Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За што нас так ня любяць?» Як беларусам супрацьстаяць непрыязнаму стаўленьню да сябе


Мітынг памяці беларусаў, загінулых у вайне на баку Ўкраіны. Варшава
Мітынг памяці беларусаў, загінулых у вайне на баку Ўкраіны. Варшава

Чаму апошнім часам за мяжой грамадзяне Беларусі часта сутыкаюцца зь непрыязным стаўленьнем да сябе? Адказ банальны: за саўдзел краіны ў агрэсіі.

Сьцісла

  • Стаўленьне да беларусаў з-за вайны істотна пагоршылася ў розных краінах сьвету, у тым ліку ў краінах-суседзях — Украіне, Літве, Польшчы.
  • Апытаньні грамадзкай думкі ў гэтых краінах паказваюць, што гэтае пагаршэньне — ня толькі ў дзяржаўных абмежаваньнях, але і ў стаўленьні грамадзтваў, грамадзкай думкі.
  • Лукашэнка сваімі дзеяньнямі — згодай на разьмяшчэньне ядзернай зброі, прыёмам Пушыліна — пагаршае стаўленьне да сябе, а ўскосна — да Беларусі і беларусаў.
  • За год пасьля прапановы прызнаць Беларусь акупаванай краінай ніводная дзяржава гэтую прапанову не падтрымала.
  • Публічнае адстойваньне інтарэсаў беларусаў, праца з мэдыя, з палітычнай і аналітычнай супольнасьцяў краінаў, дзе жывуць беларусы — тое, што можа палепшыць стаўленьне да беларусаў.
  • Кардынальная зьмена цяперашняга стаўленьня можа адбыцца толькі пасьля вайны.
  • Можна спадзявацца і прадбачыць, што тады яно зьменіцца даволі хутка і вернецца да звыклага стэрэатыпу пра беларусаў, як мірны і рахманы народ.

Можна доўга тлумачыць, што гэта не беларусы, а Лукашэнка, што гэта яго вайна, што беларусаў ніхто не пытаўся. Можна прыгадваць паўстаньне 2020 году, «рэйкавых партызанаў», полк Каліноўскага і шмат што іншае, што здымае зь беларусаў адказнасьць ці прынамсі зьмяншае яе. Але праблему гэта не вырашае.

Некага гэта пераконвае, некага ня надта. Ня буду пералічваць шматлікія выпадкі абмежаваньня правоў беларусаў за мяжой. Наяўнасьць гэтых абмежаваньняў канстатуюць ня толькі самі беларусы, але і дакладчыца ААН у правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у адмысловай справаздачы.

Сьвежыя прыклады навідавоку: ва ўсіх перад вачыма літоўскія палітычныя дэбаты вакол контравэрсійнага закону аб прававым статусе беларусаў і расейцаў. Вэта прэзыдэнта Наўседы не паставіла апошнюю кропку ў гэтай дыскусіі. Магчыма, канчатковае рашэньне будзе ня самым горшым для беларусаў. Але і надта добрым, баюся, ня будзе.

Але справа ня толькі ў юрыдычных, дзяржаўных абмежаваньнях. Справа і ў настроях людзей, у іх дзеяньнях, якія абумоўленыя іх стаўленьнем, устаноўкамі, а не адно законам. Даць ці ня даць той ці іншы дакумэнт ці дазвол — гэта часткова залежыць ад волі, асабістага рашэньня канкрэтнага чыноўніка. Адметная ў гэтым сэнсе гісторыя з комікам Славам Камісаранкам.

І здаць ці не здаваць кватэру беларусу, браць ці ня браць яго на працу — тут ужо ніякага абавязку ў арандадаўцы ці працадаўцы няма, на ўсё яго воля. На якую ўплывае агульны настрой у грамадзтве адпаведнай краіны.

Сытуацыя, якая складаецца адносна беларусаў у гэтых і шматлікіх падобных сытуацыях — гэта ня наглуха зачыненыя дзьверы, а хутчэй калючы дрот большай ці меншай шчыльнасьці. Калі меншай, то можна і пралезьці, праявіўшы спрыт і падрапаўшыся.

У аснове гэтага ў значнай ступені грамадзкая думка адпаведных краінаў. Ёсьць шмат сацапытаньняў ва Ўкраіне, якія сьведчаць, што стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў — гранічна кепскае. Горшае — толькі да расейцаў.

Але ня толькі ва ўкраінцаў. Паводле дадзеных апытаньня, праведзенага ў Літве напрыканцы мінулага году агенцтвам Baltijos Tyrimai , адмоўнае стаўленьне да Расеі — у 90% рэспандэнтаў, адмоўнае стаўленьне да Беларусі — у 75%. Стаўленьне да Беларусі ня тоеснае стаўленьню да беларусаў, але нельга сказаць, што яны ніяк не зьвязаныя.

А вось дадзеныя апытаньня, праведзенага ў Польшчы пасьля прысуду Анджэю Пачобуту і закрыцьця польскім урадам памежнага пераходу Баброўнікі. Сацыёлягі з дасьледчага цэнтру SW Research напрыканцы лютага — на пачатку сакавіка задалі польскім рэспандэнтам пытаньне: ці варта закрыць усе памежныя пераходы паміж Польшчай і Беларусьсю? «Так» — 54%, «Не» — 28%. Не пераважная большасьць, але ладная.

Можна доўга спрачацца, што тут першаснае, а што вытворнае, што яйка, а што кура — грамадзкая думка вызначае дзяржаўную, прынамсі інфармацыйную, палітыку ці наадварот. Гіпотэза, што толькі наадварот, як мінімум, сумнеўная. Нават у аўтарытарнай Беларусі ня ўсё грамадзтва, як папугай, паўтарае тэзы дзяржаўнай прапаганды. У краінах значна больш свабодных, чым Беларусь, і галасы мэдыя вызначаюцца большай разнастайнасьцю, і залежнасьць грамадзкай думкі ад афіцыйнай інфармацыйнай палітыкі меншая.

Так што сувязь тут як мінімум двухбаковая. І тлумачэньне, што народы там думаюць так, як ім загадваюць улады, не зусім адэкватнае.

Адносна Літвы і Польшчы важкім чыньнікам такога стаўленьня і ўладаў, і грамадзтва стаў (і застаецца) міграцыйны крызіс. Вастрыня яго сьцішылася (ужо ці пакуль), але гэты напад на іх грамадзтвы ані літоўцы, ані палякі не забылі. І гатоўнасьць большасьці палякаў перакрыць мяжу наагул — гэта ня толькі рэакцыя на саўдзел Беларусі ў агрэсіі, але і выбуховая хваля міграцыйнай «бомбы».

Дык гэта ж Лукашэнка, беларусы ж тут пры чым? Але дзяржава беларусаў — Беларусь, і ніякай іншай беларускай дзяржаўнай улады сьвет, і суседзі ў тым ліку, не прызнаюць.

Магчыма, сытуацыя зьмянілася б, калі б сьвет ці, прынамсі, суседзі прызналі Беларусь акупаванай краінай, як гэта прапаноўвалі яшчэ ў сакавіку летась Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская. Яны і іншыя палітыкі і грамадзкія дзеячы потым шмат разоў гэтую сваю прапанову паўтаралі, пры гэтым яна ў беларускіх грамадзкіх і палітычных колах выклікала пэўныя пярэчаньні. Але можна пагадзіцца: калі б яна была прынятая, то стаўленьне да Беларусі і беларусаў магло б зьмяніцца. Але ж не была. Нікім, ніводнай дзяржавай, і Ўкраінай — ахвярай агрэсіі — у тым ліку.

Так што юрыдычнага аддзяленьня, разьдзяленьня Лукашэнкі і Беларусі, Лукашэнкі і беларусаў не адбылося. А Лукашэнка толькі яшчэ больш стараецца, умацоўваючы ў замежнікаў адпаведнае стаўленьне да сябе. Летась ядзернай зброі ў Беларусі не было — цяпер будзе. Летась у Берасьці кіраўніка так званай ДНР Дзяніса Пушыліна прымалі на нізкім узроўні — цяпер яго афіцыйна прымае Лукашэнка, пытаючыся: «На фронце як у нас там справы?». «У нас» — паказальныя словы.

І гэта ж бачаць, чуюць ва ўсім сьвеце. І стаўленьне сьвету да гэтага праецыруецца і на беларусаў — і на тых, што ў дыяспары, і на народ як такі.

Што тут можна зрабіць, як гэтаму супрацьдзейнічаць? Нейкай «чароўнай палачкі» я тут не прапаную, і справа ня ў браку маіх магічных здольнасьцяў.

Рабіць можна тое, што, у прынцыпе, і робіцца. Свабодныя грамадзтвы — разнастайныя, можна апэляваць да тых сілаў, групаў насельніцтва ў іх, якія больш спрыяльна ставяцца да беларусаў і не атаясамляюць іх з Лукашэнкам. Наконт контравэрсійнага літоўскага закону беларускія дэмакратычныя сілы, у тым ліку Аб’яднаны пераходны кабінэт і офіс Ціханоўскай, нямала зрабілі, каб закон быў менш дыскрымінацыйны, чым плянавалася.

Свабодныя грамадзтвы чуюць гучныя галасы і інфармацыйная палітыка, праца з мэдыя, з палітычнай і аналітычнай супольнасьцямі, пэўны плён дае.

Пэўныя вынікі дае і апэляцыя да прынцыпаў і каштоўнасьцяў, на якіх грунтуюцца свабодныя грамадзтвы. Такой апэляцыяй, у прыватнасьці, стала прыгаданая вышэй справаздача дакладчыцы ААН у пытаньні правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Аднак трэба ўсьведамляць, што пакуль ідзе вайна і пакуль дзяржава Беларусь — у ёй суагрэсар, усе гэтыя высілкі ў лепшым выпадку могуць зьменшыць абмежаваньні, у межах вышэй прыведзенай мэтафары — зрабіць калючы дрот для беларусаў радзейшым альбо прадухіліць яго ператварэньне ў шчыльнейшы. Па вялікім рахунку, на жаль, ня больш за тое.

Такую невясёлую пэрспэктыву падмацоўвае і тое, што праблема ўжо мае не такую і кароткачасовую «залежнасьць ад каляіны». 24 лютага летась можна было тэарэтычна разьлічваць, што беларусам даруюць саўдзел Беларусі ў агрэсіі за паўстаньне 2020 году. Праз год вайны шанцаў на гэта менш, чым год таму.

Напэўна, слабое суцяшэньне, што насамрэч у гісторыі нянавісьць да розных народаў усё ж вельмі рэдка захоўваецца вечна. Ужо як ненавідзелі немцаў у Эўропе за злачынствы Гітлера — і не адно ў СССР, але і ў Польшчы, і ў Францыі, і ў Югаславіі. Але памірыліся, прымірыліся. Не забылі, але гэтая памяць не фармуе сёньняшняе стаўленьне.

Беларусь, беларусы калі і адказныя за злачынствы, якія сёньня робяцца ад іх імя, то цяжар адказнасьці тут прынамсі меншы, чым на сучасных расейцах і на агрэсарах мінулага.

Ну, і «крэдытная гісторыя» іншая, чым, скажам, у немцаў ці расейцаў. У зьверствах немцаў падчас Другой сусьветнай многія бачылі праяву адвечнай «тэўтонскай ярасьці», працяг, паўтарэньне і захопніцкіх войнаў Бісмарка, і Першай сусьветнай. Гэтак і расейцам і цяпер, і пасьля вайны прыгадваюць і будуць прыгадваць шмат што з багатай расейскай гісторыі, разважаючы пра адвечную агрэсіўнасьць Расеі.

Зь беларусамі так дакладна ня будзе. Нічога спрадвечна кепскага, агрэсіўнага ім закідаць ня будуць. Хутчэй можна прадбачыць ня надта зацягнутае ў часе вяртаньне даволі ўстойлівага стэрэатыпу народа міралюбнага і рахманага. Варта прыгадаць, што ня толькі падчас паўстаньня 2020 году, але і пасьля Плошчаў 2006 і 2010 гадоў цікавай рэакцыяй сьвету было, апроч іншага, і шчырае зьдзіўленьне: мы ж думалі, што беларусы ціхія і рахманыя, а яны, аказваецца, вось якімі могуць быць.

Але адметна, што кожны раз гэта ўспрымалася як адхіленьне ад нейкай нормы, як злом стэрэатыпу. Які хутка аднаўляўся, як Фэнікс з попелу. Скажам, украінскія ці кіргіскія рэвалюцыі выклікалі шмат пачуцьцяў і развагаў, але ніколі — зьдзіўленьне. Ва ўкраінцаў і кіргізаў гэта ўспрымалася як норма, у беларусаў — як адхіленьне ад яе.

Стэрэатып беларусаў — можа і ня самы лепшы, ён ня надта даспадобы самім беларусам, і ён не зусім справядлівы. Але ў пасьляваеннай пэрспэктыве ён выканае хутчэй станоўчую ролю, паскорыць пазбаўленьне суседзяў і сьвету ад непрыязнасьці да беларусаў.

Аднак здарыцца гэта, баюся, ня заўтра.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG