У Польшчу з тэрыторыі Беларусі 14 красавіка спрабавалі нелегальна трапіць 159 іншаземцаў, у тым ліку з Індыі і Судану, паведамляе Памежная служба Польшчы. 43 зь іх польскія патрулі вярнулі ў Беларусь. На ўчастку Баброўнікі 10 грамадзян Сырыі перасеклі Сьвіслач, на на ўчастку Нараўка — 5 індыйцаў пераправіліся праз Нараў. У раёне Белавежы грамадзянін Грузіі перавозіў 5 афганцаў, адзначае ведамства.
На латвійска-беларускай мяжы за 14 красавіка затрымалі 43 чалавекі, на літоўска-беларускай — 10, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Гэта рэкордная лічба за ўвесь час падлікаў ведамстваў з пачатку лістапада 2022 году — тады, 5 лістапада, краіны ЭЗ не дазволілі нелегальна патрапіць 228 мігрантам з тэрыторыі Беларусі.
Так, на мінулым тыдні лічбы былі наступныя: 13 красавіка краіны Эўразьвязу не дазволілі нелегальна трапіць на свае тэрыторыі 141 мігранту з тэрыторыі Беларусі, за 12 красавіка — 100 мігрантам, за 11 красавіка — 110 мігрантам, за 10 красавіка — 128 мігрантам, за 9 красавіка — 69 мігрантам, за 8 красавіка — 61 мігранту.
Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, таксама сьведчыць пра рост напружанасьці на мяжы Беларусі і Эўразьвязу: у студзені было 1 989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, у лютым — 2 034, у сакавіку — 3 401. З пачатку 2023 году нелегальна спрабавалі трапіць:
- у Польшчу: у студзені — 1 398 мігрантаў, у лютым — 1519, у сакавіку — 2 583;
- у Латвію: у студзені — 372 мігранты, у лютым — 377, у сакавіку — 559;
- у Літву: у студзені — 219 мігрантаў, у лютым — 138, у сакавіку — 259.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць замежнікаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
- Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
- Днямі Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне мігранцкага крызісу ў міжнародны суд. Мэта пазову — кампэнсацыя шкоды літоўскаму боку, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.