Кацярыну Шуст затрымалі 16 сакавіка. На відэа, зьнятым пад прымусам сілавікоў, Кацярына па-беларуску «прызнаецца» у тым, што ў сваіх сацсетках распаўсюджвала «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама нібыта прайшла рэгістрацыю ў чат-боце пляна «Перамога».
Газэта «Новы час» апублікавала ліст Кацярыны Шуст, які яна напісала напрыканцы 2021 году і пакінула сябрам на выпадак затрыманьня. Сябры пераслалі ліст у рэдакцыю.
Вось што напісала Кацярына
- Калі гэта апублічана, значыць, я за кратамі. І наўрад ці ненадоўга. Таму што калі мяне затрымалі і правялі вобшук у кватэры ды праверку тэхнікі, то знайшлі ўсё. Я прынцыпова не адпісалася ад «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. У мяне не паднялася рука пазбавіцца ад сьцяга, «Пагоні» ды іншай сымболікі, выдаліць фота з пратэстаў. Я ні за што не стала б выракацца сваіх каштоўнасьцей і рабіць выгляд, што я выпадковы чалавек. Таму што для мяне гэта справа гонару і сумленьня.
- Магу толькі спадзявацца, што мне хапіла сілы і сьмеласьці і не зьявілася ніякага «пакаяльнага» відэа са мной. А калі зьявілася — гэта значыць, мне было вельмі-вельмі балюча і я не такая моцная, як думала. Прабачце мне гэта, сябры.
- Ці магла я пазьбегнуць затрыманьня, зьехаць за мяжу? Я не бачу ў гэтым сэнсу. Усё маё сьвядомае жыцьцё зьвязана з Радзімай і маім змаганьнем за лепшы лёс для яе. Усе, каго я кахала і кахаю, любіла і люблю, заявіліся ў маім жыцьці на доўгім шляху гэтага змаганьня. Самае дарагое, што ў мяне ёсьць — гэта мая мама, мае сябры і мая краіна.
- Я знайшла свой сапраўдны дом і стала самой сабой толькі праз тое, што жыву ў Беларусі, і без яе свайго лёсу я не ўяўляю. Можна быць на волі і ў бясьпецы, знайсьці ўтульнае жытло і добрую працу, бачыць прыгожыя месцы — але для мяне не было б у гэтым ніякай радасьці, калі б гэта было коштам разьвітаньня з Радзімай.
- Таму лепш я буду ў турме, але на роднай зямлі, чым на чужыне, чым здраджу ўсяму, у што веру і для чаго жыву.
Кацярына Шуст — колішняя актывістка партыі БНФ. У 2016-м у Слуцку яна балятавалася ў дэпутаты. Таксама яна доўгі час працавала прадавачкай беларускай сымболікі.