Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Расейскую журналістку завочна асудзілі за «тэрарызм». Яна заклікала пісаць беларускім «рэйкавым партызанам»

Расейскую журналістку завочна асудзілі за «тэрарызм». Яна заклікала пісаць беларускім «рэйкавым партызанам»


Марыя Меньшыкава
Марыя Меньшыкава

У Расеі вынесьлі чарговы палітычна матываваны прысуд. На гэты раз — за заклікі пісаць лісты беларускім палітвязьням. Асуджаная пасьпела пакінуць Расею.

Рэдактарка расейскага выданьня Doxa Марыя Меньшыкава атрымала завочна 7 гадоў пазбаўленьня волі за заклікі пісаць палітвязьням. Пра гэта паведаміў мэдыяпраект «Сетевые Свободы».

Другі Заходні акруговы вайсковы суд у Маскве прызнаў яе вінаватай паводле ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу Расеі («Акт тэрарызму»). Падставай для перасьледу журналісткі паслужылі дзьве публікацыі, разьмешчаныя летам 2022 году ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце».

У адным паведамленьні Меньшыкава заклікала пісаць лісты расейцам Дзянісу Сердзюкову, Ільлі Фарбэру і Дзьмітрыю Ляміну, асуджаным за падпал вайсковых камісарыятаў. У другім запісе ў сацыяльнай сетцы журналістка заклікала пісаць беларускім палітвязьням Дзянісу Дзікуну, Дзьмітрыю Равічу і Алегу Малчанаву, якім прысудзілі доўгія тэрміны зьняволеньня ў «справе сьветлагорскіх партызанаў».

За кожную з публікацый Меньшыкавай прызначылі па 3,5 года пазбаўленьня волі.

З 2022 году да праяў «тэрарызму» у Расеі прыраўноўваюць публічныя паведамленьні з «апраўданьнем тэрарызму ў інтэрнэце».

Працэс праходзіў завочна, бо Меньшыкава ўжо знаходзіцца за межамі Расеі.

Справа «сьветлагорскіх партызанаў»

Дзяніса Дзікуна асудзілі ў канцы 2022 году разам зь яшчэ двума «рэйкавымі партызанамі» са Сьветлагорску — Алегам Малчанавым і Дзьмітрыем Равічам, яны атрымалі тэрміны ад 21 да 23 гадоў калёніі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня на чыгуначнай станцыі Жэрдзь-Астанкавічы 28 лютага, на чацьвёрты дзень поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве», рэгістрацыю ў пляне «Перамога» і сувязь з ByPol.

Сьветлагорцаў затрымалі 4 сакавіка 2022 году і зьмясьцілі пад варту. Яшчэ да суду іх унесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазыцыя палітвязьняў у справе невядомая. Прысуд вынес судзьдзя Анатоль Сотнікаў.

Дзяніса Дзікуна ў канцы красавіка 2023 году перавялі ў горацкую калёнію, дзе неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ. Пазьней па ініцыятыве адміністрацыі калёніі на палітвязьня завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі») і дадалі да ягонага тэрміну яшчэ 2 гады.

Усіх траіх прызналі палітвязьнямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG