Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўны навігатар у сеціве: беларуская мова ў Facebook


Суполкі ФБ, прысьвечаныя беларускай мове
Суполкі ФБ, прысьвечаныя беларускай мове

Агляд суполак, у якіх можна і падвучыцца, і падыскутаваць пра беларускую мову. Дапаўняйма сьпіс, стварайма свае спэцыялізаваныя групы.

Толькі пра мову. Суполка і для пачаткоўцаў, і для практыкаў. Штодня — пытаньні і адказы экспэртаў. Папулярная тэма — „а як скажуць у вас?“ („ровар“ ці „веласіпед“). Гарачыя дыскусіі пра культуру мовы. Беларускія тэрміны для прафэсіяналаў у розных галінах: як па-беларуску аўтамабільны тэрмін — анг. tread, польск bieżnik, рас. протектор?

Навучаньне: у карцінках — курсы артаэпіі („Як правільна вымаўляць“), граматыкі („Не памыляймася па-беларуску“), міжмоўныя паронімы (беларускае „пад гару“ і расейскае „под гору“ азначаюць процілеглае!). Новыя веды даюць апытанкі і моўныя тэсты. Тут жа абвесткі пра набор у беларускія школы.

Міжмоўныя паронімы. Па-беларуску наадварот: пад гару
Міжмоўныя паронімы. Па-беларуску наадварот: пад гару

Роднае слова. Абмяркоўваюцца тэрміналёгія (Як назваць JoyPov джойстыка па-беларуску?) і традыцыйная лексыка (шерсть скатывается — воўна лямчыцца), граматыка (няма марозу, але няма Яна Мароза), правапіс (аўдыёкніга ці аўдыякніга?) і націск (мікрахвалёўка ці мікрахвáлеўка?). Інфармацыя пра навуковыя выданьні.

Лёгкая мова. Брэнд навучальнай старонкі -- фотаплякаты з словамі, якія варта вяртаць у практыку: поўня і слодыч, болка (аблачынка) і блінок (рас. „мочка уха“).

Прыказкі ды прымаўкі. Удзельнікі дзеляцца трапнымі беларускімі выразамі, а часам публікуюць цэлыя жыцьцёвыя абразкі, як пра мудрае назіраньне „Дзіця ня ўпаўшы ня вырасьце“.

Philology.by​.​ Суполку вядуць навукоўцы. Тут інфармацыя пра навуковыя выданьні, спасылкі на адсканаваныя слоўнікі і дапаможнікі, у тым ліку фантастычна цікавыя дыялекталягічныя атлясы.

Для выкладчыкаў, бацькоў

Моваведа ў замежжы. Суполка для выкладчыкаў беларускае мовы іншаземцам, але карысная і тым, хто яе выкладае беларусам. Сымпатычныя стыкеры-падказкі да small talk па-беларуску:

Мэтадычны матэрыял з рэсурсу „Моваведа ў замежжы“
Мэтадычны матэрыял з рэсурсу „Моваведа ў замежжы“

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Як не ператварыць у замшэлую абавязалаўку Тыдзень роднай мовы, дый кожны ўрок беларускае мовы ў школе? Інтэлектуальныя гульні, мабільныя праграмы, мэмы — для сучасных і свабодных настаўнікаў.

Ліхтарык. Вывучаем родную мову разам. „Вясёлыя заняткі для дзетак і дарослых“. Ілюстраваныя слоўнічкі (напрыклад, ветлівых словаў), размалёўкі, загадкі. Карысна пэдагогам і бацькам, якія вучаць / выхоўваюць па-беларуску малых.

Мова дзяцей. Агрэгатар навучальных матэрыялаў пра беларускую мову, а таксама і пра гісторыю, і прыродазнаўства, дый проста добрых мульцікаў і гульняў.

Моўныя правы

Наша мова. Як адстойваць права беларусаў на беларускую мову ў візуальным асяродзьдзі, у адукацыі, у сфэры паслуг. Дзеляцца Ігар Случак і Аліна Нагорная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG