Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У былога кіраўніка МУС Украіны Авакава адбыўся ператрус па справе аб закупках францускіх верталётаў


Былы кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў
Былы кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў

Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) і Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) 1 лютага правялі ператрусы ў былога міністра ўнутраных спраў краіны Арсена Авакава па справе аб закупках францускіх верталётаў Airbus.

Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія сёньня паведаміў, што «будзе інфармаваць грамадзкасьць пра анансаваныя веснавыя пасадкі». Ён пацьвердзіў, што адначасова прайшлі ператрусы ў Падатковай службе Ўкраіны, было распачатае расьсьледаваньне ў дачыненьні да службовых асобаў Міністэрства абароны па справе аб дзяржзакупках, а таксама прайшлі ператрусы ў алігарха Ігара Каламойскага і народнага дэпутата ад забароненай ва Ўкраіне партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», кіеўскага бізнэсоўца-забудоўшчыка Вадзіма Сталара, а таксама «цэлая сэрыя негалосных сьледчых дзеяньняў» у іншых асобаў.

«Краіна ў час вайны будзе мяняцца. Калі нехта не гатовы да пераменаў, то дзяржава сама прыйдзе і дапаможа ім зьмяніцца», — падкрэсьліў Арахамія.

Як паведаміў Авакаў, ператрусы ў яго былі зьвязаныя з закупкамі францускіх верталётаў Airbus у тыя часы, калі ён займаў пасаду міністра.

«Скончылі ператрус па аварыі верталёта. Глядзелі кантракты Airbus 6-гадовай даўнасьці. Натуральна, нічога», — адзначыў ён, дадаўшы, што кантракты на закупку верталётаў зацьвярджалі ўрад Украіны і Вярхоўная Рада.

Расьсьледаваньне СБУ і ДБР зьвязанае з аварыяй верталёта ў Браварах пад Кіевам 18 студзеня. У выніку катастрофы, у якой верталёт упаў на дзіцячы садок, загінулі 14 чалавек, у тым ліку кіраўнік МУС Украіны Дзяніс Манастырскі і яго першы намесьнік Яўген Енін.

Кіраўніцтва МУС ляцела на верталёце Super Puma з бартавым нумарам 54. Вытворчасьцю гэтых верталётаў займалася француская авіякампанія Aеrospatiale, іх выпускаюць з 1978 году.

У 2018 годзе, пры папярэднім прэзыдэнце Ўкраіны Пятру Парашэнку, краіна атрымала некалькі верталётаў Super Puma для патрэбаў МУС і Дзяржкамітэту па надзвычайных сытуацыях ад францускага канцэрну Airbus.

Украінскае выданьне «Нашы грошы» паведамляла, што кантракт быў заключаны на куплю як новых, так і ўжываных верталётаў — пасьля таго як ад іх адмовілася Нарвэгія, дзе адзін з набытых Super Puma разьбіўся падчас палёту на свідравальную ўстаноўку ў Паўночным моры, у выніку загінулі 13 чалавек. Выданьне выказвала сумневы ў тым, што ўгода была выгадная для Ўкраіны: верталёты пасьля аварыі ў Нарвэгіі не лічыліся надзейнымі.

Сьледчыя СБУ вылучылі некалькі вэрсіяў катастрофы ў Браварах, сярод іх:

  • парушэньне правілаў палётаў;
  • тэхнічная няспраўнасьць верталёта,
  • наўмысныя дзеяньні па яго зьнішчэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG