«Цяпер гэтая асалода — цяжкая праца»
Нядаўна ў твітэры разгарэлася спрэчка ад таго, што на рэкляме беларускай кветкавай крамы няма беларускай мовы, а ёсьць толькі польская, украінская і ангельская. Высьветлілася, што ўладальніца крамы ў гэтым не вінаватая. Беларускую мову забараніла кампанія, якая здае ў арэнду памяшканьне вакзалу «Варшава-Заходняя», дзе разьмешчана сама крама.
Гісторыя адкрыцьця кветкавай крамы пачалася летась.
«У канцы лета я пазнаёмілася з маім хлопцам, ён грузін. Ён зьбіраўся ехаць у Амэрыку, гэтае рашэньне было прынята да знаёмства са мной. Ён узяў крэдыт, каб пераехаць. Мы ехалі па дакумэнты, і ён мне ў машыне кажа: „Слухай, я нікуды не паеду. Я не магу, я не хачу нікуды безь цябе“», — дзеліцца Ганна Галёта.
Сама Ганна даўно падумвала пра кветкавую краму менавіта на вакзале «Варшава-Заходняя».
«Было некалькі выпадкаў, калі, напрыклад, прыяжджала мая маці і я, купіўшы каля дому кветкі, ехала зь вялізным букетам на вакзал, а аўтобус спазьняўся на тры з паловай гадзіны. І я думала: ну чаму на вакзале няма ніводнай кветкавай крамы? Потым прыяжджала сяброўка, я хацела сустрэць яе з кветкамі, але мала таго, што тут крамы няма, але і побач нідзе не знайсьці. І мой хлопец кажа: „Табе вельмі падабаюцца кветкі, давай адкрыем краму“. І атрымалася, што грошы, якія хлопец узяў у крэдыт на Амэрыку, мы ўклалі ў адкрыцьцё крамы».
Ганна кажа, што яна вельмі шмат працуе і ў яе не было ніякага хобі для асалоды.
«Цяпер гэтая асалода — цяжкая праца. Мы, бывае, прачынаемся а 5-й раніцы, каб ехаць па кветкі сьвежыя. Гэтая праца займае па 8 гадзін на дзень, а яшчэ ж у мяне ёсьць іншыя праекты. Цяпер жыцьцё так насычана працай».
«Трэба цяпер працаваць на іншай працы, каб утрымліваць краму»
Каб распачаць бізнэс у Польшчы, Ганна зарэгістравала індывідуальнае прадпрымальніцтва.
«Спачатку я адкрыла яго для вырабу тэлепраграм, відэакантэнту. У верасьні я адправіла заяўку онлайн і ўжо з 1 лістапада ў мяне ўсё было гатова. На адно ІП можна дадаваць да 10 відаў дзейнасьці. І калі мы вырашылі адкрыць краму, то проста я дадала новую дзейнасьць, і ўсё. Каб арандаваць памяшканьне, мы ўдзельнічалі ў тэндэры і перамаглі».
Грошы ў бізнэс давялося ўкласьці ўсе, што былі, прызнаецца Ганна. Самым дарагім набыткам стала лядоўня-шафа для кветак, яна каштуе каля 4500 эўра. Па словах беларускі, бізнэс пакуль не акупляе сябе, нават заробак прадаўцу даводзіцца выплочваць з уласных журналісцкіх прыбыткаў.
«У нас яшчэ здарылася непрыемнасьць: у першыя дні мы няправільна нешта націснулі на лядоўні — і кветкі памерзьлі. Нам прыйшлося проста выкідаць усё ў сьметніцу. І пакуль што продажаў няшмат, але я не хачу здавацца. Гэтая крама ўжо дарагая мне».
Таксама Ганна рэкамэндуе ўсім, хто хоча распачаць свой бізнэс, раіцца з дасьведчанымі людзьмі ў гэтай справе.
«Я раілася толькі тады, калі ўмова была падпісаная, шафа замоўленая. Але мы не пралічылі, што кветкавая крама — гэта той бізнэс, які ня будзе адразу прыносіць грошы. Таму трэба цяпер працаваць на іншай працы, каб утрымліваць краму».
«Беларусы прыходзілі пазнаёміцца, яны рэагавалі на нашую мову»
Краму адкрылі сёлета, 4 студзеня. Пакуль продажаў вельмі мала і даводзіцца працаваць у мінус. Сама крама разьмешчаная так, што яе дрэнна відаць пры ўваходзе на вакзал, а адмысловую бакавую шыльду вешаць спачатку забаранілі.
«Нам дазволілі яе павесіць, калі мы арандавалі месца для рэклямы. Нас папярэдзілі, што абавязкова мусіць быць рэкляма на польскай мове. Я падлічыла, што на трох вокнах мы зробім на польскай, украінскай і беларускай. Потым мяне папрасілі папярэдне даслаць на ўзгадненьне рэкляму. І калі я даслала, у мяне адміністратарка спытала: „Якая трэцяя мова?“ Я адказала, што беларуская. І празь некаторы час яна прыслала паведамленьне, што не дае дазволу на рэкляму на беларускай мове».
Уладальніца крамы наракае, на ўсё адміністрацыя адказвае, што забараніла кіраўніцтва. Тады Ганна зрабіла трэці рэклямны плякат на вокнах вакзалу на ангельскай мове, бо два плякаты таксама не дазволілі пакінуць.
«Там, дзе ангельская мова, мы пакінулі бел-чырвона-белы дызайн, каб хаця б нешта ад Беларусі засталося. Для мяне гэта было прынцыпова, бо крама адразу задумвалася як беларуская і для беларусаў. Мы ўлёткі раздавалі, калі адкрывалі краму, там быў тэкст на беларускай, польскай, украінскай мовах. І беларусы прыходзілі пазнаёміцца, яны рэагавалі на нашую мову».
«У мяне вялікая адказнасьць за людзей, якія працуюць са мной»
Некалькі дзён таму ў твітэры разгарэўся скандал праз тое, што ў беларускай крамы няма беларускай мовы на рэкляме.
«Я прачнулася і пабачыла, што ў інстаграм пачалі пісаць камэнтары. Я разумела, што нешта здарылася, яшчэ падумала: няўжо ГУБАЗіК зноў зрабіў мне старонкі на сайтах сэкс-паслуг? А такое ўжо было. ГУБАЗіК выклаў фота, якіх не было нідзе ў сацыяльных сетках, а толькі ў мяне на тэлефоне (Ганну затрымлівалі ў Менску ў 2021 годзе. — РС). Потым я зразумела, што ўсё праз гэтую рэкляму. Я знайшла твіт, расказала беларусам, чаму так адбылося».
Ганна прызнаецца, што праз гэты выпадак было вельмі складана і крыўдна. Уладальніца крамы даслала яшчэ адзін запыт, каб дазволілі ўсё ж замяніць адзін з плякатаў на беларускую мову. Але сёньня атрымала чарговы адказ ад адміністрацыі вакзала.
«Мне патэлефанавалі з адміністрацыі, сказалі, што нельга зьмяняць. Але калі мне гэтая рэкляма не падабаецца, то мы можам скасаваць дамову. Мы вырашылі, што з 1 сакавіка скасуем дамову, але рэкляму здымем ужо на днях, бо шмат нэрваў на гэтую справу паклалі».
Таксама Ганна зьвязалася зь юрыстамі і спадзяецца, што сытуацыя ўсё ж вырашыцца.
«Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой — АББА — займаецца гэтай справай. Яны будуць пісаць лісты туды, будуць дапамагаць. Калі так атрымаецца, што ў выніку адміністрацыя вакзала ўсё ж такі дазволіць нам там разьмясьціць рэкляму па-беларуску, то мы згодныя зноў заключыць дамову, арандаваць рэклямнае месца».
На пытаньне, дзе Ганна знаходзіць сілы, каб працягваць працаваць у такіх стрэсавых умовах, яна адказвае так:
«У мяне вялікая адказнасьць за людзей, якія працуюць са мной. Калі я буду ляжаць у ложку і глядзець у столь, то яны мне скажуць: „Што нам есьці?“. Я не магу падвесьці людзей».
Свабода зрабіла некалькі спробаў зьвязацца з прадстаўнікамі кампаніі, якая здае памяшканьні вакзала «Варшава-Заходняя» у арэнду, аднак там на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю не адказалі.