Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра «сапраўдныя» дранікі і няпросты выбар паміж глыбоцкай і рагачоўскай згушчанкай. Расказваем пра новую беларускую настолку


Гульня «Я ніколі не…»
Гульня «Я ніколі не…»

Паразмаўлялі з аўтаркай настольнай гульні «Я ніколі не…» Ганнай Шымановіч. Даведаліся, як прыйшла ідэя, якія былі цяжкасьці і што натхняла ў працэсе. А таксама ці можна ў яе гуляць дзецям.

Аўтарка гульні «Я ніколі не...» Ганна Шымановіч вядомая таксама як відэографка і валянтэрка праекту «Вольныя паштоўкі». Расказвае, што ідэя настолкі зьявілася яшчэ ў 2020 годзе.

«Мне здаецца, вельмі важна, калі беларусаў нешта аб’ядноўвае сваё, ня толькі мова, культура, кнігі і іншае, але ж і нешта вельмі простае, што мы ўжываем у паўсядзённым жыцьці. Напрыклад, мы можам узяць такую вясёлую гульню і пагуляць зь сябрамі проста за куфлем піва, пасьмяяцца, адчуць, якія мы падобныя ў нейкіх момантах. Як мы аднолькава праводзілі сваё дзяцінства ў Беларусі, як мы бавім цяпер свой час, што мы любім. Гэтыя рэчы нас вельмі аб’ядноўваюць», — кажа Ганна Шымановіч.

Ганна Шымановіч
Ганна Шымановіч

У камандзе праекту, акрамя Шымановіч, таксама ілюстратарка Дана Мігунова. Друкам зоймецца выдавецтва Gutenberg Publisher.

«З майго боку — гэта ідэя і ўся мэнэджарская праца, Дана робіць ілюстрацыі да гульні, якія мы разам прыдумлялі. Мне таксама здаецца, што гэтыя аўтарскія ілюстрацыі на картках — вельмі вясёлая частка гульні. Мы прыдумалі некалькі герояў, якія ідуць праз усе карткі. Як я пісала ў сваім інстаграме: „Спойлер: там няма бусла і зубра“. Але ж там ёсьць нейкія забаўныя героі кшталту згушчанкі. Гэта мая любімая картка, адна зь першых — „Я ніколі не спрачаўся наконт рагачоўскай і глыбоцкай згушчанкі“. І вось на картцы дзьве згушчанкі б’юцца адна з адной. Мне здаецца, гэта вельмі забаўна».

На картах у гульні сапраўды шмат сьмешных рэчаў, знаёмых беларусам:

«У нас ёсьць картка „Я ніколі не дабаўляў муку ў дранікі“, а на ілюстрацыі адарваны палец, бо ўсе мы ведаем, што калі дзярэш бульбу на тарцы, то, часьцей за ўсё, застаесься бяз часткі свайго пальца, — сьмяецца аўтарка. — Таксама ёсьць рэчы, знаёмыя нам усім зь дзяцінства: „Я ніколі ня біў палкай крапіву“, „Я ніколі не лячыў раны трыпутнікам“ (тая гісторыя, калі табе адарвала нагу, але ты бярэш трыпутнік, прыкладаеш да раны і чакаеш, што ўсё будзе добра)».

Ганна ўсьміхаецца і дадае, што гульня можа стаць праверкай на ўзрост.

«У нас з ілюстратаркай даволі вялікая розьніца ва ўзросьце. І гэта вельмі забаўна, калі я прапаноўвала нейкія карткі кшталту, „Я ніколі не вучыўся па пяцібальнай сыстэме“, а яна пыталася: „А што, у Беларусі калісьці была пяцібальная сыстэма?“. То бок гэтая гульня — яшчэ і праверка на ўзрост».

Як гуляць?

Гульня «Я ніколі не...» складаецца са 110 картак. 105 зь іх — факты, дзеяньні, якія, на погляд стваральніц, рабілі большасьць беларусаў і беларусак. Тры карткі — «Прыдумай сам» (калі гулец павінен сам прыдумаць факт). І дзьве карткі — «Пі да дна».

«Па правілах ты проста кладзеш калоду картак у сярэдзіну, паміж гульцамі, і па чарзе ўсе цягнуць картку, зачытваючы факт. Тыя, хто рабілі дзеяньне з карткі, выпіваюць, што ў іх ёсьць. Але ж аўтаркі гульні не нясуць адказнасьці за вашыя стасункі з алькаголем, — усьміхаецца Ганна. — Калі вам не падабаецца алькаголь, ці ў вас ёсьць нейкія пытаньні, вы можаце замяніць гэта на што заўгодна: на адцісканьні, на тое, каб за кожны такі факт гулец зьядаў аліўку. Вяртаючыся да карткі „Пі да дна“, мы таксама прапаноўваем: калі вы ня хочаце губляць гульцоў занадта рана, то такія карткі можна адкласьці з калоды».

У гульні ёсьць абмежаваньне па ўзросьце 18+. Але калі гульцы выберуць у якасьці «пакараньня» не алькаголь, то дзеці таксама могуць гуляць. Усё залежыць ад адказнасьці бацькоў.

«Калі ўсё добра пойдзе, то ў канцы траўня ці ўлетку гэтую гульню можна будзе патрымаць у руках»

Цяпер аўтаркі шукаюць інвэстараў, каб надрукаваць першы наклад гульні.

«На друк трэба 5000 эўра. Частка ў нас ёсьць, але можна далучыцца і інвэставаць, і з гэтага інвэстар атрымае адсотак з продажу. То бок гэта цікава ня толькі ў маральным сэнсе, каб дапамагчы нейкаму беларускаму праекту, але ж і каб мець нейкі адсотак з гэтага».

На сайце выдавецтва ўжо можна зрабіць перадзаказ гульні, дастаўка будзе па ўсім сьвеце, кажа Ганна.

«Калі ўсё пойдзе добра, як мы плянуем, то пад канец траўня ці ўлетку гэтую гульню можна будзе патрымаць у руках. Чым больш будзе перадзаказаў, чым хутчэй мы знойдзем нейкага вялікага інвэстара, тым хутчэй мы яе надрукуем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG