Гэтую інфармацыю паведамілі «Зеркалу» чытачы, а таксама пацьвердзілі на самім холадакамбінаце. Адна з асноўных прычын — фінансавыя праблемы.
«Фінансавыя цяжкасьці ў гэтых крамаў ужо даўно. Нам іх даручылі, і яны стварылі нам фінансавыя цяжкасьці. Магчыма, недзе з часам зьявіцца іншы гандлёвы аб’ект, пад іншай шыльдай, скажам так, з больш насычаным асартымэнтам. Магчымы і такі варыянт. Можа, хтосьці іншы пачне працаваць па гэтых адрасах, іншыя гандлёвыя абʼекты накшталт «Эўраопту» ці «Хіт», — сказалі на Менскім холадакамбінаце № 2 і дадалі, што «крамы зачыненыя часткова, у некаторых зь іх адключанае сьвятло».
У адміністрацыі Фрунзэнскага раёну сказалі, што гандлёвы пункт часова не працуе праз тэхнічныя непаладкі з электраэнэргіяй, але кіраўніцтва холадакамбінату цяпер вырашае гэтыя пытаньні, і «калі ўсё добра, то адкрыецца ў панядзелак».
Некалькі работнікаў кампаніі (яны пажадалі застацца ананімнымі) паведамілі «Зеркалу», што закрыцьцё крамаў зьвязана з даўгамі па аплаце камунальных паслуг. Пры гэтым частка работнікаў нібыта працягвае працаваць, некаторым далі адгулы і адпачынкі.
У галоўным упраўленьні гандлю і паслуг Менгарвыканкаму кажуць, што «нейкія крамы зачыняюцца і будуць здавацца ў арэнду, а нейкія крамы працягнуць функцыянаваць пад сеткай «Радзівілаўскі».
З дадзеных сэрвісу «Картатэка» вынікае, што ў «Менскага холадакамбінату № 2» была запазычанасьць перад бюджэтам у сакавіку і красавіку 2022 году. За апошнія 6 месяцаў больш за паўтары сотні контрагентаў праз суд спаганялі з прадпрыемства даўгі ў агульнай суме крыху больш за 4 млн рублёў і 30 тысяч эўра.
Дзяржаўную гандлёвую сетку «Радзівілаўскі» адкрылі ў 2003 годзе. Акрамя гандлю, яна займалася грамадзкім харчаваньнем і здачай у арэнду плошчаў. У 2021 годзе кампанію прызналі банкрутам. Амаль год таму стала вядома, што праблемная гандлёвая сетка пераходзіць пад крыло «Менскага холадакамбіната № 2», які павінен быў забясьпечыць там «эфэктыўную працу і рэнтабэльны гандаль».
Адчыняць крамы пачалі напрыканцы году. У сьнежні ў Менску працавалі 7 крамаў пад шыльдай «Менскі холадакамбінат № 2» і яшчэ 11 — пад старой назвай «Радзівілаўскі». А ў лютым 2022 году 12 крамаў выставілі на аўкцыён.