Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на двух чыноўнікаў з адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна. Пазьней зьявілася ўдакладненьне, што гаворка ідзе аб пастаўках ракет GLSDB (Ground Launched Small Diameter Bomb) далёкасьцю 150 кілямэтраў. Цяпер ва Ўкраіну пастаўляюцца ракеты далёкасьцю 70 кілямэтраў.
Аб’ява аб новым пакеце дапамогі ў сфэры бясьпекі могуць зрабіць ужо на гэтым тыдні. Таксама чакаецца, што ў пакет увойдзе дапаможнае абсталяваньне для ЗРК Patriot, высокадакладныя боепрыпасы і супрацьтанкавыя ракеты Javelin, дадалі крыніцы.
GLSDB вырабляецца карпарацыяй Boeing сумесна з кампаніяй SAAB. Сыстэма складаецца з бомбы малога дыямэтру GBU-39 SDB з ракетным рухавіком M26. У апісаньні сыстэмы гаворыцца, што GLSDB кіруецца з дапамогай GPS, здольная ўстараняць некаторыя электронныя перашкоды, можа выкарыстоўвацца пры любых умовах надвор’я і супраць браняваных транспартных сродкаў.
Улады Ўкраіны неаднаразова зьвярталіся да ЗША з просьбай аб зброі вялікай далёкасьці. Газэта Politico пісала, што пастаўкі ракет ATACMS абмяркоўваліся падчас візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон 21 сьнежня. Аднак, паводле інфармацыі выданьня, у ЗША гэтую зброю палічылі занадта «эскаляцыйнай».
Пазьней кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ЗША перададуць Украіне ракеты ATACMS далёкасьцю да 300 км у 2023 годзе. Паводле яго, пастаўкі ўзбраеньня будуць залежаць ад сытуацыі ў зоне ваенных дзеяньняў.
Дарадца офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк таксама казаў, што Кіеў вядзе перамовы аб пастаўках ракет «для паражэньня тылавой інфраструктуры і артылерыйскіх складоў расейскіх узброеных сіл у анэксаваным Крыме».
Раней вялікія дыскусіі адбыліся вакол паставак танкаў «Леапард», якія не хацела даваць Нямеччына. Але затым вырашыла прадаставіць іх Украіне, хоць канцлер Оляф Шольц агаварыўся, што размова ідзе толькі пра танкі, а баявыя самалёты Нямеччына пастаўляць ня будзе. Пазьней Шольц заявіў, што пакідае за сабой права прамых перамоваў з Уладзімірам Пуціным.
Шэраг вайсковых экспэртаў заяўляе аб тым, што менавіта запавольваньне міжнароднай вайсковай дапамогі не дазваляе Ўкраіне распачаць эфэктыўны контранаступ у акупаваных рэгіёнах. Расея тым часам працягвае абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, запускаючы ракеты ў жылыя кварталы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.