Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтар «Дасье» дасьледаваў, як расейскія спэцслужбы шпіёняць у Эўразьвязе пры дапамозе антэн на амбасадах


Дэманстрацыя супраць расейскай ваеннай агрэсіі ля амбасады Расеі ў Празе, Чэхія. Архіўнае фота
Дэманстрацыя супраць расейскай ваеннай агрэсіі ля амбасады Расеі ў Празе, Чэхія. Архіўнае фота

Больш за ўсё такіх антэн стаіць на будынку пасольства Расеі ў Брусэлі — 17.

Спэцслужбы Расеі ўсталявалі ў краінах Эўропы сыстэму сачэньня пры дапамозе антэн на амбасадах, а высланыя з гэтых краін расейскія дыпляматы іх абслугоўвалі, сьцьвярджае ў сваім расьсьледаваньні Цэнтар «Дасье».

Больш за ўсё такіх антэн, як адзначаюць расьсьледнікі, паставілі на будынку пасольства Расеі ў Брусэлі — 17. На дахах расейскіх пасольстваў у Мадрыдзе, Бялградзе, Лісабоне, Сафіі і Нікасіі іх 10 і больш. Сумарна на 39 будынках расейскіх пасольстваў і консульстваў у Эўропе разьмешчана сама меней 182 антэны.

«На першы погляд гэта падобна да разьвітых пастоў тэхнічнай выведкі, якія выкарыстоўваюцца для перахопліваньня электрамагнітнага выпраменьваньня, напрыклад радыёперамоваў мясцовых спэцслужбаў, мабільных размоваў і гэтак далей. Такое абсталяваньне расейцы выкарыстоўваюць па ўсім сьвеце», — расказаў былы кіраўнік польскай Службы ваеннай контравыведкі (SKW ) генэрал Пётр Пыцель.

Супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў пад дыпляматычным прыкрыцьцём выкарыстоўвалі гэтыя антэны для радыёперахопаў спадарожнікавай і праслухоўваньня мабільнай сувязі. Многія з 400 высланых расейскіх дыпляматаў, якіх западозрылі ў рабоце на выведку, атрымалі адукацыю ў галіне радыёсувязі і кампутарнай тэхнікі. Напрыклад, у Бэльгіі такіх «дыпляматаў» было як мінімум пяць.

«Мы ведаем, што такія апэрацыі па перахопу інфармацыі ня ёсьць нешта новае. Яны адбываюцца з пачатку халоднай вайны. І, вядома, таксама ў Брусэлі, дзе разьмешчаныя многія эўрапейскія інстытуты. Мы не павінны быць наіўнымі, гэта адбываецца і сёньня», — заявіў міністар юстыцыі Бэльгіі Вінцэнт Ван Квікенборн. Ён заўважыў, што «колькасьць абсталяваньня на дахах расейскага пасольства значная», і зьвязаў гэта з разьмяшчэньнем у Брусэлі штаб-кватэраў NATO і Эўразьвязу.

Расьсьледнікі таксама сьцьвярджаюць, што расейскія амбасады сочаць ня толькі за спэцслужбамі і палітыкамі іншых краін, але і за акцыямі пратэсту супраць Крамля.

«Калі паблізу праходзяць мітынгі, расейцы могуць адсочваць тэлефонны трафік і зьбіраць зьвесткі і ідэнтыфікатары, напрыклад, нумары IMEI бліжэйшых мабільных тэлефонаў», — расказаў Frontstory былы супрацоўнік контравыведкі Вугоршчыны.

Паводле яго слоў, прынамсі ў Вугоршчыне расейцы выкарыстоўваюць гэтую тэхналёгію на поўную магутнасьць. Зьвяраючы перахоп электронных камунікацый з камэрамі відэаназіраньня пасольстваў, яны назіраюць за пратэстамі і зьбіраюць інфармацыю пра мясцовых крытыкаў і ўкраінскія групы.

Экспэрт таксама паведаміў расьсьледнікам, што змагацца з такім праслухоўваньнем практычна немагчыма.

«Насамрэч вы нічога ня можаце зрабіць, гэта расейская тэрыторыя. Максымум — выключыць або пакінуць тэлефон дома, калі бачыце, што дах пасольства падобны да Байканура», — параіў ён.

Адзін з экспэртаў заявіў расьсьледнікам, што абсталяваньне радыёэлектроннай выведкі ў расейскіх дыппрадстаўніцтвах уваходзіць у зону адказнасьці ФСБ. Прычым тыя абслугоўваюць абсталяваньне, нават калі канкрэтнае заданьне выконваецца ў інтарэсах СВР ці ГРУ. Тэхнічны пэрсанал ФСБ, паводле яго слоў, аказвае падтрымку і чыста выведным апэрацыям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG