Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца ЗША ў ААН: «Расеі ўвогуле не павінна быць у Радзе Бясьпекі ААН»


Сталая прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд падчас візіыу ва Ўкраіну. Кіеў, 8 лістапада 2022
Сталая прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд падчас візіыу ва Ўкраіну. Кіеў, 8 лістапада 2022

Сталая прадстаўніца Злучаных Штатаў пры ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што ЗША будуць рабіць усё магчымае для вызваленьня амэрыканскіх грамадзян, якія былі несправядліва затрыманыя ў Расеі.

Амбасадарка Злучаных Штатаў Амэрыкі ў ААН Лінда Томас-Грынфілд у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» падзялілася сваёй заклапочанасьцю наконт уплыву Расеі і Кітая ў сьвеце.

Амэрыканская дыпляматка, якая таксама зьяўляецца чальцом кабінэта прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, паведаміла, што падчас старшынства Расеі ў Радзе Бясьпекі ААН у красавіку ЗША будуць узаемадзейнічаць зь ёй па шэрагу пытаньняў, але ў гэты момант асобнай сустрэчы зь міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым, які прыедзе ў ААН пазьней у гэтым месяцы, не плянуецца.

Адказваючы на пытаньне аб сувязях Крамля з Вэнэсуэлай і рэжымам Артэгі і Мурыльлё ў Нікарагуа Томас-Грынфілд сказала: «Гэта выклікае вялікую заклапочанасьць».

«Як можна заўважыць па выніках галасаваньня ў [Генэральнай Асамблеі], гэта тыя краіны, якія працягваюць падтрымліваць Расею, — дадала яна. — Але яны знаходзяцца не на тым баку гісторыі, і ім трэба зразумець, што яны не на тым баку гісторыі, таму што сьвет стаіць на баку Ўкраіны, сьвет выступае супраць Расеі, і яны павінны ўбачыць „пісьмёны на сьцяне“, якія абазначаюць, што падтрымка Расеі — гэта пройгрышная пазыцыя».

Камэнтуючы старшынства Расеі ў Радзе Бясьпекі ААН, Томас-Грынфілд сказала:

«Расеі наогул не павінна быць у Радзе Бясьпекі, але яна зьяўляецца пастаянным сябрам Рады, і мы ня можам гэта зьмяніць».

«На працягу гэтага месяца мы маем намер узаемадзейнічаць па важных пытаньнях парадку дня Рады Бясьпекі, — дадала яна. — Гэта ня толькі Ўкраіна. Мы чакаем, што Расея будзе шукаць магчымасьці для распаўсюджваньня сваёй дэзынфармацыі, асабліва калі тут будзе іх міністар замежных спраў Лаўроў».

«У цяперашні момант няма ніякіх плянаў кантактаў зь ім, — заявіла амэрыканская дыпляматка. — Але, вядома ж, мы будзем рабіць усё магчымае для вызваленьня амэрыканскіх грамадзян, якія былі несправядліва затрыманыя. Дзяржсакратар размаўляў зь міністрам замежных спраў Лаўровым на выходных і запатрабаваў вызваліць журналіста Wall Street Journal і іншых амэрыканцаў, якія незаконна ўтрымліваюцца расейскім урадам».

Расейская ФСБ раней заявіла аб спыненьні «супрацьпраўнай дзейнасьці» карэспандэнта Wall Street Journal, амэрыканскага грамадзяніна Эвана Гершковіча.

Гершковіча затрымалі ў Екацярынбурзе, заведзена справа аб шпіянажы, паведамляе спэцслужба.

Аб затрыманьні ў Расеі Эвана Гершковіча стала вядома 31 сакавіка. На наступны дзень выданьне The Wall Street Journal заклікала ўлады ЗША выслаць з краіны расейскіх журналістаў і дыплямата.

Эван Гершковіч стаў першым з 1986 году амэрыканскім журналістам, якога Масква абвінаваціла ў шпіянажы. Яшчэ ў савецкія часы праз аналягічнае абвінавачаньне затрымлівалі журналіста Ніка Данілава.

Амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal паведаміла, што пасьля затрыманьня карэспандэнта Эвана Гершковіча замежныя агенцтвы пакідаюць Расею як краіну, «небясьпечную для журналістыкі».

«Шмат заходніх інфармацыйных агенцтваў, якія адпраўлялі рэпартэраў у Маскву яшчэ пры Сталіну, прыйшлі да высновы, што Расея Ўладзімір Пуціна небясьпечная для журналістыкі», — адзначаецца ў апублікаваным выданьнем артыкуле.

Выданьне таксама паведаміла, што «адклікала з Расеі свайго кіраўніка маскоўскага бюро, карэспандэнта-вэтэрана, які працаваў у краіне з апошніх гадоў халоднай вайны».

У WSJ напісана, што да затрыманьня Эвана Гершковіча ў Екацярынбурзе за ім сачылі.

У артыкуле таксама адзначаецца, што амэрыканскаму журналісту, якога Расея абвінаваціла ў шпіянажы, не дазволілі сустрэцца з адвакатам. Цяпер ён знаходзіцца ў Лефортаўскай турме ФСБ у Маскве, дзе ў Расеі ўтрымліваюць большасьць падазраваных у шпіянажы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG