Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Эгіпта адмовіліся вырабляць рэактыўныя снарады для Расеі


Прэзыдэнт Эгіпту Абдэль Фатах ас-Сісі і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, 17 кастрычніка 2018
Прэзыдэнт Эгіпту Абдэль Фатах ас-Сісі і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, 17 кастрычніка 2018

З 1987 года Эгіпет мае статус «асноўнага саюзьніка па-за NATO» для Вашынгтона.

Улады Эгіпта адмовіліся ад пляну вырабляць рэактыўныя снарады для расейскіх войскаў пасьля ўмяшаньня ЗША, піша газэта The Washington Post са спасылкай на сакрэтныя дакумэнты амэрыканскай выведкі.

Раней выданьне са спасылкай на дакумэнты, якія выцеклі з Пэнтагону, паведамляла, што прэзыдэнт Эгіпта Абдэль Фатах ас-Сісі, адзін з найбліжэйшых саюзьнікаў ЗША на Блізкім Усходзе і буйны атрымальнік амэрыканскай дапамогі, нібыта загадаў сваім падначаленым вырабіць да 40 тысяч ракет для тайнай адпраўкі ў Расею.

Пляны ўладаў краіны зьмяніліся пасьля візытаў у Эгіпет амэрыканскіх афіцыйных асоб, у тым ліку кіраўніка Пэнтагону Лойда Остына ў пачатку сакавіка 2023 году. Замест гэтага Эгіпет пагадзіўся прадаць ЗША 152- і 155-мілімэтровыя артылерыйскія снарады для ўкраінскага войска.

У выданьні адзначылі, што ў дакумэнтах не ўказваецца, ці вярнуліся ўлады Эгіпта да свайго першапачатковага пляну паставак узбраеньняў для расейскай арміі, як і тое, ці адгрузілі яны ўжо абяцаныя ЗША для Ўкраіны боепрыпасы.

У адным з сакрэтных дакумэнтаў Пэнтагону, што выцеклі ў сеціва, датаваным 17 лютага 2023 году, на які зьвярнула ўвагу газэта, пераказваліся меркаваныя размовы паміж прэзыдэнтам Эгіпта і высокапастаўленымі эгіпецкімі вайскоўцамі, а таксама згадваліся пляны паставак у Расею артылерыйскіх снарадаў і пораху. Згодна з дакумэнтам, ас-Сісі даручыў чыноўнікам трымаць у сакрэце вытворчасьць і адгрузку снарадаў, «каб пазьбегнуць праблем з Захадам».

Акрамя таго, у дакумэнце цытаваўся міністар вытворчасьці ўзбраеньняў Махамэд Салах аль-Дзін, які нібыта заявіў, што «скажа сваім людзям працаваць пазьменна, калі гэта будзе неабходна, бо гэта будзе найменшым з таго, што Эгіпет мог бы зрабіць, каб адплаціць Расеі за раней аказаную дапамогу».

Эгіпецкія ўлады пазьней заявілі, што прытрымліваюцца пазыцыі неўмяшаньня ў вайну ва Ўкраіне і заклікаюць усе бакі скласьці зброю. Вядома, што прэзыдэнт Эгіпта 9 сакавіка гаварыў па тэлефоне з Уладзімірам Пуціным, аднак Крэмль заявіў, што яны абмяркоўвалі толькі «збожжавае пагадненьне» і пастаўкі Эгіпту расейскага збожжа. Прадстаўнік амэрыканскага ўраду на ўмовах ананімнасьці паведаміў, што, як відаць, плян паставак ня быў рэалізаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG