Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьніца і выкладчыца вучыць беларускіх дзяцей ангельскай мове праз YouTube i TikTok. Яна падзялілася асноўнымі сакрэтамі


Наталка Харытанюк
Наталка Харытанюк

Паразмаўлялі з Наталкай Харытанюк пра натхненьне і рэсурсы для самастойнага вывучэньня ангельскай дома.

Наталка Харытанюк — беларуская пісьменьніца, ляўрэатка прэміі «Дэбют» за твор «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката». Таксама Наталка выкладае ангельскую мову і вядзе адмысловы Youtube-канал і TikTok «English з Наталкай», дзе вучыць ангельскай па-беларуску. Цяпер жыве ў Батумі.

«Бацькі паказваюць відэа, як дзеці глядзяць заняткі»

Наталка кажа, што стварыць ютуб-канал ёй прапанавалі беларусы, якія жывуць у Грузіі.

«Яны маюць вялікую, амбітную мэту — арганізаваць усю школьную праграму на беларускай мове на ютубе, каб у любы момант, дзе б дзеці ні знаходзіліся, яны маглі праходзіць яе. І вось яны такое распачалі ўжо з гісторыяй, і мне прапанавалі з ангельскай мовай. Хочуць такое зрабіць і зь іншымі прадметамі».

Выкладчыца кажа, што раней ніколі не працавала зь дзецьмі, таму ёй давялося разьбірацца ў школьнай беларускай праграме.

«У нас ёсьць і падручнікі па-беларуску, і парады настаўнікам, і праграма нашая, як аказалася, вельмі цікавая, добрая, яна для мяне вельмі была зразумелая, прыгожая, рацыянальная. Я ўсё падрыхтавала, а далей ужо рабіла ўсё ня я, гэта супольная праца: хтосьці малюе, хтосьці рэдагуе. Усе энтузіясты, якія сумленна вельмі ставяцца да сваёй працы, я ў захапленьні. Я сама ня маю TikTok’а, напрыклад, і ніколі б у мяне рукі не дайшлі да такіх прыгожых рэчаў, калі б ня гэтая цудоўная каманда».

Самае натхняльнае — каманда беларускамоўных бацькоў, якая і робіць праект, кажа Наталка.

«Такія сьветлыя людзі, на такіх высокіх інтанацыях яны неяк жывуць, так вераць у Беларусь, што ўсё атрымаецца і ўсім дзецям гэта спатрэбіцца. Проста зарад аптымізму. Таксама рэакцыі людзей на відэа вельмі прыемныя. Столькі людзей, сяброў, знаёмых пазьвязваліся».

Хэйту да праекту не было, дадае пісьменьніца.

«Адзін чалавек напісаў: „Нудна“, — усьміхаецца Наталка. — Мне прыемна, калі бацькі паказваюць відэа, як дзеці глядзяць заняткі і адразу падключаюцца, малююць пальчыкамі ў паветры, крычаць, тупаюць».

«Такія заняткі — гэта толькі выкладаньне новага матэрыялу»

Таксама выкладчыцы напісала аўтарка падручніка ангельскай, які цяпер афіцыйна выкарыстоўваецца ў беларускіх школах.

«Гэтая думка ў паветры вісела, што мы ня можам вучыць мове цалкам. Бо такія заняткі — гэта толькі выкладаньне новага матэрыялу, гэта дапамагае зразумець нешта, зарыентавацца, але далей абавязкова трэба прапрактыкаваць словы. Трэба разоў сем практыкаваньні ператасаваць, перапрацаваць, запоўніць прагалы, злучыць частачкі, уставіць нешта, і пасьля гэтага абавязкова дзеці павінны гаварыць, ужываючы гэтыя словы».

Выкладчыца кажа, што ў ідэале ангельскую мову варта вучыць праз ангельскую, але беларуская можа дапамагчы.

«Чалавек павінен быць пагружаны ў мову, мовы павінна быць вельмі шмат, каб ён мог быць з носьбітам мовы ўвесь час. А ў нас, калі тры гадзінкі на тыдзень, дзеткі ўсё адно яе вывучаюць ужо сынтэтычна-аналітычна. Я вельмі спадзяюся, што ў наступных пакаленьняў будзе па-іншаму. Калі дзеткі ўжо дарасьлі да 10 гадоў і толькі пачынаюць раскалыхваць гэтую мову, ім патрэбна шмат чаго патлумачыць па-беларуску. У ідэале ўсё гэта павінна звужацца, пакрысе пераходзіць цалкам на ангельскую мову зь нейкімі тлумачэньнямі. Але, каб не спалохаць дзяцей, якія вырваліся з праграмы і за апошнія два гады вельмі мала вучыліся, мне здаецца, вельмі ўтульна „ўвайсьці“ праз родную мову».

Каб практыкаваць мову самастойна, Наталка раіць сайты арганізацыі British Council, якія ёсьць для дзетак, падлеткаў і дарослых.

«Там безьліч матэрыялаў: аўдыё, відэа, гульні, заданьні, уся граматыка патлумачаная вельмі прыкольнымі мульцяшкамі. Ёсьць шмат іншых электронных рэсурсаў, дзе можна пагуляцца, — напрыклад, мой любімы Word World, дзе можна закідаць свае новыя словы і праз розныя гульні іх трэніраваць».

«У беларусаў ёсьць такая агульная рыса — рабіць усё правільна»

Калі самі бацькі не валодаюць ангельскай добра, а ім хочацца дапамагаць дзецям, то найлепшае, што яны могуць зрабіць, — разьвіваць памяць, дадае выкладчыца.

«Разам зь дзеткамі рабіць карткі, на картках фіксаваць новыя словы. Шмат ёсьць варыянтаў гульняў. Напрыклад, дзетка глядзіць на 5 новых словаў, а пасьля бацькі кажуць: „Заплюшчвай вочы“. Забіраюць дзьве карткі, і дзіця мусіць зразумець, якія забралі, напрыклад. Гэта вельмі клясна для ўсяго на сьвеце ў жыцьці, гэта разьвівае добра памяць. У інтэрнэце вельмі шмат такіх гульняў, што можна рабіць, каб дапамагчы проста словы вывучыць дзіцяці, а ўжо на занятку дзіця будзе размаўляць і гэта ўсё практыкаваць».

У праекце Наталкі нават ёсьць свой герой Макс. І створаны ён з сапраўднага вучня.

«Насамрэч гэта мой сапраўдны вучань. Ён айцішнік, і ён настолькі добра ўвасабляе беларускія рысы! Пры гэтым ён абсалютна не публічная асоба, ён мне сымпатычны сваёй далікатнасьцю беларускай, акуратнай цікаўнасьцю, ён увесь час хоча зразумець тэхналёгіі, як усё правільна робіцца: ня кінуцца ў справу, а спачатку ўсё добра вывучыць. Мне падаецца, што і ў беларусаў ёсьць такая агульная рыса — рабіць усё правільна, з розумам падыйсьці да любой справы. І вось выглядае ён так вельмі па-беларуску: такі сонечны, сьветлы хлопец. Праўда, ён не такі малады, як Макс, але нам трэба было наблізіць героя да 10-гадовых дзяцей. І вось ён там сапраўды вандруе па сьвеце».

Наталка Харытанюк працягвае весьці заняткі ангельскай мовы для дарослых.

«Я пастаянна абнаўляю курсы на сваім фэйсбуку, зьбіраюся зрабіць сайт. Вось бліжэйшым часам у траўні ў мяне будуць курсы па кансалідацыі граматыкі, у чэрвені пачынаю курс па інтэлектуальнай ангельскай, дзе мы будзем глядзець вельмі разумных публічных сьпікераў і абмяркоўваць тое, што яны гавораць. А з канца лета пачынаю вялікі курс upper-intermediate. Буду вельмі рада ўсім ахвочым».

Таксама пісьменьніца працягвае займацца і сваёй творчасьцю.

«У мяне была кніга для дзяцей „Казкі старога Адамкова“ пра свой раёнчык зь Берасьця. І ўсё хацелася мне другую частку зрабіць, але цяпер усе героі выехалі сем’ямі, і ў мяне частка атрымліваецца пра такое эмігранцкае дзяцінства нашае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG