Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завод перажыў дзьве вайны, але збанкрутаваў пры Лукашэнку. Што адбываецца зь беларускімі прадпрыемствамі


У трох беларускіх прамысловых гігантаў мільярдныя даўгі. Многія прадпрыемствы проста перасталі публікаваць фінансавыя справаздачы, а сайт, дзе іх зьбіралі, цяпер не працуе.

Гэтыя заводы — банкруты

У сёлетнім сьпісе прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў стадыі банкруцтва, — больш за 2 тысячы арганізацый. Сярод іх каля 30 заводаў. Расказваем пра некаторыя зь іх.

  • Берасьцейскі завод бытавой хіміі быў запушчаны ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя. У 2016 годзе супраць галоўнага інвэстара, мясцовага бізнэсоўца, распачалі дзьве крымінальныя справы. Завод спрабавалі ратаваць шляхам санацыі. У 2019 годзе завод заявіў пра банкруцтва.
  • Пінскі суднабудаўнічы-суднарамонтны завод — адзін з найстарэйшых заводаў Беларусі, заснаваны ў 1885 годзе. Прадпрыемства перажыло дзьве вайны, дзейнічала і за царскім, і за польскім часам. Некалі тут працавала да паўтысячы чалавек. Завод абвешчаны банкрутам у 2018 годзе, з таго часу ён у стадыі санацыі і пошуку інвэстара, пра што напісана на сайце заводу. Апошні цеплаход спусьцілі на ваду ў 2012 годзе.
  • Мазырскі аўтарамонтны завод — вытворца аўтазапчастак, сельскагаспадарчай тэхнікі і мэталаканструкцый, прызнаны неплатаздольным яшчэ ў 2015 годзе і тады ж адпраўлены на «санацыю». З таго часу прадпрыемства спрабуюць уратаваць. 17 траўня завод правёў чарговыя таргі па продажы сваёй маёмасьці.
  • Барысаўскі хрустальны завод імя Дзяржынскага — гэты завод быў заснаваны больш за 100 гадоў таму, спэцыялізаваўся на выпуску крышталю і посуду. У 2000-х гадах завод прайшоў мадэрнізацыю, праект каштаваў больш за 30 мільёнаў даляраў. Неплатаздольным завод прызналі яшчэ ў 2013 годзе, а з 2019 году ён у стадыі ліквідацыі, маёмасьць заводу распрадаецца.
  • Магілёўскі завод «Строммашына» — буйное машынабудаўнічае прадпрыемства, яго нават называлі адным зь вядучых у Беларусі. Завод вырабляе шпалы, вежавыя краны, а таксама тавары народнага спажываньня. Завод супрацоўнічаў зь «Беларуськаліем», пастаўляў прадукцыю для Маскоўскага мэтрапалітэну. Сваю працу пачаў яшчэ ў 1913 годзе. Завод прызнаны неплатаздольным у 2015 годзе, з 2016 году ідуць суды аб банкруцтве. Таксама адбываюцца таргі, на якіх прадаецца яго маёмасьць.
  • Менскі завод ацяпляльнага абсталяваньня быў адным зь вядучых вытворцаў у сваёй галіне ў СНД. Прызнаны неплатаздольным яшчэ ў 2018 годзе, а сёлета яго канчаткова прызналі банкрутам, ідзе працэс ліквідацыі.

А што зь вядучымі прамысловымі гігантамі

Адзіны партал фінансавага рынку, на якім раней публікаваліся фінансавыя справаздачы беларускіх прадпрыемстваў цяпер не працуе. Шмат якія заводы таксама перасталі публікаваць фінансавую справаздачнасьць на сваіх сайтах (раней гэта рабілася рэгулярна). Але зьвесткі аб некаторых заводах пакуль яшчэ можна адшукаць.

Гомсельмаш

Гэты вытворца камбайнаў — адзін з чэмпіёнаў у даўгах сярод буйных беларускіх прадпрыемстваў. Паводле бухгальтарскага балянсу на 2021 год у заводу 1,7 мільярда рублёў даўгоў па доўгатэрміновых і кароткатэрміновых абавязаньнях.

Чысты прыбытак за мінулы год — 602 тысячы рублёў, у 2020 годзе быў мінус на 407 тысяч рублёў.

МТЗ

Па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытах завод вінен 1,4 мільярда рублёў. У справаздачнасьці за 2021 год чысты прыбытак не пазначаны. Чысты прыбытак на сакавік 2022 году — 336 тысяч рублёў.

БМЗ

Доўгатэрміновыя даўгі заводу на мінулы год — 1,39 мільярда рублёў, у параўнаньні з 2020 годам яны вырасьлі на 178 мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак заводу за год — 56 тысяч рублёў.

Менскі электратэхнічны завод імя Казлова

Чысты прыбытак заводу за мінулы год — 1 мільён рублёў. Годам раней ён быў вышэйшы ў 2,4 раза. Даўгі заводу — 4,4 мільёна рублёў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG