Які кантэкст дадае гэтай сустрэчы візыт Пуціна ў акупаваныя рэгіёны — Херсонскую і Запароскую вобласьці Ўкраіны, пра які заяўляюць крамлёўскія СМІ. Свае меркаваньні выказваюць украінскі палітоляг Яўген Магда і беларуская палітоляг Роза Турарбекава.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— 18 красавіка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком расейскай акупаванай часткі Данецкай вобласьці Ўкраіны, так званай «ДНР», Дзянісам Пушыліным. Прэсавая служба Лукашэнкі назвала Пушыліна «часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка ДНР». Раней Беларусь афіцыйна не прызнавала прыналежнасьці да Расеі акупаваных ёю ўкраінскіх рэгіёнаў. Што гэтая сустрэча дэманструе, сымбалізуе, азначае для ўладаў Беларусі, для кіраўніцтва Расеі і для Ўкраіны?
Роза Турарбекава: Я паглядзела кароткае відэа з сустрэчы. Мяне цікавілі пратакольныя моманты, бо ўзьнікае пытаньне, на якім узроўні адбывалася сустрэча. Гэта ня ўзровень прыняцьця кіраўніка дзяржавы. Нідзе не было бачна знакаў і сымбаляў «ДНР», нейкіх сьцягоў. Сам фармат сустрэчы быў фарматам, які можа распаўсюджвацца на высокапастаўленых палітычных дзеячоў, але адназначна не на кіраўнікоў дзяржаваў. Паслоў, напрыклад, ён у такім фармаце прымае. Чыста з сымбалічнага пункту гледжаньня гэта не азначае прызнаньня.
Але ў кароткай прамове, якая даступная, Лукашэнка дакладна вымаўляе — Данецкая народная рэспубліка. Гэта той крытэр ці прыкмета, які падкрэсьлівае нейкі нюанс прызнаньня. Дастаткова дваістая сытуацыя. Ён прымае Пушыліна. Між іншым, калі Пушылін апошні раз прыяжджаў у Беларусь, ён не прымаў яго. Цяпер адбыўся сам факт гэтай сустрэчы, але з пратакольнага пункту гледжаньня нічога ня сьведчыць пра тое, што ідзе гаворка пра прызнаньне. За выключэньнем гэтай фразы, калі ён цалкам вымавіў назву гэтага квазіўтварэньня.
Яўген Магда: Насамрэч Лукашэнка і Пушылін сёньня апынуліся на адным узроўні. Але Лукашэнка называе сябе кіраўніком дзяржавы, якая, сярод іншага, была ў ліку заснавальнікаў ААН, а Пушылін — палітычнае нішто. Але ад сёньня Лукашэнку будуць мераць Пушыліным — адзін Пушылін, палова Пушыліна, 0,3 Пушыліна... Лукашэнка разьмяняў вельмі малыя рэшткі сваёй легітымнасьці на тое, што ён пабачыў Пушыліна.
Ва Ўкраіне рэакцыі афіцыйных органаў мы дачакаемся, але, зь іншага боку, яе можа і ня быць, бо Ўкраіна палітычна Лукашэнку не прызнае. Для Ўкраіны сустрэча ў цэнтры Менску — сустрэча двух палітычных нішто, Лукашэнкі і Пушыліна. Каб Лукашэнка быў трошкі свабаднейшы ў сваіх манэўрах, то ён бы падумаў, згадаў бы пра долю Захарчанкі (кіраўнік так званай «ДНР», загінуў ад выбуху. — РС), былой марыянэткі Расеі Платніцкага (адзін з кіраўнікоў так званай «ЛНР». — РС) яшчэ да шырокамаштабнага расейскага ўварваньня. Гэта вельмі вытанчаны тролінг з боку Крамля. Лукашэнка ў свой час вельмі любіў сустракацца з кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў, а цяпер яму падсунулі поўную марыянэтку, якая нічога не вырашае.