У Празе адбыўся Першы зьезд беларусаў Чэхіі. Пра тое, якія сёньня задачы ў беларусаў замежжа, як яны могуць уплываць на працэсы ў Беларусі і што робяць сёньня, у эфіры Свабоды расказваюць прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці ў Празе і ўпаўнаважаная Офісу Сьвятланы Ціханоўскай у Чэхіі Крысьціна Шыянок, а таксама прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык.
— Раскажыце, як прайшоў зьезд і якія яго асноўныя вынікі?
Шыянок: Я пачну ад назвы. Многія мяне ведаюць як чалавека, які змагаецца за тое, каб беларускія жанчыны былі больш чутныя і бачныя. У назьве зьезду не фігуравала слова «беларусак». Я вынесла прапанову, мы зрабілі дэмакратычнае галасаваньне, але не перамагла. Кампрамісны варыянт быў — Зьезд беларускай дыяспары. Гэта некарэктная назва, бо ад 2013 году мы займелі статус нацменшасьці. Што тычыцца правоў і магчымасьцяў — гэта важна. Як вялікі беларускі арганізм Чэхіі мы сасьпелі да таго, каб дэмакратычна галасаваць за назвы і ўзаемадзейнічаць, вырашаць спрэчныя моманты, але пакуль мы не сасьпелі да таго, каб выносіць у назву жанчын. Я вельмі спадзяюся, што наступны зьезд будзе называцца Зьездам беларусак і беларусаў Чэхіі.
Хачу заакцэнтаваць, што на зьезьдзе прысутнічалі ня толькі людзі з Багеміі, то бок Цэнтральнай Чэхіі. Таксама прыехалі людзі з Маравіі, якія сябе ўважаюць асобным рэгіёнам Чэскай Рэспублікі. Таму асноўная выснова, што зьезд дапамог сабраць самых розных прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай супольнасьці як геаграфічна, так і ў пляне ідэй, мэтаў. Нехта прыйшоў, каб пазнаёміцца, хтосьці хацеў пабачыць, якія ёсьць суполкі і ініцыятывы. Хтосьці прыйшоў з канкрэтнымі прапановамі, нехта — з палітычнымі амбіцыямі. Гэта цудоўны падмурак, на якім можна будаваць далей.
— Вельмі часта розныя сустрэчы, зьезды, сходы ўспрымаюцца як нагода пагаварыць, і на гэтым іх сэнс заканчваецца. Што, на вашу думку, можа практычна вынікаць з такога зьезду?
Коўшык: Вельмі важна ня толькі сустракацца, але і далей працягваць працу. Такія сустрэчы — гэта толькі нагода, каб пазнаёміцца і зразумець, з кім можна працаваць. Так працуе палітыка. Ад адной сустрэчы нашыя праблемы не вырашаюцца. Гэта толькі першы крок, каб рабіць штосьці далей. Такія сустрэчы вельмі каштоўныя, бо яны дазваляюць нам больш працаваць разам.
— А што ўвогуле можа зрабіць беларуская дыяспара для беларусаў у Беларусі?
Коўшык: Роля дыяспары цяпер як ніколі вялікая. У прынцыпе, раней мы нават не маглі казаць, што Беларусь мае дыяспару. Яна як бы нанава нарадзілася пасьля 2020 году і стала вельмі актыўнай, і шмат хто працягвае ехаць далей на гэтым імпэце. Дыяспара цяпер мае лідзіруючую ролю, бо мы можам бясьпечна рабіць тое, чаго нельга цяпер рабіць у Беларусі. Мы можам рабіць падмурак нейкіх культурніцкіх ініцыятываў, розныя праекты, у тым ліку і на Беларусь. А частка гэтых ініцыятываў пасьля свабодных выбараў у Беларусі вернецца туды. І гэта мая галоўная мэта.
Шыянок: Мне здаецца, не зусім правільна казаць, што дыяспары не было як зьявы да 2020 году. Яна проста была нябачная. 2020 год дазволіў нам адчуць, што мы ёсьць, што мы моцныя, што мы можам уплываць. А ў кантэксьце вайны мы голас тых, хто знаходзіцца ў Беларусі і нязгодны зь ёю, але ня можа гэтага выказаць.
Для беларусаў Чэхіі пераломным быў 2013 год, калі мы атрымалі статус нацыянальнай меншасьці. Гэта прызнаньне і магчымасьць даносіць сваю думку ў структурах. У Чэхіі існуе Рада па нацменшасьцях пры ўрадзе, ёсьць камітэт, дзе я, уласна, і прадстаўляю беларускую меншасьць. І мы можам выносіць некаторыя рэчы на галасаваньне, каб яны былі ўключаныя ў рэзалюцыі. Мы маем доступ да чэскай палітычнай сцэны. Але пасьля атрыманьня гэтага статусу мы гэтымі магчымасьцямі не карысталіся. Але 2020 год паставіў нас у такую сытуацыю, што мы сталі больш актыўна акрэсьліваць сваю пазыцыю. А пасьля пачатку вайны гэта, магчыма, наша асноўная роля, каб казаць базавыя рэчы, што Беларусь — не Расея, што беларускі народ у сваёй большасьці не падтрымлівае вайну. Пра гэта трэба казаць штодня, бо наш парадак дня знаходзіцца на заднім пляне. Нашая задача — рабіць яго з фону цэнтральным. Таму зьезд стаў дадатковай нагодай нагадаць пра сябе ў СМІ і агучыць праблемы. Пра тое, што дагэтуль дзейнічае візавы бан адносна грамадзянак і грамадзян Беларусі, якія б хацелі, напрыклад, прыехаць на творчую рэзыдэнцыю ў Чэхію або наведаць сваіх сваякоў, якія тут маюць міжнародную абарону і праз свой статус ня могуць паехаць у Беларусь.
— Часта можна пачуць, што тое, што адбываецца па-за Беларусьсю, ня мае вялікага значэньня, што гэта больш сымбалічная дзейнасьць.
Коўшык: Я абсалютна з гэтым не пагаджуся, я перакананая, што ў сучасным сьвеце няма межаў. І мы павінны ставіцца да беларусаў як да адзінага, як да супольнасьці. Мы зараз з вамі ў Празе, але нас чуюць людзі ў Беларусі. І прыкладна так гэта дзейнічае. Мы павінны мець агульныя прыярытэты, каб разумець, дзеля чаго мы змагаемся. Нашая задача — зьмены ў Беларусі, якія, спадзяюся, адбудуцца мірным шляхам. Дыяспары могуць быць рупарам таго, што адбываецца ў Беларусі. У палітыцы часта так адбываецца, што калі пра вас ня піша прэса, то пра вас ня думаюць палітыкі. Культура таксама можа быць натхненьнем, каб кожны раз гучней заяўляць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Трэба шукаць крэатыўныя шляхі дзеля таго, каб мы былі заўважныя ў сябе ў краіне і за мяжой. Мы не павінны падзяляцца. Беларусь цяпер там, дзе ёсьць беларусы.
Шыянок: Вось сёньня ў другой палове дня мы возьмем удзел у мерапрыемстве, якое прысьвечана беларускай культуры. Назва імпрэзы — «Беларуская культура: замураваць або падтрымаць». Яе арганізавала чэская дэпутатка, якая ўваходзіць у групу сяброў Беларусі, якая лічыць, што, нягледзячы на вайну, беларуская культура не павінна губляцца з эўрапейскага кантэксту. Мы бачым, як у некаторых краінах прыпыняюць беларускія праекты толькі таму, што іх робяць грамадзяне Беларусі. Але гэта няправільна. Наша незалежнасьць грунтуецца ў тым ліку і на нацыянальнай культуры.
Коўшык: Я б сказала, што зараз нацыянальная культура можа стаць падмуркам нашай незалежнасьці. Гэта тое, што дазволіць нам захаваць сябе як нацыю, як беларусаў. Ва ўмовах вайны гэта асабліва бачна. Мы бачым, як дзейнічае «русский мир». Яны вынішчаюць нацыянальную ідэнтычнасьць. Гэта фактычна генацыд украінскага народу.
— Вы рабілі перапіс культурніцкіх ініцыятываў у сьвеце. Чым ён скончыўся?
Коўшык: Гэта быў нефармальны перапіс, які мы робім супольна з плятформай Digital Belarus. Мы хацелі пабачыць новыя ініцыятывы, якія зьявіліся, каб трошкі іх падсьвяціць у гэтай праграме, якая ствараецца і хутка зьявіцца. Але гэта будзе працягвацца, таму я заклікаю пісаць пра свае ініцыятывы ў сацсетках з тэгам #ведайсваё. Апошнім часам іх узьнікла багата, нават мікраініцыятываў. Мы хочам стварыць каталёг ініцыятываў, каб было прасьцей знайсьці. Калі вас цікавіць нешта пра дзяцей, то вы ўпісваеце слова «дзеці», і зьяўляецца дзесяць ініцыятываў для дзяцей. Пакуль яны расьцярушаныя. Напрыклад, можна займацца фітнэсам па-беларуску, або ёсьць вельмі прыемныя псыхалягічныя мэмы, якімі можна дзяліцца ў сацсетках, ёсьць беларускі стэндап. Сапраўды, ёсьць рэчы, якія натхняюць нас быць беларусамі, і гэтым варта карыстацца.
— Пра Чэхію сёньня гавораць як пра самую непрыязную беларусам краіну Захаду, бо тут шмат розных абмежаваньняў для грамадзян Беларусі. Чаму так сталася?
Шыянок: У шэрагу абмежаваньняў Чэхія сапраўды была зарэзкая і не прадумала наперад неабходныя выключэньні. Бо абмежаваньні павінны ісьці рука ў руку зь вельмі добра распрацаванымі выключэньнямі. Мы гэтую сытуацыю выпраўляем, і ўжо сёньня можна падавацца ў менскае консульства на супольнае пражываньне сям’і. Тыя, хто знаходзіцца пад пагрозай у Беларусі, хто мае перасьцярогі праз сваю актыўнасьць, для такіх людзей ёсьць адмысловая візавая праграма, якая называецца «Грамадзянская супольнасьць». Ёю актыўна карыстаюцца расейскія журналісткі і журналісты, але пакуль мала беларусак і беларусаў. Трэба пашыраць пра гэта інфармацыю. Таксама нядаўна мы дамагліся выключэньняў для студэнтаў зь Беларусі. Чаму былі гэтыя абмежаваньні? Трэба ўлічваць гістарычны досьвед Чэхіі, пэўныя незакрытыя гештальты. Гэта ня значыць, што беларусаў атаясамліваюць з 1968 годам, але многія мясцовыя баяцца і ня хочуць паўтарэньня гісторыі, таму робяць усё, каб мінімалізаваць любую небясьпеку для чэхаў. Мы разумеем рызыкі, і для нас важна, каб на тэрыторыю Чэхіі не траплялі агенты КДБ ці ФСБ зь беларускімі пашпартамі. Я думаю, што беларускія дэмакратычныя сілы здольныя забясьпечыць неабходную вэрыфікацыю, каб зьменшыць шырокія абмежаваньні.
— Пасьля 2020 году шмат беларусаў апынуліся за мяжой. Але з часам даводзіцца займацца выжываньнем, сем’ямі. Як актывізаваць беларусаў за мяжой?
Коўшык: Калі адбываюцца палітычныя падзеі, то мы бачым, як беларусы хутка рэагуюць. Яны знайшлі пэўныя шляхі, як працаваць цяпер. Трэба знайсьці тую нішу, якая вам цікавая. Гэта могуць быць кнігі, праца зь дзецьмі, беларускія танцы, нават фітнэс па-беларуску. Я думаю, што мы павінны гуртавацца паводле нашых асабістых зацікаўленасьцяў. Мне асабіста хацелася б, каб мы зьвярнулі ўвагу на нашых дзяцей, на выхаваньне, на беларускасьць. Я вельмі спадзяюся, што мы хутка здолеем зрабіць культурніцкую мапу Беларусі ў сьвеце. Каб на ёй былі пункты, якія будуць зьвязваць беларусаў па ўсім сьвеце. Варта заняцца ўсталяваньнем беларускіх шыльдаў у сваіх гарадах, там, дзе беларусы зрабілі свой уклад.
Шыянок: У Чэхіі, паводле статыстыкі МУС, жыве стала больш за 8 тысячаў беларусаў. Яны пераважна канцэнтруюцца ў Празе. Але шмат беларусаў жыве ў Маравіі. Там, напрыклад, месьціцца Амбасада беларускай незалежнай культуры, зь якой мы сёньня сустрэнемся. Мая ўнутраная задача ці мара — ня столькі аб’яднаць усіх, колькі зрабіць умовы, каб утвараліся гарызантальныя сувязі. Ня толькі ў межах аднаго гораду ці мястэчка, але каб праскія беларусы супрацоўнічалі з мараўскімі або сылескімі беларусамі.