«Шмат заходніх інфармацыйных агенцтваў, якія адпраўлялі рэпартэраў у Маскву яшчэ пры Сталіну, прыйшлі да высновы, што Расея Ўладзімір Пуціна небясьпечная для журналістыкі», — адзначаецца ў апублікаваным выданьнем артыкуле.
Выданьне таксама паведаміла, што «адклікала з Расеі свайго кіраўніка маскоўскага бюро, карэспандэнта-вэтэрана, які працаваў у краіне з апошніх гадоў халоднай вайны».
У WSJ напісана, што да затрыманьня Эвана Гершковіча ў Екацярынбурзе за ім сачылі.
У артыкуле таксама адзначаецца, што амэрыканскаму журналісту, якога Расея абвінаваціла ў шпіянажы, не дазволілі сустрэцца з адвакатам. Цяпер ён знаходзіцца ў Лефортаўскай турме ФСБ у Маскве, дзе ў Расеі ўтрымліваюць большасьць падазраваных у шпіянажы.
Паводле WSJ, Эван Гершковіч быў адзіным амэрыканскім карэспандэнтам, які мог бачыць, як пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну першых параненых расейскіх вайскоўцаў вярталі дадому празь Беларусь. Ён у сакавіку 2022 году наведваў беларуска-ўкраінскую мяжу.
Аб затрыманьні ў Расеі Эвана Гершковіча стала вядома 31 сакавіка. На наступны дзень выданьне The Wall Street Journal заклікала ўлады ЗША выслаць з краіны расейскіх журналістаў і дыплямата.
Эван Гершковіч стаў першым з 1986 году амэрыканскім журналістам, якога Масква абвінаваціла ў шпіянажы. Яшчэ ў савецкія часы праз аналягічнае абвінавачаньне затрымлівалі журналіста Ніка Данілава.