Лінкі ўнівэрсальнага доступу

43% украінцаў за тое, каб не пускаць беларусаў ва Ўкраіну, — вынікі сацыялягічнага апытаньня


Дзяржаўны сьцяг Украіны і бел-чырвона-белы сьцяг, узьнятыя ўкраінцамі на ўкраінска-беларускай мяжы
Дзяржаўны сьцяг Украіны і бел-чырвона-белы сьцяг, узьнятыя ўкраінцамі на ўкраінска-беларускай мяжы

Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньня дарослага насельніцтва Ўкраіны, праведзеныя ў верасьні Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі (КМІС).

Сьцісла

  • Да 2014 году ўкраінцы ўспрымалі беларусаў і расейцаў як вельмі блізкія ім этнасы.
  • Пасьля 2014 году стаўленьне да расейцаў рэзка пагоршылася, аднак потым палепшылася.
  • У 2022 годзе адбыўся абвал – беларусы, якія жывуць у Беларусі, і расейцы, якія жывуць у РФ, сталі для ўкраінцаў самымі непрымальнымі, чужымі этнічнымі групамі.
  • Пры гэтым стаўленьне да беларусаў і расейцаў, якія жывуць ва Ўкраіне, заўважальна лепшае, чым да тых жа групаў у краінах, у якіх яны зьяўляюцца тытульнымі этнасамі.
  • Больш за 80% украінцаў ня хочуць бачыць ва Ўкраіне расейцаў з РФ, 43% украінцаў ня хочуць бачыць у сваёй краіне жыхароў Беларусі.
  • Для 85% украінцаў Беларусь — варожая краіна.

У верасьнёўскім 2022 году апытаньні сацыёлягі КМІС вымяралі, наколькі блізкія, прымальныя для апытаных прадстаўнікі тых ці іншых этнічных і моўна-этнічных групаў. Вымярэньні рабіліся з дапамогай так званай шкалы сацыяльнай дыстанцыі Багардуса.

На гэтай шкале адказу «гатовы прыняць як сваякоў» даваўся 1 бал, «як сяброў» — 2 балы, «як суседзяў» — 3 балы, «як калег па працы» — 4 балы, «як жыхароў Украіны» — 5 балаў, «як гасьцей ва Ўкраіне» — 6 балаў, «не пускаў бы ва Ўкраіну» — 7 балаў.

Чым вышэйшыя балы, тым больш непрымальныя, непрыемныя, чужыя апытанаму прадстаўнікі той ці іншай групы.

Сацыёлягі КМІС рэгулярна вымяралі сацыяльныя дыстанцыі насельніцтва Ўкраіны на працягу дзесяцігодзьдзяў, пачынаючы з 1994 году.

Графік 1. Індэксы сацыяльнай дыстанцыі дарослага насельніцтва Ўкраіны ад беларусаў і расейцаў, 1994–2017, КМІС

На графіку пазначаныя індэксы сацыяльнай дыстанцыі, сярэднія значэньні балаў па шкале Багардуса.

Відаць, што да 2014 году расейцы былі для ўкраінцаў вельмі блізкім этнасам, бліжэйшым, чым беларусы. У сярэднім прымальнасьць расейцаў сярод украінцаў вагалася ад гатоўнасьці прыняць іх як сяброў да гатоўнасьці прыняць як суседзяў. Беларусаў — у сярэднім як суседзяў.

Пасьля анэксіі Крыму і падтрымкі Расеяй сэпаратыстаў у Данбасе стаўленьне да расейцаў рэзка пагоршылася, сацыяльная дыстанцыя ад іх павялічылася, але пазьней стаўленьне крыху палепшылася. Падзеі 2014 году на стаўленьне да беларусаў практычна не паўплывалі. У выніку ў 2017 годзе стаўленьне ўкраінцаў да двух этнасаў аказалася аднолькавым, прычым даволі станоўчым.

А вось як выглядала карціна месяц таму.

Графік 2. Індэксы сацыяльнай дыстанцыі дарослага насельніцтва Ўкраіны ад розных этнічных і моўна-этнічных групаў, верасень 2022, КМІС

У верасьнёўскім 2022 году апытаньні сацыёлягі КМІС асобна высьвятлялі стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў і расейцаў — іхных суграмадзян і жыхароў адпаведна Беларусі і Расеі. Такое ўдакладненьне аказалася слушным, стаўленьне да прадстаўнікоў адпаведных этнасаў, якія жывуць ва Ўкраіне, аказалася прыкметна лепшым, чым да іх жа як грамадзян краінаў, дзе яны ёсьць тытульным этнасам.

Сацыяльная дыстанцыя ад беларусаў, што жывуць ва Ўкраіне, аказалася крыху большай, чым ад далёкіх геаграфічна немцаў, але меншай, чым ад суседзяў-румынаў. А беларусы — жыхары Беларусі аказаліся другой пасьля расейцаў -жыхароў Расеі непрымальнай этнічнай групай.

Параўнаньне з графікам 1 паказвае, што стаўленьне да беларусаў істотна пагоршылася ў параўнаньні зь велізарным пэрыядам назіраньняў за амаль чвэрць стагодзьдзя.

Сярэднія і нават найгоршыя паказьнікі стаўленьня да беларусаў наагул у пэрыяд з 1994 па 2017 год лепшыя, чым паказьнікі стаўленьня нават да беларусаў — грамадзян Украіны ў верасьні 2022 году.

Ну а да беларусаў — грамадзян Беларусі стаўленьне ўкраінцаў у верасьні 2022 году было гранічна кепскім. Горшым яно было толькі да расейцаў, якія жывуць у Расеі. У прыватнасьці, больш за 80% рэспандэнтаў сказалі, што не хацелі б бачыць ва Ўкраіне грамадзян РФ наагул. Да беларусаў — грамадзян Беларусі такое ж стаўленьне ў прыкладна 43% украінцаў.

Дзеля нагляднасьці прывядзем долі адказаў на пытаньне аб стаўленьні да беларусаў у верасьнёўскім 2022 году апытаньні КМІС.

Графік 3. Адказы на пытаньне «У якой якасьці вы гатовыя дапусьціць прадстаўнікоў гэтай групы?», у %, верасень 2022, КМІС

Крыху больш за чвэрць апытаных не хацелі б бачыць ва Ўкраіне тых беларусаў, якія ў ёй цяпер жывуць. Праўда, каля 40% гатовыя прымаць іх як сваякоў, сяброў і суседзяў. Але што тычыцца беларусаў зь Беларусі, то іх ва Ўкраіне, мякка кажучы, не чакаюць.

У апытаньнях у 1994–2017 гадах сацыёлягі КМІС задавалі пытаньне пра стаўленьне да беларусаў (і расейцаў) наагул. У 2018 годзе ўпершыню задавалася пытаньне пра стаўленьне да прадстаўнікоў гэтых этнасаў асобна як жыхароў Украіны і жыхароў краінаў, дзе гэтыя этнасы — тытульныя. Ніжэй прыводзіцца параўнаньне сувымерных дадзеных апытаньняў 2018 і 2022 гадоў.

Графік 4. Індэксы сацыяльнай дыстанцыі дарослага насельніцтва Ўкраіны ад беларусаў, расейцаў і габрэяў, 2018 і 2022 гады, КМІС

Графік 4 паказвае, як істотна зьмянілася стаўленьне за 4 гады пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны. З графіку відаць, што стаўленьне ўкраінцаў да габрэяў — жыхароў Украіны за гэты час практычна не зьмянілася. Габрэі і дзяржава габрэяў, калі такой лічыць Ізраіль, не нападалі на Ўкраіну і не спрыялі такім нападам. Беларуская дзяржава такому нападу спрыяла і спрыяе, вынікам чаго стаў абвал у нэгатыўны бок стаўленьня і да грамадзян Беларусі, і да беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне.

Дадзеныя апытаньняў КМІС пацьвярджаюцца і апошнімі дадзенымі іншага ўкраінскага дасьледчага цэнтру — Сацыялягічнай групы «Рэйтынг». Дасьледчыкі «Рэйтынгу» у кастрычніку задавалі пытаньне пра стаўленьне рэспандэнтаў да розных краінаў сьвету.

Графік 5. Дынаміка адказаў на пытаньне «Якімі гэтыя краіны зьяўляюцца адносна Ўкраіны?», Сацыялягічная група «Рэйтынг»

85% апытаных у кастрычніку ўкраінцаў адказалі, што Беларусь (а не адзін Лукашэнка) зьяўляецца краінай, варожай Украіне. І ў гэтых адказах — тлумачэньне, чаму гэтак катастрафічна зьмянілася стаўленьне да беларусаў, у тым ліку і да тых, якія жывуць ва Ўкраіне.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG