Абодва дакумэнты распрацавалі ва ўпраўленьні па памежнай супрацы адміністрацыі прэзыдэнта Расеі і ўзгаднілі з расейскімі спэцслужбамі.
Цэнтар «Дасье», які зьяўляецца некамэрцыйным праектам расейскага палітыка і бізнэсоўца Міхаіла Хадаркоўскага, заявіў, што Расея пасьля ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну плянавала захоп Малдовы і адкрыцьцё другога фронту ў Прыднястроўі, але пакуль адмовілася ад гэтага пляну на карысьць эканамічнага ціску.
У новым расьсьледаваньні разам з цэнтрам «Дасье» бралі ўдзел Міжнародны кансорцыюм журналістаў, RISE, Delfi, Kyiv Independent, Belarusian Investigative Center, Yahoo News, Süddeutsche Zeitung, Westdeutscher Rundfunk, Norddeutscher Rundfunk, Expressen, Frontstory і VSquare.
Структура стратэгіі, як паведамляюць журналісты, вельмі падобная на беларускую: задачы падзяляюцца на «ваенна-палітычныя», «гандлёва-эканамічныя» і «гуманітарныя».
Распрацоўнікі стратэгіі лічаць «рэалістычнымі» мэтамі на наступныя дзесяць гадоў супрацьстаяньне далучэньню Малдовы да Эўразьвязу і NATO, прымус да ўдзелу ў АДКБ, ЭАЭС і іншых расейскіх міжнародных праектах, урэгуляваньне прыднястроўскага канфлікту на аснове асаблівага статусу рэгіёну, нарошчваньне прарасейскіх настрояў у грамадзтве праз прапаганду і адукацыйныя праграмы.
Што адбываецца ў Малдове
13 лютага прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея плянуе пры дапамозе іншаземных грамадзян з вайсковай падрыхтоўкай ажыцьцявіць у Малдове дзяржаўны пераварот, каб цалкам падпарадкаваць краіну Расеі.
Малдова падала заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз адразу пасьля таго, як Расея ўварвалася ва Ўкраіну амаль год таму. Расея ўжо тры дзесяцігодзьдзі трымае свае войскі ў сэпаратысцкім рэгіёне Малдовы Прыднястроўі.
23 лютага Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб нібыта падрыхтоўцы Украінай «узброенай правакацыі супраць Прыднястроўя» з выкарыстаньнем «нацыяналістычнага фармаваньня „Азоў“».
9 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, выступаючы на саміце Эўразьвязу, заявіў, што Кіеў «перахапіў плян зьнішчэньня Малдовы», складзены расейскай выведкай, і перадаў яго ў Кішынёў. Пазьней Служба выведкі і бясьпекі Малдовы пацьвердзіла, што атрымала інфармацыю аб гэтым пляне.
9 сакавіка так званае «Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі» самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі заявіла аб папярэджаньні тэракту, які нібыта рыхтавала СБУ ў дачыненьні да «шэрагу адказных асобаў ПМР».
У Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што любыя заявы так званага «Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі» непрызнанай «Прыднястроўскай Народнай Рэспублікі» (ПМР) варта разглядаць выключна як «правакацыю, якую зрэжысавалі ў Крамлі».
12 сакавіка ў Малдове прайшоў мітынг, арганізаваны прарасейскай партыяй «Шор». Пратэстоўцы зьяжджаліся ў сталіцу Малдовы для ўдзелу ў мітынгу на дзясятках аўтобусаў, але іх спыніла паліцыя.
Што пісалі пра расейскія пляны анэксіі Беларусі
Раней журналісты атрымалі доступ да ўнутранага дакумэнту расейскіх уладаў пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі», згодна зь якім Расея зьбіраецца да 2030 году акупаваць Беларусь.
У расьсьледаваньні ўдзельнічаў кансорцыюм журналістаў з Süddeutsche Zeitung, WDR, NDR, Yahoo News, Delfi Eesti, цэнтра «Дасье», Expressen, Independent, Frontstory, Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) і VSquare. Дакумэнт атрымала рэдакцыя Yahoo.News.
Дакумэнт датуецца летам 2021 году і зьмяшчае 17 старонак. У ім пералічаны палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расейскіх уладаў у Беларусі. Яны падзелены на тры катэгорыі — кароткатэрміновыя (да 2022 году), сярэднетэрміновыя (да 2025 году) і далёкатэрміновыя (2030 год).
У дакумэнце разгледжана ўсё, што зьвязана з абʼяднаньнем краін, сьцьвярджаюць журналісты. Сам дакумэнт яны не публікуюць.
У дакумэнце, на які спасылаюцца расьсьледнікі, пішуць, што рэформа Канстытуцыі, якую прынялі ў Беларусі ў лютым 2022 году, павінна быць завершана ў адпаведнасьці з расейскімі інтарэсамі, а законы рэспублікі — «гарманізаваны» з законамі Расеі. А ўплыў NATO варта яшчэ зьменшыць.
Экспэрты, якім паказалі дакумэнт на праверку, лічаць яго сапраўдным.
«Па сваёй зьнешняй форме дакумэнт нагадвае стандартны дакумэнт расейскай бюракратыі або палітычнага кіраваньня», — сказаў намесьнік дырэктара Стакгольмскага цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў (SCEEUS) Марцін Краг.
Рэдакцыя Свабоды ня можа апэратыўна праверыць зьвесткі расьследаваньня.