Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі ў Нью-Ёрку агітаваў не падтрымліваць уладаў Беларусі на выбарах сябра Рады Бясьпекі ААН


Рада Бясьпекі ААН падчас галасаваньня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Архіўнае фота
Рада Бясьпекі ААН падчас галасаваньня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Архіўнае фота

Беларусь і Славенія спаборнічаюць за месца ў Радзе Бясьпекі ААН, выбары пройдуць у чэрвені 2023 году.

Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэта Валер Кавалеўскі 20–24 лютага знаходзіўся ў Нью-Ёрку для ўдзелу ў падзеях у ААН, прысьвечаных гадавіне пачатку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Як паведамілі ў Пераходным кабінэце, адной з задач паездкі стала разгортваньне кампаніі супраць абраньня ўладаў Беларусі ў Раду Бясьпекі ААН.

«Рэакцыя падкрэсьлена станоўчая», — заявіў прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі:

«У мяне адбыліся размовы з прадстаўнікамі дзяржаў усіх кантынэнтаў: міністрамі замежных спраў, пастаяннымі прадстаўнікамі і экспэртамі ААН. Усе суразмоўцы вельмі станоўча рэагавалі на сам факт прысутнасьці прадстаўніка Кабінэта на мерапрыемствах ААН, прысьвечаных Украіне, і да нашых дзеяньняў супраць рэжыму Лукашэнкі на выбарах у Раду Бясьпекі.

У суразмоўцаў я бачыў дакладнае разуменьне таго, што Лукашэнку ня месца ў Радзе Бясьпекі ААН. Але нам трэба дзейнічаць, каб выключыць любыя шанцы дыктатара. Для гэтага трэба найперш працаваць з дэлегацыямі краін Глябальнага Поўдня, бо яны не заўсёды ведаюць пра падрыў Лукашэнкам незалежнасьці Беларусі, пра яго садзейнічаньне каляніяльным практыкам Расіі ў нашай краіне.

Трэба адзначыць, што рэпутацыя дэлегацыі Лукашэнкі ў ААН моцна падарваная. Напрыклад, іх прарасейскія папраўкі да рэзалюцыі аб Украіне былі рашуча адхілены іншымі дэлегацыямі. Такія дыпляматычныя правалы будуць уплываць і на выбары ў Раду Бясьпекі.

Увогуле ж гэтая нашая праца зьяўляецца часткай стратэгіі пашырэньня міжнароднай прысутнасьці дэмакратычнай Беларусі і звужэньня магчымасьцяў дыктатуры гаварыць ад імя народу Беларусі, бо пасьля 2020-га Лукашэнка ня мае на гэта аніякага права», — сказаў Кавалеўскі.

Беларусь і Славенія спаборнічаюць за месца ў Радзе Бясьпекі ААН

Раней міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу выказаў спадзеў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ня зможа заняць месца непастаяннага чальца Рады Бясьпекі ААН, на якое ён прэтэндуе па квоце ўсходнеэўрапейскіх краін.

«Я спадзяюся, Лукашэнка гэтую бітву прайграе», — сказаў кіраўнік эстонскай дыпляматыі 10 студзеня.

Разам зь Беларусьсю заяўку на непастаяннае сяброўства ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024-2025 гадах падала Славенія.

«Мы падымалі гэтую тэму падчас Генэральнай асамблеі ААН, размаўлялі з амбасадарамі дзяржаў, якія прымаюць рашэньні. Будзе галасаваньне, паглядзім, хто пераможа», — пракамэнтаваў раней BPN сытуацыю дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«ЗША нас падтрымліваюць, Расея не падтрымлівае», — дадаў ён.

Заяўку на сяброўства ў Радзе Бясьпекі ААН Беларусь падала ў 2007 годзе. Заяўка ад Славеніі паступіла ў сьнежні 2021 года. Краіны Ўсходняй Эўропы маюць адно месца непастаяннага сябра Рады Бясьпекі, у 2022-2023 гадах яго займае Альбанія.

Новых прадстаўнікоў у гэтай структуры ААН вызначаць галасаваньнем, якое адбудзецца сёлета ў чэрвені на 77-й сэсіі Генасамблеі ААН.

  • Рада Бясьпекі ААН — адзін з шасьці галоўных органаў Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, які адказвае за гарантаваньне міжнароднага міру і бясьпекі. У яго паўнамоцтвы ўваходзіць арганізацыя апэрацый для падтрыманьня міру, увядзеньне міжнародных санкцый і санкцыянаваньне ваенных дзеяньняў.
  • Рада Бясьпекі складаецца 15 чальцоў. Пяць зь іх зьяўляюцца пастаяннымі (Кітай, Францыя, Расея, Вялікая Брытанія і ЗША), яны маюць права накладаць вета на любую рэзалюцыю Рады Бясьпекі. Яшчэ дзесяць сяброў выбіраюцца на двухгадовы тэрмін па рэгіянальных квотах.
  • Расея злоўжывае сваім правам вэта, у сувязі з гэтым у Радзе Бясьпекі ААН не праходзяць рэзалюцыі аб спыненьні вайны ва Ўкраіне і іншыя, якія Расея лічыць нявыгаднымі для сябе.
  • Украіна паставіла пад сумнеў права Расеі быць у Радзе Бясьпекі ААН і ў самой ААН, бо пасьля распаду СССР Расея фармальна не выканала працэдуру далучэньня да арганізацыі згодна зь яе Статутам.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG