Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дачка сказала: „Вы можаце вяртацца ў Беларусь, але я не хачу“». Як былы палітвязень апынуўся ў ЗША


Алег Фамін з жонкай Настай і дачкой Вікторыяй у ЗША
Алег Фамін з жонкай Настай і дачкой Вікторыяй у ЗША

Алега Фаміна з Ваўкавыску затрымалі 15 жніўня 2020 году. За «гвалт над міліцыяй» — бойку з суседам з органаў, якога Алег назваў «фашыстам». Беларус адбыў два з паловай гады калёніі і выехаў у ЗША.

«У калёніі ў царкву хадзіць непажадана, гэта не падабаецца адміністрацыі»

Алег Фамін стаў сьведкам жорсткага разгону пратэстоўцаў у Ваўкавыску пасьля выбараў у жніўні 2020 году.

«На маіх вачах міліцыянт біў жанчыну, я меў шок ад такога відовішча. Сярод тых, хто біў людзей, я ўбачыў і свайго суседа-міліцыянта. Таму празь некалькі дзён, сустрэўшы яго, сказаў, што ён фашыст і „Жыве Беларусь!“. Сусед мяне ўдарыў, пачалася бойка», — успамінае былы вязень тыя падзеі. Неўзабаве Фаміна затрымалі.

На судзе Алег Фамін атрымаў вырак у два з паловай гады калёніі. Ягонай жонцы Насьце, якая ў момант бойкі была побач і кінулася на дапамогу мужу, прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі». Пацярпелы сусед-міліцыянт ацаніў свае пакуты ў 2 тысячы рублёў, якія Алег мусіў выплаціць.

Алег Фамін з жонкай Настай і дачкой Вікторыяй у ЗША
Алег Фамін з жонкай Настай і дачкой Вікторыяй у ЗША

Пасьля суду палітвязень трапіў у шклоўскую калёнію № 17. Атрымаў прафіляктычны ўлік № 3 (схільны да захопу будынкаў, закладнікаў, нападу на адміністрацыю) і № 10 (схільны да дэструктыўнай і экстрэмісцкай дзейнасьці). Улік — гэта абмежаваньні ў грашах на рахунку, перадачах, спатканьнях. І «дапамога» для адміністрацыі і канвойных, калі яны захочуць цябе пакараць, успамінае былы зьняволены. Фамін расказвае, што за адну гутарку зь міліцыянтам у калёніі можна адразу атрымаць ад трох да пяці парушэньняў.

«Падышоў міліцыянт. Ты мусіш прадставіцца так: „Завуць так і так, год нараджэньня, тэрмін зьняволеньня, пачатак і канец пакараньня, схільны да захопу будынкаў, экстрэмісцкай дзейнасьці“ і гэтак далей па сьпісе. Ён слухае, і кажа: „Чаму не вітаецеся?“. Гэта ўжо парушэньне. Пачынаеш пярэчыць — яшчэ парушэньне. Маўчыш — значыць, ігнаруеш міліцыянта, зноў парушэньне. Таму зноў пачынаеш спачатку пералічваць свае дадзеныя», — тлумачыць Алег.

Алег Фамін з жонкай Настай у ЗША
Алег Фамін з жонкай Настай у ЗША

Па яго словах, у апошнія гады шклоўская калёнія зрабілася цалкам «чырвонай». Гэта значыць, што рэй там вядуць не крымінальнікі, а адміністрацыя.

«Трымаць парадак» ёй дапамагаюць «актывісты» і «стукачы». Стукачоў шмат. Яны лічаць нават, колькі разоў я схадзіў у прыбіральню. І колькі па часе там быў. Бо прыбіральня — такое месца, дзе асуджаныя могуць паразмаўляць бязь лішніх вачэй«, — кажа былы зьняволены.

Ён заўважыў, што адміністрацыя ня любіць, калі «палітычныя» ходзяць у царкву. Бо баіцца, што яны там могуць размаўляць адзін з адным.

«Павал Севярынец ходзіць у царкву. Ён часта атрымлівае пакараньні. Не скажу, што менавіта за царкву. Але бачыў штомесяц, як ён стаяў з тымі асуджанымі, якія чакалі пакараньня. Штомесяц стабільна ён атрымлівае пакараньні», — кажа Фамін.


«Спачатку было пяць „палітычных“ на калёнію, цяпер іх 7-8 у кожным атрадзе»

Алега судзілі ў лістападзе 2020 году. Калі ўвесну 2021-га ён трапіў у шклоўскую калёнію, то быў адным зь першых «палітычных». Цяпер жа, сьцьвярджае Фамін, у кожным атрадзе па 7-8 палітычных. Усяго атрадаў у шклоўскай калёніі 17. Менавіта там у траўні 2021 году загінуў палітвязень Вітольд Ашурак. Пра ягоную гібель Алег даведаўся ад жонкі, калі яна патэлефанавала з волі.

«Бо мы былі ў розных атрадах, а яны максымальна ізаляваныя адзін ад аднаго. Таму я даведаўся пра сьмерць Вітольда з волі, ад жонкі», — кажа былы зьняволены.

Алег Фамін з жонкай Настай і дачкой Вікторыяй у ЗША
Алег Фамін з жонкай Настай і дачкой Вікторыяй у ЗША

Па словах былога палітвязьня, адміністрацыя калёніі настойвае, што палітычныя мусяць бездакорна выконваць ПУР — Правілы ўнутранага распарадку. Але звычайных крымінальнікаў гэтыя правілы мала тычацца.

«Напрыклад, адзін асуджаны ішоў з царквы і разьвітаўся зь іншым асуджаным, паціснуўшы руку. Гэта парушэньне ПУР. Кінуў нейкую фразу на разьвітаньне — парушэньне. Стукачы сочаць, дакладваюць «куды трэба», — успамінае былы вязень.

Раней сыстэма калёніі была жорсткай да так званых «наркаманаў» — тых, каго асудзілі паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу за злачынствы, зьвязаныя з абарачэньнем наркотыкаў.

«Да „наркаманаў“ было жорсткае стаўленьне. Трэба дзесяць парушэньняў паводле пляну на атрад — калі ласка. ШЫЗА, ПКТ і гэтак далей. Потым, пасьля 2020 году, пайшлі „палітычныя“. Схема пакараньняў ужо была адпрацаваная на „наркаманах“. Цяпер многія „наркаманы“ сталі „актывістамі“. То бок занялі пэўныя пасады, скажам гаспадарчыя, ці „дапамагаюць“ адміністрацыі», — апавядае Алег.

Ён кажа, што ня можа вылучыць сярод канваіраў добрых ці благіх.

«Ім далі каманду „фас“, яны яе выконваюць. Тым, што яны прыйшлі працаваць у такое месца, яны ўжо далі згоду на тое, што яны мусяць рабіць. Такі іх выбар. Трэба „павесіць“ парушэньне? Лёгка. Гузік не зашпілены, гарнітур памяты. Маўчыш — парушэньне, спрачаесься — парушэньне. Калі твой апанэнт і судзьдзя, і кат, то чый бок ёй зойме?» — разважае былы вязень.

«Вырашылі, што жыцьця нам не дадуць, таму паехалі»

Алег вызваляўся ў лістападзе 2022 году. «Хатняя хімія» у жонкі Насты скончылася раней. Але ў кастрычніку 2022-га да яе прыйшла міліцыя з вобшукам.

«З аўтаматамі, „як паложана“. Хацелі яе папалохаць. Забралі тэлефон на праверку, ведаючы, што яна не карыстаецца Telegram. Прычына вобшуку — „у інтэрнэце пачасьціліся выпадкі абразаў пракурора, які быў на вашым судзе“. Так патлумачылі. Патыкалі аўтаматам у фігурку з маленькім бел-чырвона-белым сьцягам, зробленую з плястыліну», — расказвае Алег.

Алег Фамін з жонкай Настай у ЗША
Алег Фамін з жонкай Настай у ЗША

Ён даведаўся, што арыштавалі буйнога прадпрымальніка з Ваўкавыску Дзьмітрыя Марозава. Нібыта за нявыплату падаткаў, але яму яшчэ і «накінулі» «гвалт у дачыненьні міліцыі». Гэта суправаджалася інфармацыйнай кампаніяй прапагандыстаў. Бізнэсоўца абвінавачвалі ў падтрымцы пратэстаў у 2020 годзе.

«Мы з жонкай разумелі, што наўрад ці нам дадуць спакойна жыць і працаваць. Я не ўяўляў надта, як тут жыць. Бо зноў абвінаваціць нас у нейкім „экстрэмізьме“ і забраць было б для іх лёгка. Тым больш мы з жонкай у сьпісах „экстрэмістаў“. Вырашылі ехаць», — кажа былы вязень.

«У дачкі тут наагул усё выдатна»

Для пераезду ў ЗША выбралі шлях праз Мэксыку. Гэта папулярны кірунак для ўцекачоў. Цяпер яго можна пераадолець легальна, калі зарэгістравацца праз адмысловую праграму CBPOne. Міграцыйныя службы ЗША стварылі гэтую праграму, каб упарадкаваць уезд у ЗША для мігрантаў.

«Там усё даволі складана. Трэба запоўніць анкеты, зарэгістравацца. Але мы прайшлі гэты шлях і трапілі ў ЗША. Іміграцыйны суд у нас прызначаны на 2024 год. Пакуль жа жывём тут, асвойваемся», — кажа Алег.

У новай краіне яны з жонкай і дачкой не былі самотнымі. Палітуцекачам дапамагалі беларускія эмігранты — сям’я Скарабагатых з Сан-Дыега, Надзея Нортан, кіраўніца Асацыяцыі Беларусаў Амэрыкі (ABA) з Сан-Францыска. Фаміны з дапамогай беларусаў наведалі Сан-Францыска, Сакарамэнта. Але вырашылі пачаць жыць у Сан-Дыега. Горад ім спадабаўся. Дачка, якой неўзабаве споўніцца 13 гадоў, ужо пайшла ў школу.

«Зь пяці гадоў яна вывучала з дапамогай рэпэтытара ангельскую мову. Таму ведае яе лепш за нас. Наагул ёй тут добра. Мы часам траплялі ў псыхалягічныя ямы, стрэс, было цяжка. Нават думалі ехаць назад. Дачка сказала: «Калі хочаце — едзьце, але я не хачу адсюль нікуды ехаць», — расказаў Алег.

«Трэба, каб бабулі і дзядулі расказвалі, што можна жыць іначай»

Алег Фамін разважае пра тое, што ў Беларусі ня так, што можна было зьмяніць і ці магчыма гэта ўвогуле.

«Што зьмяніць, калі ўлада трымаецца на штыках? У такім невялікім горадзе, як Ваўкавыск, кожны застаўся пры сваёй думцы. У людзей філязофія такая: каб іх не чапалі і каб плацілі той заробак у 300 рублёў. А трэба, каб усе захацелі зьменаў. Трэба, каб бабулі і дзядулі нам расказвалі, як у краінах Балтыі, што можна жыць іначай, як у іх было да 1940 году. І тады б усе сталі, узяліся за рукі, як гэта было ў краінах Балтыі ў 90-х», — лічыць былы зьняволены.

Ён таксама разважае пра ідэнтычнасьць беларусаў.

«У калёніі ня часта сустрэнеш беларускае прозьвішча. Усё перамяшана. Сьмірноў, Кавалёў, Цімашэнка, Шафарэнка. Тут шмат перамешчана ўсяго, у Беларусі. Адны выходзілі, бо прагнулі незалежнасьці для краіны, іншыя не выходзілі, бо ім гэта ня трэба. Людзі так рабілі, іх вініць ня варта. Бо так чалавек зроблены. Перамены могуць быць да лепшага ці да горшага? Для вас — да лепшага, вы так лічыце. Для іншых гэта будзе да горшага», — дадаў былы вязень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG