Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве выказаліся пра тое, навошта Пуціну ядзерная зброя ў Беларусі і ці трэба Ўкраіне дадатковая мабілізацыя


Плошча Незалежнасьці ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота
Плошча Незалежнасьці ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне перакананыя, што заява расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі зьяўляецца адказам на паразы расейскай арміі на полі бою.

Народны дэпутат Украіны, сябра парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і выведкі Фёдар Веніслаўскі заявіў, што ва Ўкраіне патрэбна будзе дадатковая мабілізацыя толькі тады, калі гэта будзе дыктаваць сытуацыя на фронце, а не разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі.

Фёдар Веніслаўскі
Фёдар Веніслаўскі

«Калі Ўкраіна будзе вымушаная пераходзіць у контратакі, будуць неабходныя нейкія дадатковыя сілы і сродкі, якія мусяць забясьпечыць эфэктыўнасьць гэтых наступальных апэрацый. Калі такая неабходнасьць будзе, зноў жа, гэта будзе вызначаць Генэральны штаб, улічваючы плянаваньне, пэрспэктывы і рэальны стан рэчаў. Я маю на ўвазе, што вайна, на вялікі жаль, непазьбежна вядзе да стратаў, і такія страты патрабуюць аднаўленьня», — сказаў Фёдар Веніслаўскі ў эфіры Радыё Свабода.

Паводле яго, магчымае перамяшчэньне ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь ня можа быць прычынай для дадатковай мабілізацыі, як гэта заявіў кіраўнік праўладнай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія.

Прадстаўнік прэсавай службы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што заява расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі зьяўляецца адказам на паразы расейскай арміі на палях бою.

Андрэй Юсаў
Андрэй Юсаў

«Вядома ж, гэта павышэньне ставак. Хоць і Злучаныя Штаты, і Эўрапейскі зьвяз у гэтай сытуацыі адназначна рэагуюць, што на гэты шантаж паддавацца не плянуюць», — сказаў Андрэй Юсаў у эфіры Радыё Свабода.

Прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны дадаў, што перамяшчэньне ядзернай зброі і будаўніцтва ядзерных аб’ектаў ня могуць быць незаўважанымі. «Аб перамяшчэньні самой ядзернай зброі пакуль няма размовы», — дадаў ён.

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG