Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца 6 дзён на тыдзень, турэмная бібліятэка, прагляд фільмаў у калёніі. Навіны ад Андрэя Кузьнечыка  


Андрэй Кузьнечык. Архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык. Архіўнае фота

Палітвязень, журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, які адбывае 6-гадовае пакараньне ў Наваполацкай калёніі №1, працуе на лесапілцы. На чытаньне кніг застаецца мала часу. Але заўзяты раварыст не смуткуе аб страчаным чарговым сэзоне. 

Зьняволеныя ў папраўчых калёніях вымушаныя працаваць 6 дзён на тыдзень. Андрэй піша, што праца займае амаль увесь яго час.

«У мяне ўсё ў тым жа тэмпе: сьнягі, пілаваньне, стаяньні і „сьпяшаньні“. Альгарытмы зьядаюць дні, як піла бярвеньне, незаўважна і бясьсьледна. З аднаго боку, гэта і някепска, з другога — усё ж гэта дні нашага жыцьця і маёй з вамі разлукі. Бывае розны настрой, бывае, па-рознаму пачуваесься, бывае, надакучваюць аднолькавыя дзеяньні і размовы, але ў мяне заўсёды ёсьць успаміны пра вас і мары пра нашую будучыню. І калі, бывае, спытаецца хто, чаму я сумны, я адказваю: я ня сумны, я задуменны», — разважае Андрэй.

Андрэй можа вельмі сумаваць па ровары — сэзон у яго быў круглы год. Часам яму здаюцца сьляды роварных шынаў у мясцовай гразі. Але ў апошнім лісьце ён зрабіў такое прызнаньне.

«Ровары перасталі нават сьніцца. Часам толькі здаецца, што бачны роварны сьлед на гразкай зямлі, але я на гэта толькі горка пасьміхаюся. Роварнае захапленьне арганізм адпусьціў даволі лёгка. А вось праз тыдзень бяз тэкстаў на Акрэсьціна ў 2021-м драпінкі ды пісягі на сьценах пачыналі нагадваць літары, так што чытаць маёй натуры патрэбна значна больш, чым гойсаць на ровары», — робіць нечаканую выснову заўзяты раварыст Андрэй Кузьнечык.

«Знайшліся два словы, якіх я ня ведаю. „Пагугліш“ іх мне?»

У кожным лісьце Андрэй піша, што новага прачытаў, якія творы з задавальненьнем перачытваў яшчэ раз. Аднак скардзіцца, што вольнага часу на чытаньне застаецца вельмі мала.

«Кніг у тутэйшай бібліятэцы, я разьлічваю, мне хопіць да канца тэрміну. І гэта не пра багаты выбар, а пра аптымізм. З 6-дзённай працай я добра калі пасьпяваю прачытаць адну кнігу за паўмесяца. Ёсьць дні, калі ні на радочак часу не стае», — піша палітвязень.

Прачытаўшы штосьці цікавае і сустрэўшы нейкія невядомыя яму словы, Андрэй дае заданьне жонцы «загугліць» і высьветліць, што яны азначаюць.

«Чытаю, як першы раз, „Неруш“ Казько. Экалягічны сюжэт, паэтычны стыль — як я люблю. Знайшліся два словы, якія я ня ведаю: юхт і шацьце (ці шаць). Пагугліш іх мне?» — просіць Андрэй.

Чытаньне для Андрэя — гэта ня толькі магчымасьць заняць вольны час, але і знайсьці штосьці карыснае для сябе, зразумець паводзіны і псыхалёгію іншых людзей, зь якімі ён вымушаны апынуцца побач у даволі складаных умовах.

«Учора прачытаў у кніжцы цытату, якая, здаецца, трошку характарызуе і мяне і тлумачыць бесканфліктнае і адносна бескампанейскае (у добрым сэнсе) стаўленьне маё і да мяне тут. Я ўмею з разуменьнем ставіцца да кожнага чалавека, калі ягоныя дзеяньні не вынікаюць з разважлівай подласьці. Яшчэ на волі зьбіраўся прачытаць кніжку, ды ўсё часу не было», — піша Андрэй.

Ліст, які Андрэй Кузьнечык прыслаў з калёніі
Ліст, які Андрэй Кузьнечык прыслаў з калёніі

«Я веру ў незваротнасьць руху чалавецтва ў кірунку прагрэсу, камфорту, недапушчэньня войнаў»

Андрэй паўтара дзясятка гадоў працаваў рэдактарам і не ўяўляў ніводнага дня без кампутара, інтэрнэту, гартаньня навіннай стужкі, аналізу падзей. А тут навіны даводзіцца вышукваць у беларускіх дзяржаўных СМІ, якія дазволілі выпісаць, з фрагмэнтарных зьвестак, якія да яго даходзяць. Аднак цэласная карціна сьвету не складаецца. Таму даводзіцца разважаць.

«Ад войнаў чалавецтва мусіла атрымаць надзейную прышчэпку 80 гадоў таму, і калі да кагосьці не дайшло, то ў парадку выключэньня гэтую памылку чалавецтва знойдзе як выправіць. Хаця б таму, што для татальнай вайны ў чалавецтва няма запасной плянэты. Карацей, я веру ў незваротнасьць руху чалавецтва ў кірунку прагрэсу, камфорту, недапушчэньня войнаў і вяртаньня ў цемрашальства і ізаляцыю».

Цікавяць Андрэя і мясцовыя навіны. «Вячэрні Мінск» напісаў, што ў ягоным раёнчыку, на вуліцы Герасіменкі, пабудуюць праз два гады шакалядную фабрыку — філіял «Камунаркі».

«Спадзяюся, што лес секчы ня будуць, а зоймуць пустку каля складоў гародніны за „Мандарынам“. Але пах какававых бабоў на тым канцы раёна, думаю, гарантаваны. Прынамсі, каля цяперашняй „Камунаркі“ карамэлькамі і шакалядкамі пахне кілямэтры за два. Ня ведаю, падаражаюць там кватэры ці патаньнеюць? Як лічыш?»

«Радасна зьдзівіла навіна пра новую песьню. Пішы і пра крытычныя водгукі»

Андрэй пастаянна турбуецца пра дзяцей, уважліва сочыць па расповедах жонкі, па шматлікіх фатаздымках, як растуць трохгадовы Мацейка і дзевяцігадовая Яніна, якія новыя ўменьні і рысы ў іх праяўляюцца. Бацька пастаянна дае дыстанцыйныя парады, што ім пачытаць і паглядзець.

«Прыемна, што дзеці не заснулі ад нуды на любімым фільме майго дзяцінства. У мяне ў запасе ёсьць яшчэ адзін — „Палёт навігатара“. Мо някепска, калі яны паглядзяць старыя разумныя фільмы, перш як іх непазьбежна зацягне „Сусьвет Марвэла“ ды іншы падлеткавы коміксны экшн. Яшчэ было добрае кіно „Іншаплянэцянін“. А „Госьця з будучыні“ з кефірнымі бутэлькамі і кардоннымі дэкарацыямі відаць, усё-ткі, глядзець ужо архаічна», — разважае бацька.

Андрэй паведамляе, што і ў калёніях зьняволеным паказваюць новыя фільмы.

«Нам тут, дарэчы, таксама паказалі нетрывіяльнае кіно — „Хутчэй за кулю“. Там яшчэ Брэд Піт зьняўся. Фільм новы, апошняга часу. Але ніхто ня ўгледзеў, хто рэжысэр. Высьветліш? Бо я пярэчу шматлікім сьцьверджаньням, што Таранціна, бо той яшчэ ў мой „вольны час“ пагражаў, што больш фільмаў здымаць ня будзе», — дае чарговае заданьне жонцы Андрэй.

Нядаўна ў ютубе зьявіліся песенькі на Андрэевы вершы — «Гілі» і «Верабейка-гаспадар». Прыдумала музыку і запісала песьні Тацяна Грыневіч-Матафонава, аранжыроўку зрабіў яе сын Адась Матафонаў. Сваякі напісалі пра гэта ў лістах. Андрэй адказаў:

«Радасна зьдзівіла навіна пра новую песьню. Што сказала Яніна, што напісалі ў камэнтарах? Пішы і пра крытычныя водгукі. Яны ж таксама мусяць быць, таксама цікава», — адрэагаваў палітзьняволены.

«Можа, мой бацькоўскі будзільнік сыгналізуе, што сын падрос?»

Андрэй атрымаў пасылку з разнастайнай гарбатай, цынамонам і піша, што пасьля вечаровай вітаміннай гарбаткі яму зноў пачаліся сьніцца сямейныя сны — выразныя, сюжэтныя, рэалістычныя.

«У адным з апошніх мы з табой зьбіраліся на каранацыю. Апрануліся ў штосьці лепшае з шафы... Якая гэта каранацыя, у сьне не раскрывалася. Але, магчыма, і наша. Другі сон таксама быў цікавы паўторамі дэкарацый: ужо каторы раз я сьню, як іду на таемную станцыю мэтро... Раней я сам на яе заходзіў, потым зь Янькай, а цяпер з Мацьвеем... Можа, мой бацькоўскі будзільнік сыгналізуе, што сын падрос і яму пара паказваць і расказваць нешта новае? Тое ж, зь лістоў разумею, і зь Янінай...» — піша Андрэй.

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

  • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
  • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
  • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
  • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
  • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG