Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледнікі абнародавалі пляны Крамля адносна краінаў Балтыі


У 2021 годзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта РФ распрацавалі стратэгію ўплыву на ўнутраную палітыку Латвіі, Літвы і Эстоніі: у дакумэнтах пералічваліся як мэты, якіх хацела дасягнуць Масква, гэтак і мэтады, якія меркавалася для гэтага выкарыстоўваць.

Доступ да гэтых зьвестак атрымаў журналісцкі кансорцыюм, які раней расказаў пра аналягічныя дакумэнты па Беларусі і Малдове. У кансорцыюм уваходзяць цэнтар «Дасье», Delfi Eesti, Re: Baltica, LRT, Expressen, Süddeutsche Zeitung і іншыя выданьні.

Пра зьмест крамлёўскіх дакумэнтаў расказвае выданьне Delfi.

Для кожнай з трох краінаў Балтыі былі распрацаваныя асобныя стратэгіі, хоць частка мэтаў і задачаў супадаюць:

  • аднаўленьне адносінаў паміж Расеяй і краінамі Балтыі;
  • фармаваньне сеткі «мяккай сілы» з арганізацыяў, якія выступаюць за супрацоўніцтва з Расеяй;
  • недапушчэньне мілітарызацыі краінаў і стварэньня новых базаў NATO на іх тэрыторыі;
  • вярбоўка бізнэсоўцаў з дапамогай абяцаньняў адкрыць для іх расейскі рынак;
  • захаваньне «агульнай гістарычнай памяці і савецкіх помнікаў»;
  • выключэньне «дыскрымінацыі расейскамоўнага насельніцтва» і працяг адукацыі на расейскай мове.

«Найбольшая частка стратэгіі ў краінах Балтыі — гэта ўплыў у энэргетыцы і бізнэсе. Таму яны спрабуюць зрабіць усё магчымае, каб захаваць хаця б яго», — адзначае літоўскі экспэрт па бясьпецы Марыюс Лаўрынавічус.

Найбуйнейшай праблемай у рэгіёне адміністрацыя прэзыдэнта РФ лічыла выхад краінаў Балтыі з БРЭЛ — электрычнай сеткі Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы. Пагадненьне аб сынхроннай працы энэргетычных сыстэмаў доўгі час было важным для РФ дзеля Калінінградзкай вобласьці, але яшчэ ў 2017 годзе балтыйскія дзяржавы анансавалі выхад з дамовы да 2025 году.

У адрозьненьне ад аналягічных стратэгічных дакумэнтаў па Беларусі і Малдове, у выпадку краінаў Балтыі чыноўнікі ў Крамлі не разьлічвалі на ўключэньне рэгіёну ў склад РФ або ператварэньне Латвіі, Літвы і Эстоніі ў паўнавартасных сатэлітаў. Асноўнай мэтай, лічаць журналісты і апытаныя імі экспэрты, было падвышэньне цікавасьці мясцовых жыхароў да крамлёўскай ідэалёгіі.

Літва: без вайсковых вучэньняў NATO і расейскіх апазыцыянэраў у Вільні

Да 2025 году, сказана ў дакумэнце, Масква зьбіралася «не дапусьціць разьмяшчэньня ў Літве сродкаў СПА/ПРА сярэдняй далёкасьці, інтэграваных у адзіную сыстэму СПА NATO», і «зьнізіць колькасьць і маштабы вайсковых вучэньняў NATO ў Літоўскай Рэспубліцы».

Незадаволенасьць у Маскве выклікала палітыка Літвы па наданьні прытулку расейскім апазыцыянэрам і актывістам. Ужо ў 2021 годзе Крэмль лічыў дзейнасьць антыпуцінскіх структураў у гэтай краіне палітычнай пагрозай.

«Літва — адзін з асноўных напрамкаў эміграцыі расейскіх апазыцыйных актывістаў. Некалькі соцень расіян атрымалі тут прытулак або іншыя ВНЖ і цяпер займаюцца журналістыкай і палітыкай. Сюды рэгулярна прыяжджаюць чальцы палітычных, грамадзкіх і журналісцкіх арганізацый, праводзяць тут свае мерапрыемствы», — паведамілі газэце Expressen у Дэпартамэнце дзяржбясьпекі Літвы.

Латвія: расейская мова — дзяржаўная да 2030 году

Стратэгія Крамля «на латвійскім напрамку» — самая аб’ёмная з трох. У Крамлі плянавалі пашыраць сетку прыхільнікаў з апорай на выхадцаў з цэнтрысцкіх партый, якая ўжо існавала на момант распрацоўкі дакумэнта. Падтрымліваць гэты працэс павінны былі афіліяваныя з Масквой некамэрцыйныя арганізацыі.

Да 2030 году, згодна з дакумэнтам, расейская мова павінная была стаць адной зь дзяржаўных у Латвіі, а сама краіна — удзельніцай «палітычных саюзаў» з Расеяй.

Эстонія: падтрымка эўраскептыкаў і барацьба з фіна-вугорскім «сэпаратызмам»

Адна з асноўных мэтаў АП у Эстоніі — «фармаваньне пазытыўнага вобразу РФ у мэтах паслабленьня русафобскіх настрояў і ўмацаваньня эўраскептычных поглядаў у Эстоніі». Паралельна Крэмль зьбіраўся супрацьдзейнічаць «намаганьням эстонскага боку» па «разьвіцьці сэпаратызму» сярод прадстаўнікоў фіна-вугорскіх народаў, якія пражываюць у розных рэгіёнах РФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG