Дата дня
20 верасьня 1920 году на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага стварылі блёк беларускіх партыяў для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь.
Дзень у гісторыі
1506 — на княжаньне ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім выбралі Жыгімонта І Старога.
1655 — ВКЛ і Швэцыя заключылі Кейданскую унію, ініцыятарам якой была група паноў і шляхты з Жамойці.
1929 — ЦК ВКП(б) абвясьціў курс на суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі.
1945 — у Менску адкрыўся Літаратурны музэй Янкі Купалы.
1947 — адкрыўся Горадзенскі абласны драматычны тэатар.
У гэты дзень нарадзіліся
1677 — Станіслаў Ляшчынскі, вялікі князь літоўскі, кароль Рэчы Паспалітай.
1733 — Адам Станіслаў Нарушэвіч, польскі гісторык, паэт, перакладчык. Выкладаў у Віленскай акадэміі, Варшаўскім езуіцкім калегіюме, рыцарскай школе ў Варшаве. З 1781 году — пісар вялікі ВКЛ і сакратар Сталай Рады.
1854 — Арцюр Рэмбо, францускі паэт, адзін з заснавальнікаў сымбалізму.
1885 — Алесь Бурбіс, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнік рэвалюцыі 1905 г. Адзін з заснавальнікаў беларускага прафэсійнага тэатру.
1903 — Натальля Арсеньнева, паэтка. Сярод яе вершаў — «Магутны Божа», які лічыцца духоўным гімнам беларусаў.
1943 — Ніна Мацяш, беларуская пісьменьніца і перакладчыца. Аўтарка зборнікаў паэзіі, сярод якіх «Агонь» (1970), «Прыручэньне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Паварот на лета» (выбранае, 1986), «Шчасьлівай долю назаві» (1990), і казак «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя» (1982).
У памяці
1906 — Канстанцін Быліч, беларускі актор.
1937 — Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік, паэт. Рэпрэсаваны, асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
1942 — Флярыян Ждановіч, беларускі актор і рэжысэр.
1953 — Яўген Хлябцэвіч, бібліятэказнаўца, літаратуразнаўца, публіцыст, пэдагог.