Матываў свайго рашэньня ён не патлумачыў. Цяпер заяву Арсэна Авакава павінны разгледзець дэпутаты Вярхоўнай Рады.
Арсэн Авакаў працаваў міністрам унутраных спраў зь лютага 2014 году.
Уладзімір Зяленскі ня раз заяўляў, што калі расьсьледаваньне справы аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета і пацьвярджэньне невінаватасьці затрыманых у 2019 годзе падазраваных не прынясе вынікаў, Арсэн Авакаў мусіць пайсьці ў адстаўку.
Праз тыдзень спаўняецца пяць гадоў з дня гібелі Паўла Шарамета.
Гісторыя справы
У красавіку кіеўскі суд вызваліў з-пад варты пад хатні арышт трэцяга абвінавачанага — музыку і вайскоўца Андрэя Антоненку, якога спачатку абвінавачвалі ў арганізацыі злачынства, а потым зьмянілі абвінавачаньне, назваўшы яго выканаўцам.
Яшчэ адну з абвінавачаных у датычнасьці да забойства Паўла Шарамета — дзіцячага кардыёляга Юлію Кузьменку — суд вызваліў з-пад варты пад хатні арышт у жніўні 2020-га. Трэцяя падазраваная — вайсковы мэдык Яна Дугар — адпачатку была пад начным хатнім арыштам, а летась суд зьняў зь яе і электронны бранзалет.
Іхныя імёны як падазраваных у арганізацыі і забойстве журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году. На брыфінг, арганізаваны Нацыянальнай паліцыяй Украіны, былі запрошаныя прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў і тагачасны генэральны пракурор Руслан Рабашапка, што выклікала моцную крытыку з боку экспэртаў і СМІ.
Пазьней прэзыдэнт Украіны сказаў, што ня бачыў нічога кепскага ў сваёй прысутнасьці на гэтай прэсавай канфэрэнцыі. Але потым кожны раз папярэджваў пра адказнасьць міністра ўнутраных спраў у выпадку памылковых абвінавачаньняў і расьсьледаваньня.
«Я гатовы несьці адказнасьць і не здымаю яе зь сябе. Калі сьледзтва было праведзена няправільна, зь вялікімі памылкамі, нешта было спэцыяльна зроблена супраць затрыманых, я гатовы зрабіць сур’ёзныя высновы, кадравыя высновы там, дзе я магу ўплываць», — заяўляў Уладзімір Зяленскі.
«Цяпер гэтую справу вядзе і адказвае міністар унутраных спраў Авакаў. Ён гэта ведае. І ён адказны за вынік гэтай справы. Калі сьледзтва, а потым суд, давядуць, што яны забойцы, то яны сядуць у турму; калі не — будуць несьці адказнасьць тыя людзі, якія давялі гэтую справу да суду і абвінавацілі невінаватых людзей. Вось і ўсё».
У траўні 2020 году сьледзтва зьмяніла фармуляваньне абвінавачаньня, у якім Андрэй Антоненка быў ужо не арганізатарам, як спачатку, а, як і Юлія Кузьменка разам зь Янай Дугар, выканаўцам забойства.
Новыя абставіны
Сёлета 4 студзеня брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады, у тым ліку і Паўла Шарамета.
Аўдыё і апэратыўныя дакумэнты перадаў журналістам для расьсьледаваньня старшы лейтэнант Ігар Макар — былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз». Украінскае сьледзтва дапытала яго як сьведку.
Атрыманыя ад яго аўдыёзапісы размоў у КДБ Беларусі Нацыянальная паліцыя Ўкраіны перадала на фонаскапічную экспэртызу.
Суд пачаў разгляд справы ў верасьні 2020 году.