Instagram — найперш візуальныя матэрыялы, але тэмы, зьвязаныя з вывучэньнем беларускае мовы, знайшлі сваё месца ў гэтай вельмі папулярнай сацыяльнай сетцы. Назавем некалькі тэматычных блогаў, карысных для засваеньня беларускае мовы ці ўдасканаленьня ведаў у ёй.
Толькі пра мову. Штодня — публікацыі пра беларускую мову і на ўсе моўныя тэмы рознай ступені складанасьці. Ілюстраваныя слоўнічкі, цыклі „Не памыляймася па-беларуску“ і „Па-беларуску — наадварот“ (пра міжмоўныя паронімы накшталт беларускага бясьпечны і расейскага беспечный) зь сюжэтнымі ілюстрацыямі. Шмат інтэрактыву: штотыднёвыя апытанкі, у тым ліку пра становішча беларускае мовы, моўныя тэсты ў stories. Reels пра словы і моўныя зьявы — „Колеры па-беларуску“, „Як правільна лічыць“, „Зычэньні здароўя“ і г. д.
Курсы
Некалькі „жывых“ моўна-асьветніцкіх блогаў пачыналіся з курсаў „Мова Нанова“. Згадаем два зь іх.
Topmova. „Беларуская мова тут і ў сэрцы. Чытаем вершы. Запамінаем правілы. Вучым словы. Топавая мова — для топавых рабят“. Місія і зьмест раскрытыя, бянтэжыць толькі апошняе слова :-)“. На картках — слоўнічкі, граматыка (два чорныя каты). Вучаць правільнаму вымаўленьню, дбаюць пра лексычную дасканаласьць (зычыць vs жадаць, апынуцца vs аказацца), змагаюцца з канцылярытам. Ёсьць відэаархіў заняткаў „Мова Нанова“ ў Горадні.
Мова дзеткам. „Месца для маленькіх беларусаў, беларусачак і іх бацькоў“. Важны складнік блогу — мэтадычныя матэрыялы, якія можна і выдрукоўваць: дапаможнікі „Гуляй. Чытай. Малюй. Вывучай“ для дзяцей 5–7 і 7–10 гадоў. А яшчэ лато/карткі „Адзеньне“, „Хата“, гульня „Назвы жывёл“, тэст пра птушак, мнэманічныя карткі, каб ня блыталіся словы „гаспадыня“ і „гаспадарка“ і шмат іншага. Анонсы заняткаў офлайн для дзяцей у Вільні.
Аўтарскія блогі
Pakrysie. Назва блогу — сынонім слова „патроху“: „Беларуская мова пакрысé“. Тэсты, гульні, тэматычныя слоўнічкі з ангельскімі адпаведнікамі, пошук памылак, карткі-словы з тлумачэньнямі: летнік vs лецішча, кнігаўка... Інтэрактыўныя reels, прыкладам: „Назаві беларускае слова за тры сэкунды“.
Lohkaja_mova. „Лёгкая мова“ — „старонка для тых, хто хоча палепшыць свой слоўнікавы запас. Тэрыторыя клясычнага правапісу“. Прызабытыя, але ёмістыя беларускя словы ў фотаілюстрацыях: фацэ́тны, кáнькаць, кáпа, анігáдкі, непярэ́ліўкі. Таксама назвы астранамічных аб’ектаў, фразэмы, ілюстраваныя граматычныя правілы.
Carkasau. Ведамі і знаходкамі дзеліцца Міхась Сарока. Сярод апошняга — простыя граматычныя табліцы з анонсам „Робім вашую беларускую мову прыгажэйшай усяго за тры крокі“; praviły biełaruskaj łacinki; тлумачэньні беларускіх формаў тапонімаў; інтэрактыўныя заданьні на беларускія формы імёнаў; урэшце, прастора для дыскусіі прыхільнікаў двух правапісаў.
Беларускія гаворкі. „Вывучаем гаворкі Барысаўскага павету і ня толькі“. Чытачоў знаёмяць са словамі трылузіць, ажавіны, камоўе, з выразам „браць на лусту“... А вось пашыраная там жартоўная водпаведзь: ты куды? — па жалуды! (прыстойны варыянт ;-)). „Дзяліцеся сваімі мясцовымі гаворкамі“ — заклікаюць вядоўцы.
Контаў, цалкам або часткова прысьвечаных беларускай мове, у інстаграме нямала. Некаторыя даўно не абнаўляюцца, іншыя зьявіліся зусім нядаўна. Дапаўняйце сьпіс, вядзіце свае блогі!