Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: У 2024 годзе 35 мэдыя прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»


Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі журналістамі. Архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі журналістамі. Архіўнае фота

У 2024 годзе 35 мэдыя былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», вынікае з агляду Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), якая падсумавала сёлетнюю статыстыку рэпрэсій у сваёй сфэры.

Адметнасьцю году, адзначае арганізацыя, стала вялікая колькасьць «схаваных рэпрэсій» — выпадкаў, калі сілавікі патрабуюць ад ахвяр рэпрэсій не раскрываць інфармацыю пра перасьлед.

Разам з тым, паводле зьвестак БАЖ, дакладна вядома, што за год у журналістаў і мэдыя адбыліся 66 вобшукаў. Бязь іх абышлося толькі ў двух месяцах — лютым і жніўні, а максымальная колькасьць выпадкаў прыйшлася на чэрвень (15) і сьнежань (12).

За год было затрымана 27 прадстаўнікоў мэдыя, іх лік за кратамі дасягнуў 45. Зафіксавана больш за 100 выпадкаў «завочнага ціску» на прадстаўнікоў сфэры.

Сыстэмныя рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных СМІ ў Беларусі працягваюцца з 2020 году. Шматлікія рэдакцыі працуюць у выгнаньні. Перад чарговымі выбарамі ўзмацняецца ціск на тых, хто застаўся ў краіне, і тых, хто жыве за мяжой.

19 сьнежня Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» інфармацыйнае агенцтва «Позірк». Датычнымі да «фармаваньня» назвалі журналістку Тацяну Каравянкову, праваабаронцу Рамана Кісьляка, палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага, Пятра Рудкоўскага і Аляксандра Фрыдмана.

2 сьнежня на падставе рашэньня суду Цэнтральнага раёну Менску ў «сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» уключаныя акаўнты «Позірку» ў сацыяльных сетках Х і «Інстаграм». 9 сьнежня рашэньне адносна акаўнта агенцтва ў Інстаграме прадубляваў суд Савецкага раёну сталіцы. 20 сьнежня суд Вілейскага раёну надаў адпаведны статус старонцы «Позірку» ў TikTok'у.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG