Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамэханік, будаўнік і кіроўца расказваюць, як іх падманулі на працы ў Польшчы. Спыталіся ў юрыста, што рабіць у такіх выпадках


Будаўнікі. Ілюстрацыйнае фота
Будаўнікі. Ілюстрацыйнае фота

Упаў з вышыні і трапіў у шпіталь, ня выплацілі заробку, пагражалі, звольнілі падчас бальнічнага. Беларусы расказваюць, як сябе абараніць, а таксама даюць парады, у якія кампаніі і на якіх умовах лепш уладкоўвацца.

Уладзімер (імя зьменена на просьбу суразмоўцы) выехаў зь Беларусі праз пагрозу перасьледу. Уладкаваўся працаваць мэханікам у аўтасэрвісе ў Варшаве.

«Я даведаўся пра гэты аўтасэрвіс праз праграму „Новая Беларусь“. Напісаў, папытаў, ці патрэбен ім супрацоўнік. Пару тыдняў быў у чаканьні, потым дамовіліся, пайшоў працаваць стажорам з акладам 500 злотых на тыдзень (каля 120 даляраў. — РС). Спачатку такое задавальняла. Потым зразумеў, што цяжка на гэтыя грошы выжываць, пачаў шукаць новае месца. Адпрацаваў два тыдні, забраў 1000 злотых. Праз пару дзён уладальнік сэрвісу папрасіў падысьці, пагаварыць», — дзеліцца Ўладзімер.

Хлопец дадае, што працаваў нелегальна, бо ўладальнік пагадзіўся зрабіць дакумэнты толькі праз тры месяцы.

«Гэта як выпрабавальны тэрмін быццам. Пасьля яго мусіла быць афармленьне. Але мне ў гэта мала верылася, бо адзін мой калега год працаваў без дакумэнтаў», — кажа суразмоўца.

Уладзімер кажа, што калі прыйшоў на размову да ўладальніка сэрвісу, у ягоны бок пачаліся пагрозы.

«Я патлумачыў, што знайшоў новае месца працы, дзе ўмовы лепшыя і афіцыйнае афармленьне. Уладальнік сказаў, што мы так з ім не дамаўляліся (хаця як такой дамовы не было). Ён папрасіў вярнуць грошы за апошнія два тыдні, альбо заставацца там і адпрацоўваць. Ён казаў: „Ці вяртай грошы, ці пішы расьпіску“. Мяне гэта не задавальняла, бо я сумленна адпрацаваў і мне няма за што вяртаць грошы. Калі я зазьбіраўся ісьці, у мой бок пайшлі пагрозы: „Варшава маленькая, знаёмых шмат, цябе знойдуць“».

Хлопец пачаў запісваць размову на дыктафон і напісаў сваім калегам, што ўладальнік патрабуе грошай і ня хоча выпускаць з кабінэту.

«Праз 3-5 хвілін калегі прыйшлі і заступіліся за мяне, дапамаглі выбрацца. Уладальнік пачаў гаварыць, што я не аддаю грошай, калегі спыталі: „Якія грошы? Ён жа на акладзе быў, і гэта сумленна заробленыя“. Адбыўся канфлікт уладальніка сэрвісу з калегамі, якія ледзь не пазьбіралі рэчы, каб разам са мной пайсьці адтуль. Праз 40 хвілін прыехаў мой брат, тады ўладальнік цалкам зьмяніўся, пачаў усё адмаўляць. Быццам ніякіх пагроз у мой бок не было. Але гэта падман і ў мяне ўсё запісана на дыктафон».

Празь дзень уладальнік сэрвісу папрасіў прабачэньня перад Уладзімерам і канфлікт скончыўся, кажа хлопец.

«Выявілася, што па тры месяцы людзям не даюць заробку»

У будаўніка Мікалая (імя зьменена на просьбу суразмоўцы) адбыліся дзьве непрыемныя гісторыі з працадаўцамі ў Польшчы. У сьнежні 2021 году мужчына ўладкаваўся на будаўнічыя работы за 25 злотых на гадзіну (каля 6 даляраў — РС). Але працадаўца выплаціў першы заробак толькі за паўмесяца.

«У калектыве былі хлопцы з Украіны, Грузіі, і выявілася, што па тры месяцы людзям не даюць заробку. Я ня мог зразумець, навошта сябе ў даўгі заганяць. Працадаўца доўга ня мог мяне разьлічыць, спасылаўся на інвэстараў, што яны не выплачваюць грошай. Але я бачыў, што матэрыялы своечасова прывозяць, сам ён на мультывэне езьдзіць (мадэль аўтамабіля павялічанай камфортнасьці. — РС). Калі справа даходзіла да аплаты, у яго былі адно адмазкі. Я зразумеў, што нічога добрага ня будзе», — апавядае Мікалай.

Мужчына ў выніку вырашыў зьвярнуцца ў Інспэкцыю працы (дзяржаўная ўстанова, якая сочыць за выкананьнем правоў працоўных у Польшчы. — РС). Напісаў туды скаргу пра адсутнасьць аплаты і даслаў ім усе дакумэнты з пазначаным працоўным часам.

«Я адправіў скаргу а 9-й раніцы, і ўжо а 15-й мне прыйшлі грошы на рахунак. Я быў прыемна зьдзіўлены. І літаральна празь месяц прыйшло яшчэ 2500 злотых — напэўна, маральная кампэнсацыя», — кажа суразмоўца.

Гэта гісторыя скончылася добра, а вось іншая яшчэ працягваецца. Мікалай уладкаваўся на фасадныя работы ў Катавіцах, працаваў на вышыні.

«Здарыўся няшчасны выпадак: я зваліўся з даху, праляцеў 7 мэтраў і трапіў у шпіталь. У мяне быў шок, хлопцы кажуць, што я ўстаў і пайшоў, хоць я гэтага не памятаю. Я быў месяц у шпіталі і яшчэ 2 месяцы на бальнічным дома, хадзіў на рэабілітацыю. Працадаўца разьлічыў мяне толькі па аб’ёмах зробленай да гэтага працы, бо ў нас была пісьмовая дамова, што разьлік па тарыфе. Ён мне заплаціў толькі за квадратныя мэтры. А тое, што лячыўся ў шпіталі, дома за свой кошт, засталося без аплаты», — расказвае суразмоўца.

Юрыдычна атрымліваецца, што працадаўца «чысты», кажа Мікалай. Па словах беларуса, яго кіраўнік толькі мусіў выплаціць штраф за парушэньне ўмоваў працы. Мікалай пры гэтым зазначае, што працадаўцы ў Польшчы паводзяць сябе іначай, чым у Беларусі.

«Напрыклад, у Беларусі звычайна адразу заключаецца дамова на год. Калі на працягу гэтага часу добра працуеш, то падаўжаеш дамову на тры гады, потым на пяць гадоў. А тут кожны другі працадаўца „шыфруецца“, ня хоча плаціць падаткаў, браць адказнасьць. Для іх праца „у чорную“ — гэта добра. А калі чалавек афіцыйна працуе, яму трэба рабіць дазвол на жыхарства. Калі чалавек з Украіны, то яшчэ шмат розных дакумэнтаў, якія працадаўцу нявыгадныя».

Некаторыя працадаўцы маюць прынцыповую пазыцыю — праца толькі зьдзельная, а не па тарыфах, тлумачыць Мікалай.

«Але я ведаю, што ніводзін паляк не падпішацца на такое, бо тады працадаўца застаецца ў плюсе, а не супрацоўнік. Напрыклад, мэтар квадратны каштуе каля 100 злотых (укладка квадратнага мэтра кафлі. — РС), а супрацоўніку плацяць 25 злотых за гадзіну. Атрымліваецца, паляк будзе цэлы дзень 5 квадратаў кафлі рабіць, груба кажучы. А наш чалавек цэлы хол пакладзе, а разьлік ідзе па гадзінах».

Калі вас падмануў працадаўца, ня выплаціў заробку ці былі іншыя парушэньні, Мікалай раіць адразу зьвяртацца ў Iнспэкцыю працы.

«Законы тут працуюць. У выпадку нейкіх праблем Інспэкцыя працы вельмі добра дапамагае нашым хлопцам і ўкраінцам, бо я чуў, што іх таксама любяць „кінуць“. У гэтую арганізацыю варта зьвяртацца, яны прымаюць заявы онлайн. Але трэба мінімальна хаця б ведаць польскую мову. Зноў жа яны будуць займацца вашай праблемай толькі тады, калі ёсьць дакумэнты. Бо, калі іх няма, будзе складаней даказаць, што праўда на вашым баку. Я б параіў першапачаткова хаця б на тры месяцы заключыць нейкую папяровую дамову, калі вы ўладкоўваецеся».

«Мне казалі: „Калі нейкая паліцыя побач, сядзі ў кабіне і не высоўвайся“»

Валер (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) амаль год працаваў у транспартнай фірме, якую ў Польшчы адкрылі беларусы.

«У нас была дамова, што я езджу мінімум месяц па Эўропе, але потым пачалі зьмяняць на шэсьць тыдняў мінімум, восем. Стаўка за тысячу кілямэтраў — каля 300-400 эўра. Я ўладкаваўся зімой 2022 году, быў ледзь ня першым кіроўцам там. Потым яны пачалі набіраць яшчэ беларусаў, якія прыяжджалі па візе, працавалі месяц-два і ехалі дадому на пару тыдняў».

У канцы 2022 году Валер папярэдзіў працадаўцаў, што будзе шукаць іншую працу, з выгаднейшымі ўмовамі.

«Я дамовіўся, што вяртаюся з Эўропы на Каляды ў Варшаву, у студзені яшчэ выяжджаю, адпрацоўваю і звальняюся. Але працадаўцы адправілі мяне ў Варшаву раней. Я прыехаў, паставіў машыну на СТА, бо яна зламалася, уладальнікі мяне сустрэлі, завезьлі дахаты. Праз пару дзён я атрымаў паведамленьне, што я звольнены паводле артыкулу за прагулы».

Тады мужчына папрасіў выплаты за свой нявыкарыстаны адпачынак, але працадаўцы адмовілі.

«Я знайшоў праз тэлеграм-каналы юрыдычную дапамогу, мне параілі зьвярнуцца ў Інспэкцыю працы. Напісаў скаргу, але адказу яшчэ не было, разгляд звароту можа быць да трох месяцаў».

Юрысты дапамаглі Валеру напісаць зварот у суд, каб прызналі несапраўдным ягонае звальненьне паводле артыкулу і перарабілі яго на звальненьне пры згодзе бакоў.

«Першая думка ў людзей, калі кіроўца ня выйшаў на працу, што ён дзесьці запіў, а мне такое ня трэба. Яшчэ атрымалася, што калі мяне звольнілі, я быў на бальнічным. Юрысты сказалі, што мяне ня мелі права звальняць увогуле».

Таксама ў Інспэкцыю працы мужчына напісаў пра ўсе парушэньні, якія былі ў ягонай фірме.

«Я павінен быў жыць у гатэлях, у суботу і нядзелю знаходзіцца па-за кабінай машыны. Ні разу за год мне ніхто ніякага гатэля ня зьняў, хоць гэта міжнародныя правілы і ўсе кіроўцы павінны 45 гадзін знаходзіцца ў гатэлі, інакш вялікія штрафы. Мне казалі: „Калі нейкая паліцыя побач, сядзі ў кабіне і не высоўвайся“», — расказвае беларус.

Спачатку працадаўцы паводзілі сябе паводле беларускіх стандартаў, потым сытуацыя зьмянілася, кажа мужчына.

«Неяк у машыне зламалася ацяпленьне, а на вуліцы было мінус 3-5 градусаў, кабіна настывала вельмі хутка. Я тэлефанаваў працадаўцу, казаў, што ёсьць паломка, ён казаў: „Ну нічога, няхай другі кіроўца цяплей апранецца, машыну завядзе, пагрэе. Нам нявыгадна яго везьці ў Варшаву“».

Праца кіроўцам нялёгкая, кажа Валер, бо прыходзіцца жыць у дарозе. Ён дадае, што меў заробак каля 270-280 злотых (50-60 даляраў. — РС) на дзень, але ежа, душ, прыбіральня — усё за свой кошт.

«Я размаўляў на стаянцы з кіроўцамі бусаў, якія на іншых фірмах працавалі. Яны казалі, што ім плацілі 330-350 злотых на такой машыне, як у мяне. Калі я сказаў сваім працадаўцам, што ўжо людзям больш плацяць, мне адказалі: „Прабач, зараз крызіс, мы табе больш плаціць ня можам“. Я зьдзівіўся: як тады іншыя фірмы плацяць?»

Валер раіць беларусам ісьці на працу да палякаў, бо там больш законнасьці. Таксама важна адразу дамаўляцца пра афіцыйнае афармленьне.

«Калі я шукаў працу на фуры, была даволі буйная фірма, там па дамове працавалі ўсе: індусы, узбэкі, беларусы, украінцы. Літоўцы вельмі добра бяруць беларусаў, заключаюць нармальныя дамовы. Варта шукаць невялікія фірмы. Таксама трэба адразу пытацца, дзе якія выплаты ёсьць, што вылічваюць з заробку, высьветліць усе пытаньні, пачытаць водгукі пра гэтыя фірмы ў інтэрнэце. Але бывае, што шмат водгукаў нэгатыўных, калі чалавек сам нешта дрэнна зрабіў, а потым напісаў усялякія непрыемныя рэчы».

«Зьвяртайцеся ў Інспэкцыю працы»

Спэцыялістка аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасьці Аляксандра Хардыньская раіць пра ўсе парушэньні паведамляць у польскую Інспэкцыю працы.

Аляксандра Хардыньская
Аляксандра Хардыньская

«Супрацоўнік пры зьвяртаньні абаронены, бо Інспэкцыя працы ня мае права выдаваць інфармацыю, што кантроль працадаўцы праводзіцца ў выніку падачы скаргі, калі толькі заяўнік ня дасьць пісьмовай згоды на гэта. Аднак варта памятаць, што інспэкцыя працы не зьяўляецца кампэтэнтным органам у справах, зьвязаных з грамадзянска-прававымі дамовамі. У выпадку грамадзянска-прававых дамоваў кампэтэнтным органам будзе грамадзянскі суд».

Таксама грамадзяне Беларусі і Ўкраіны могуць зьвярнуцца ў Цэнтар беларускай салідарнасьці, у якім можна атрымаць бясплатную кансультацыю і юрыдычную дапамогу ў падобных справах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG