Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Польшчы я зарабляю ўтрая больш, а працую нашмат менш». Што кажуць лекары пра заробкі ў 2300 рублёў


Беларусікя мэдыкі. Ілюстрацыйнае фота
Беларусікя мэдыкі. Ілюстрацыйнае фота

Ці атрымліваюць беларускія лекары па 2300, як кажа Міністэрства аховы здароўя? Колькі маюць іхныя калегі за мяжой? Пра гэта Свабода спыталася ў лекараў.

Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч 14 сьнежня заявіў, што ведамства будзе «выяўляць» лекараў, якія атрымліваюць менш за 2300 рублёў. Свабода пагутарыла зь лекарамі ў Беларусі ды іншых краінах пра заробкі. Імёны герояў на іхныя просьбы зьмененыя.

«Маю столькі, але працую і вечарамі, і выходнымі»

Міхаіл больш за 20 гадоў працуе лекарам у адным з абласных шпіталяў. Заробку яму не стае, таму ён пайшоў працаваць дадаткова ў прыватную клініку.

«Выходзіць так, што працую без выходных. Спачатку ў шпіталі, затым, часта вечарам і па выходных — у прыватнай клініцы. Я акурат маю каля 2300 заробку ў месяц. Але ж працую на дзьвюх працах», -— кажа Міхаіл.

Ён дадае, што цяпер найбольш павысілі заробкі рэаніматолягам.

«Яны найбольш запатрабаваныя за мяжой і актыўна туды зьяжджаюць. Бо заробкі за мяжой і нашы — гэта вялікая розьніца», — дадаў лекар.

На заклік Свабоды таксама адгукнуліся чытачы-лекары, якія паведамілі пра свае заробкі.

«Вузкі спэцыяліст, оталярынголяг атрымлівае 2200, але працуе на паўтары стаўкі», — напісала чытачка Свабоды.

«За лістапад атрымаў „чыстымі“ каля 1900, „бруднымі“ — каля 2300. Раней меў 2000 „чыстымі“», — падзяліўся іншы лекар.

«У мяне заробак большы, але гэта прыватная клініка»

Лекар-беларус Станіслаў Салавей працуе ў Адэсе ў прыватнай клініцы.

«Тут нават у пастаноўцы пытаньня міністра закладзена абвінавачаньне ў бок лекара — чаму ён мала атрымаў? Выходзіць парадокс. Сярэдні заробак у краіне цяпер 2276, значыць, шмат тых, хто атрымлівае значна менш гэтай лічбы», — кажа лекар.

Ён зазначыў, што працуе менавіта ў прыватнай клініцы. І тут у яго заробак большы, чым заяўлены міністрам у 2300 рублёў.

«Але колькі атрымліваюць у дзяржаўных установах — я ня ведаю. Вядома, ідзе вайна, заробкі ўпалі, цэны вырасьлі і ўсё вельмі складана», — дадаў Станіслаў Салавей.

«Меў 3500, але працаваў на дзьве стаўкі»

Беларус Максім некалькі месяцаў таму пераехаў жыць і працаваць у Польшчу. У Беларусі ён як спэцыяліст са стажам і вышэйшай катэгорыяй атрымліваў заробак каля 3500 рублёў.

«Але гэта таму, што я працаваў на дзьве стаўкі. Цяпер у Польшчы я атрымліваю ўтрая больш. І гэта роўна за стаўку і плюс шэсьць дзяжурстваў. Значыць, прыкладна паўтары стаўкі. Што тычыцца заробку ў 2300 рублёў, то хірургі ў прынцыпе могуць такі атрымліваць у Беларусі», — дадаў Максім.

Дэфіцыт мэдыкаў

Нягледзячы на намаганьні ўладаў узяць сытуацыю пад кантроль, у Беларусі нарастае дэфіцыт мэдыкаў. Калі ў ліпені ў агульнанацыянальным банку вакансіяў і рэзюмэ была 5591 вакансія для лекараў, то цяпер іх больш за 6300. У гэты лік уваходзяць і вэтэрынары. Лекару-спэцыялісту ў адну з паліклінік Менску гатовыя прапанаваць заробак 1300-1500. У Краснапольскім раённым шпіталі чакаюць лекара-спэцыяліста на заробак ад 1000 да 1500 рублёў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG