Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сядзяць „экстрэмісты“, пра якіх ніхто нават ня ведае». Былы палітвязень — пра ўмовы ўтрыманьня ў наваполацкай калёніі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Валянцін Лабачоў адбываў пакараньне па «палітычным» артыкуле ў наваполацкай калёніі. У гутарцы са Свабодай ён расказаў пра ўмовы для асуджаных, стаўленьне ў калёніі да Віктара Бабарыкі, а таксама даў парады, як выжываць на «зоне».

«Людзі ходзяць чорныя, як тыя чэрці»

Валянцін Лабачоў. Архіўнае фота.
Валянцін Лабачоў. Архіўнае фота.

Валянцін Лабачоў з Магілёва быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 2 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі). Палітвязень адбываў пакараньне ў наваполацкай ПК № 1 і выйшаў на волю 17 лютага 2023 году.

Валянцін кажа, што цяпер на «зоне» ў Наваполацку так званых блатных паняцьцяў няма.

«Рэй вядзе адміністрацыя, „актывісты“, стукачы. Калі на „зону“ прыедзе нейкі сапраўдны блатны, „аўтарытэт“ — яго тут жа кінуць у ШЫЗА, пасьля перавядуць на „крытую“ турму», — расказвае былы зьняволены.

Паводле ягоных словаў, у калёніі ёсьць некалькі вытворчасьцяў. Выраб мыла, выпечка хлеба, працы па рамонце сантэхнікі і мэблі, дрэваапрацоўка, так званыя «вуглі» і «кабэлі» — выраб драўніннага вугалю і ачыстка мэталічных кабэляў ад плястыкавай ізаляцыі.

Былы зьняволены кажа, што самая цяжкая праца — гэта «вуглі». На вытворчым участку стаяць вялізныя бочкі, дзе з дрэва выпальваецца вугаль. Потым вязьні дастаюць яго адтуль, фасуюць.

«Гэта цяжка фізычна. Яны ходзяць чорныя, як тыя чэрці. Менавіта на „вуглях“ працуе цяпер Віктар Бабарыка. Раней ён працаваў на хлебапякарні», — расказвае Валянцін.

Былы палітвязень сьцьвярджае, што для Віктара Бабарыкі ў калёніі ствараюць адмысловыя ўмовы, яго часта караюць за розныя «парушэньні». Напрыклад, пазбавілі лістоў, пасылак і перадач, скасавалі спачатку доўгатэрміновае, затым кароткатэрміновае спатканьне з блізкімі.

«Яго адмыслова ізалююць ад іншых вязьняў. Нават на ўчастку, дзе ён працуе з вугалем, разам зь ім працуюць літаральна некалькі чалавек. Зь ім забаронена размаўляць. Але Віктар выглядае бадзёрым, відаць, што ён не зламаўся, ён нават там жыцьцярадасны чалавек. Але яму папросту не даюць жыцьця», — кажа былы вязень.

Нялёгкая праца, па словах суразмоўцы, і ў тых, хто працуе «на кабэлях». Гэта значыць — абдзірае ізаляцыю, каб здабыць мэтал — алюміній ці медзь.

«З рабочым адзеньнем там ня ўсё добра. Даюць толькі пару тонкіх пальчатак. Рукі лёгка пашкодзіць. Цяжэй за ўсё працаваць на марозе. Штодзень на вуліцы, няма дзе пагрэцца. Нікуды ня можаш адысьці, бо атрымаеш парушэньне і паедзеш у ШЫЗА «адпачываць», — дадаў Валянцін.

«Нават у маразы ў ШЫЗА не зачыняюць вакно, каб так караць асуджаных»

Валянцін Лабачоў. Архіўнае фота.
Валянцін Лабачоў. Архіўнае фота.

Валянцін расказвае, што ў калёніі вязень ніхто і нікому нічога ня зможа даказаць, а таму лепш сядзець моўчкі і нікуды ня лезьці.

«Нават калі ты сядзіш моўчкі, але ты палітычны, то ў ШЫЗА цябе могуць лёгка адправіць. Не пагаліўся, раней ці пазьней устаў, пералічылі твае рэчы — нечага не хапае ці нешта лішняе. Пакараньне загадзя прапісана — ШЫЗА, хоць цябе для праформы адвядуць да начальніка нібыта разьбірацца. Гэта называецца «хрэсьбіны», — кажа былы вязень.

Ён дадае, што «палітычным» даюць ня менш за 10 сутак ШЫЗА ў тых выпадках, калі «звычайныя асуджаныя» могуць абысьціся вымовай.

«У ШЫЗА цяжка, бо там холад. Нават у маразы вакно не зачыняюць, лічаць, што ШЫЗА — гэта ж пакараньне, і нас так „караюць“. Ноччу немагчыма спаць праз холад. Адзіны плюс, хоць малы, ШЫЗА — там ня трэба працаваць. Няма мітусьні, якая ёсьць у атрадзе», — дадаў Валянцін.

Ён кажа, што праз холад некаторыя вязьні ў ШЫЗА сьпяць у абдымку з батарэяй і потым маюць апёкі.

Паводле суразмоўцы, асаблівай жорсткасьцю «славіцца» начальнік калёніі Андрэй Пальчык (ён перастаў працаваць у Наваполацкай калёніі ў канцы сакавіка, прычыны звальненьня невядомыя.РС).

«Ён сам па сабе жорсткі чалавек. Сам, сваёй пэрсонай правярае — ці прыбраныя камэры ў ШЫЗА, ці добра прыбраныя. Можа загадаць скласьці рапарт і яшчэ 10 сутак накінуць. Калі ён адказны па калёніі, то ходзіць, глядзіць на ўсіх — каб былі паголеныя, пастрыжаныя. Калі нехта нешта яму скажа, то ён можа сарвацца, але спрачацца зь ім, натуральна, ня мае сэнсу. Толькі сабе горш наробіш», — кажа Валянцін.

«Той чалавек нават ня памятае — ці ставіў ён сам той „лайк“, ці ўнукі паставілі»

Валянцін Лабачоў. Архіўнае фота
Валянцін Лабачоў. Архіўнае фота

Паводле Валянціна, у Наваполацкай калёніі адбываюць пакараньне больш за 800 чалавек, зь іх каля сотні — «экстрэмісты». У атрадзе на 60–80 чалавек звычайна каля дзесяці маюць «палітычныя» артыкулы, сьцьвярджае суразмоўца.

«Многіх „экстрэмістаў“ ніхто і ня ведае, яны не прызнаныя палітвязьнямі. Сядзяць за рознае. Напрыклад, чалавека прывезьлі, у гадах. Асудзілі, што недзе ў „Аднаклясьніках“ паставіў „лайк“. А той чалавек нават ня памятае — ці ён сам паставіў той лайк, ці ўнукі», — кажа Валянцін.

Паводле былога вязьня, «опэры» вярбуюць асуджаных, каб даносілі на іншых вязьняў.

«На гэтую вудачку трапляюцца нават „палітычныя“. Але яны за гэтае супрацоўніцтва асабліва нічога ня маюць. Можа, дадуць ня дзесяць сутак ШЫЗА, а пяць. Або дазволяць пасылку ці перадачу», — кажа былы вязень.

Яшчэ, паводле ягоных словаў, «актывісты» (вязьні, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. РС) патрабуюць грошы ў «новенькіх». «На фонд атраду ці калёніі. Адмовісься — паедзеш на ШЫЗА. Заробкі ж там могуць быць максымум 20–30 рублёў», — дадаў Валянцін.

«На аднаго капітана распачалі дзьве крымінальныя справы, бо моцна зьбіў асуджанага»

Валянцін Лабачоў, былы палітзьняволены. Фота пасьля выезду зь Беларусі
Валянцін Лабачоў, былы палітзьняволены. Фота пасьля выезду зь Беларусі

Валянцін кажа, што ня быў сьведкам фізычнага гвалту ў дачыненьні да зьняволеных і думае, што цяпер «зэкаў» там больш ня б’юць.

«Адзін капітан зь ліку супрацоўнікаў адміністрацыі моцна зьбіў асуджанага. Да таго, што ў зьбітага потым дыягнаставалі цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Той асуджаны пісаў скаргі яшчэ з калёніі, але справу „замялі“. Калі ён выйшаў на волю, то напісаў скаргу ў пракуратуру, і ў дачыненьні да супрацоўніка завялі дзьве крымінальныя справы — за перавышэньне паўнамоцтваў і нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў», — расказаў былы вязень.

Ён кажа, што «б’юць нямоцна», «звычайна ў ШЫЗА б’юць па нагах, каб шырэй станавіліся на расьцяжку». «Ну, і калі лезеш на ражон, то могуць цябе недзе „заламаць“», — дадаў Валянцін.

Адзін з мэтадаў «перавыхаваньня» ў калёніі, паводле былога палітзьняволенага, — прагляд беларускага і расейскага тэлебачаньня.

«У суботу і нядзелю прагляд навін па тэлевізару абавязковы. Проста ўсіх заганяюць у так званую „Ленкомнату“ (пакой для адпачынку. — РС), і ты мусіш глядзець прапагандысцкія навіны. У будні ўключаюць расейскую перадачу „60 минут“ з Вольгай Скабеевай», — узгадвае Валянцін.

Ён дадаў, што ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну асуджаныя абмяркоўвалі гэтую тэму і спрачаліся. «Але восеньню ўсе забыліся пра вайну. Ну ідзе і ідзе, кожны дзень гэта паказваюць у навінах. Ужо перасталі і абмяркоўваць», — дадаў суразмоўца.

Валянцін кажа, што атрыманьне мэдычнай дапамогі за кратамі ператвараецца ў праблему.

«Бальнічны дадуць, калі толькі тэмпэратура вышэйшая за 38 градусаў. Да стаматоляга запісацца цяжка. Ён, здаецца, толькі раз на тыдзень прымае, і з атраду можа запісацца толькі адзін чалавек. Але калі ты „актывіст“, то ідзеш без чаргі», — кажа былы зьняволены.

Валянцін прызнаецца, што зь нецярпеньнем чакаў вызваленьня. Кажа, што «зона» навучыла яго спакойна ставіцца да многіх рэчаў, мець цярпеньне. Неўзабаве пасьля выхаду на свабоду былы палітвязень зьехаў з краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG