У заводаў мільённыя даўгі, а іх маёмасьць распрадаецца
Ад 10 траўня Эканамічны суд Віцебскай вобласьці пачаў працэдуру банкруцтва Лёзьненскага льнозаводу. На прадпрыемстве працуюць 55 чалавек, асноўная дзейнасьць — вытворчасьць ільнотрасты (апрацаваная сыравіна зь лёну). Цяпер у заводу даўгоў на 4,3 мільёна рублёў.
Лёзьненскаму льнозаводу больш за 90 гадоў, праблемы на прадпрыемстве пачаліся яшчэ ў 2018 годзе, ужо тады эканамічны стан прадпрыемства называлі «няўстойлівым».
У 2020 годзе гэты завод быў першым па прыборцы лёну на Віцебшчыне, аднак пазьней прадпрыемства наогул перастала саджаць свой лён.
Увосень 2021 году на заводзе здарыўся пажар, згарэла 713 тонаў ільнотрасты. Глядзім, якія яшчэ дзяржаўныя заводы збанкрутавалі апошнім часам.
Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод: за тры гады сышлі ў страты
У 2008 годзе беларускі ўрад вырашыў запусьціць амбітны праект будаўніцтва вагонаў у Асіповічах. Завод пастанавілі адкрыць на базе Асіповіцкага вагоннага дэпо, а кантракт на будаўніцтва заключылі з расейскай кампаніяй «Гранд Экспрэс». Завод коштам 160 мільёнаў даляраў па плянах ураду павінен быў выпускаць 2,5 тысячы грузавых вагонаў за год. Пад гарантыі беларускага ўраду ўзялі крэдыт у Эўразійскага банку разьвіцьця на 63,5 мільёна даляраў.
Будаўніцтва заводу завяршылі ў 2013 годзе, а ўжо ў 2016-м, праз тры гады, Эканамічны суд распачаў вядзеньне ў адносінах да заводу, каб прызнаць яго эканамічна няздатным.
29 сакавіка 2023 году Эканамічны суд канчаткова прызнаў завод банкрутам. Даўгі заводу цяпер мусіць выплачваць беларускі Мінфін.
Быхаўскі кансэрвавы завод: даўгоў больш як на дзясятак мільёнаў
У сьнежні мінулага году банкрутам прызналі Быхаўскі кансэрвава-агароднінасушыльны завод. Слуханьні ў справе банкруцтва прадпрыемства працягваюцца і сёлета. Раней завод выпускаў каля 200 найменьняў розных кансэрваў, у тым ліку пад брэндамі «Хозяин-Барин», «Закатки с грядки» і інш. У 2010 годзе на заводзе пачалася рэканструкцыя і мадэрнізацыя, усталявалі італьянскія лініі вытворчасьці «FENCO» і «PANINI».
Шэсьць гадоў запар завод прызнавалі ляўрэатам прэміі «Народная марка», у 2017 годзе завод атрымаў дыплём першай ступені ў намінацыі «Лепшыя арганізацыі прамысловасьці».
Даўгоў у заводу на 11,4 мільёна рублёў. Згодна з інфармацыяй рэсурсу, завод мае маёмасьць на 1,3 мільярда рублёў.
Яшчэ больш дзяржаўных заводаў збанкрутавала ў мінулыя гады.
- Пінскі суднабудаўнічы-суднарамонтны завод — адзін з найстарэйшых заводаў Беларусі, заснаваны ў 1885 годзе. Прадпрыемства перажыло дзьве вайны, дзейнічала і за царскім, і за польскім часам. Некалі тут працавала да паўтысячы чалавек. Завод абвешчаны банкрутам у 2018 годзе, з таго часу ён у стадыі санацыі і пошуку інвэстара, пра што напісана на сайце заводу. Апошні цеплаход спусьцілі на ваду ў 2012 годзе.
- Мазырскі аўтарамонтны завод — вытворца аўтазапчастак, сельскагаспадарчай тэхнікі і мэталаканструкцый, прызнаны неплатаздольным яшчэ ў 2015 годзе і тады ж адпраўлены на «санацыю». З таго часу прадпрыемства спрабуюць уратаваць. 17 траўня мінулага году завод правёў чарговыя таргі па продажы сваёй маёмасьці.
- Магілёўскі завод «Строммашына» — буйное машынабудаўнічае прадпрыемства, яго нават называлі адным зь вядучых у Беларусі. Завод вырабляе шпалы, вежавыя краны, а таксама тавары народнага спажываньня. Завод супрацоўнічаў зь «Беларуськаліем», пастаўляў прадукцыю для Маскоўскага мэтрапалітэну. Сваю працу пачаў яшчэ ў 1913 годзе. Завод прызнаны неплатаздольным у 2015 годзе, з 2016-га ідуць суды аб банкруцтве. Таксама адбываюцца таргі, на якіх прадаецца яго маёмасьць.
- Менскі завод ацяпляльнага абсталяваньня быў адным зь вядучых вытворцаў у сваёй галіне ў СНД. Прызнаны неплатаздольным яшчэ ў 2018 годзе, а летась яго канчаткова прызналі банкрутам.
«Гэта праблема адсутнасьці гаспадара»
На думку старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, дзяржаўныя прадпрыемствы ня маюць рэальнага ўласьніка, які б быў зацікаўлены ў іх эфэктыўнай працы.
«Пытаньне можа быць да экспэртызы прадпрыемстваў, наколькі наогул былі патрэбныя інвэстыцыі ў іх, як там расходуюцца сродкі, пытаньне да якасьці кіраваньня. Як дырэктары пад кіраўніцтвам дзяржавы эфэктыўна кіруюць гэтымі прадпрыемствамі. Адсутнасьць канкрэтнага ўласьніка і кантроль ад дзяржавы — асноўныя праблемы, якія перашкаджаюць працы кампаній», — кажа Анастасія Лузгіна.
Экспэртка зважае і на тое, што эканамічныя праблемы і санкцыі абвастрылі праблемы на дзяржаўных прадпрыемствах, нават калі тыя наўпрост ня трапілі пад санкцыі.
«Санкцыі ўплываюць на абмежаванасьць дзяржаўных рэсурсаў. Калі раней знайсьці рэсурсы на дадатковае фінансаваньне гэтых прадпрыемстваў можна было, то цяпер гэта складаней, рэсурсы моцна абмежаваныя. Таму цяпер часьцей чуваць пра праблемы заводаў ці іх банкруцтва», — кажа Анастасія Лузгіна.