходзілі гэтыя падручнікі, то зьяўляліся і адмысловыя дыскі зь песьнямі. Тэксты гэтых песьняў знаходзяцца ў падручніках. З усімі нашымі выданьнямі можна пазнаёміцца на сайце грамадзкага аб’яднаньня «АБ-БА».

— Ты на самым пачатку сказала, што навучаньне беларускай мове ў Польшчы вядзецца для дзяцей нацыянальнай меншасьці, для дзяцей беларусаў-аўтахтонаў на Падляшшы. Ці значыць гэта, што дзеці мігрантаў і ўцекачоў зь Беларусі, якія апынуліся ў Беластоку, ня могуць хадзіць на твае заняткі?

— Ня могуць. Яшчэ два гады таму хадзілі ўсе — і нашы дзеці, і дзеці беларускіх эмігрантаў. Міністэрства да гэтага не чаплялася. А потым — як думаю, зь меркаваньняў ашчаднасьці — школьныя ўлады пачалі правяраць, каго мы вучым, і сказалі, што дзеці бацькоў, якія ня маюць польскага грамадзянства, ня могуць хадзіць на ўрокі мовы нацыянальнай меншасьці. Бо, маўляў, закон гаворыць, што такія ўрокі магчымыя толькі для нацыянальнай меншасьці, то бок для польскіх грамадзянаў. А беларусы, якія пераехалі ў Польшчу зь Беларусі, — гэта не нацыянальная меншасьць, а дыяспара.

Пару гадамі раней, калі беларуская дыяспара ў Варшаве спрабавала арганізаваць такое навучаньне, улады падкрэсьлівалі, што прынамсі адно з бацькоў павінна мець польскае грамадзянства.

Вучні школы № 4 у Беластоку на 25-м фэстывалі Басовішча
Вучні школы № 4 у Беластоку на 25-м фэстывалі Басовішча

— Ці значыць гэта, што беларусы, якія нядаўна пераехалі зь Беларусі ў Польшчу і ня маюць польскага грамадзянства, ня могуць наагул запісаць сваіх дзяцей на ўрокі беларускай мовы, нават калі іх дзеці ходзяць у польскую школу?

— Паводле закону аб навучаньні мове меншасьці ў Польшчы яны гэтага ня могуць зрабіць. Але ж існуюць іншыя законы і ўрадавыя распараджэньні, паводле якіх можна паспрабаваць адкрыць такое навучаньне, пашукаўшы іншага спонсара і распарадніка, чым Міністэрства адукацыі і навукі. Ну бо сам падумай: гэтыя эмігранты, у якіх пакуль няма польскага грамадзянства, жывуць легальна ў Польшчы, тут працуюць, тут плацяць падаткі. Калі так, то яны таксама маюць права на карыстаньне такой адукацыяй, як усе астатнія. Такіх людзей без грамадзянства многа, а калі да таго ж многа дзяцей, якія хочуць вывучаць беларускую мову, то бацькам трэба сабраць подпісы і зьвярнуцца з адпаведнай пэтыцыяй да ўладаў гораду, каб знайсьці магчымасьць адкрыць такое навучаньне. Ініцыятыва павінна выйсьці ад саміх бацькоў-беларусаў, якія не павінны сядзець склаўшы рукі і наракаць або чакаць зьлітаваньня польскіх цэнтральных уладаў.

У свой час якраз такія або вельмі падобныя праблемы ў арганізаваньні навучаньня беларускай мовы мелі мы, польскія грамадзяне. Ініцыятыва тады выйшла ад нас.

Вучні школы № 4 у Беластоку у пастаноўцы "Ой, даўно-даўно"
Вучні школы № 4 у Беластоку у пастаноўцы "Ой, даўно-даўно"

— Давай закончым нашу размову агульнай рэфлексіяй: чаму, па-твойму, дзецям на Падляшшы варта вывучаць беларускую мову? Уяві сабе, што маеш перад сабой бацькоў, якія вагаюцца, запісаць дзіця на беларускую мову ці не. Як бы ты іх пераконвала?

— Пачну патасна, выбачай: настаўнік беларускай мовы як мовы меншасьці — гэта чалавек, які працуе перш за ўсё сэрцам, а не галавою. Сэрца ў гэтай працы вельмі важнае. Мае вучні амаль ніколі ня чуюць, як я гавару на польскай мове. Некаторыя нават мяне пытаюць: Pani Alino, czy pani umie mówić po polsku? Я гавару да іх па-беларуску і на ўроках, і на перапынках, і на гуртку, і на летніках. Яны таксама чуюць, як я гавару ня толькі на літаратурнай мове, але і на дыялекце.

Вучні школы № 4 у Беластоку на 25-м фэстывалі Басовішча
Вучні школы № 4 у Беластоку на 25-м фэстывалі Басовішча

Што я сказала б бацькам? Я б сказала, што я вельмі шчасьлівая, што наша дачка Нінка хадзіла ўсе тры гады ў беларускую групу ў дзіцячым садку. Сын Аляксандар быў у такой групе толькі год, бо старэйшы. Я шчасьлівая, што мае дзеці хадзілі на ўрокі беларускай мовы цягам усёй сваёй адукацыі ў пачатковай школе, гімназіі і ліцэі.

Аліна Ваўранюк
Аліна Ваўранюк

Я б сказала, што кожная мова чалавека ўзбагачае. Беларускую мову можна вывучаць у Беластоку бескаштоўна, падручнікі дзеці атрымліваюць задарма, бацькі нічога ня плацяць за ўсялякія дадатковыя заняткі, зьвязаныя зь беларускай мовай. Нам у Беластоку, як настаўнікам і як бацькам, усё яшчэ хочацца такія заняткі арганізаваць. Такія заняткі, калі меркаваць па паводзінах дзяцей, узбагачаюць іх духоўна.

Займаючыся зь дзецьмі на ўроках беларускай мовы столькі гадоў, я магу сказаць, што яны ў жыцьці потым становяцца больш талерантнымі, больш адкрытымі на сьвет, больш творчымі і ахвотнымі да працы, больш актыўнымі. Калі я бывала штогод на «Басовішчах» і бачыла, як недзе 98 ці нават 99 адсоткаў арганізатараў фэстывалю складалі тыя, каго я раней вучыла ў школе беларускай мове, то адчувала, што мая праца ўсё ж не была дарэмнай. Я заўсёды ганаруся сваімі вучнямі. Лічу, што гэта наша нацыянальная эліта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG