За мінулы дзень войскі РФ нанесьлі 10 ракетных удараў (адзін зь іх па цывільнай інфраструктуры Запарожжа), і 26 авіяўдараў, а таксама зьдзейсьнілі 81 абстрэл з рэактыўных сыстэм залпавага агню, у тым ліку па цывільных аб'ектах горада Ачакава. Сярод мірных жыхароў ёсьць параненыя і забітыя. Пагроза авіяцыйных і ракетных удараў захоўваецца па ўсёй Украіне, гаворыцца ў зводцы.
«Супернік працягвае весьці наступальныя дзеяньні на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім кірунках. На Купянскім, Ліманскім, Запароскім і Херсонскім кірунках — абараняецца», — адзначылі ў Генштабе.
За мінулыя суткі падразьдзяленьні Сіл абароны Ўкраіны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Білагораўка Луганскай вобласьці, а таксама ў раёнах гарадоў Бахмут, Вуглядар, Мар’інка і яшчэ 8 населеных пунктаў Данецкай вобласьці, паведамілі ў Генштабе.
Тым часам начальніца Абʼяднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк заявіла, што вайскоўцы Ўзброеных сіл Украіны «працягваюць вымотваць сілы арміі РФ на поўдні», трымаючы іх «пад агнявым кантролем» і «зьнішчаючы склады ворага, а таксама месцы дысьлякацыі акупацыйных войскаў».
Гумянюк дадала, што зьнясіленьне ворага зьяўляецца часткай падрыхтоўкі для магчымага будучага контрнаступу ўкраінскіх войскаў.
У Мінабароны Ўкраіны паведамілі пра рост інтэнсіўнасьці баёў на Бахмуцкім і Вуглядарскім напрамках. Паведамлялася аб цяжкіх баях і што войска Расеі прымяніла значную колькасьць асабовага складу, узбраеньня і ваеннай тэхнікі, спрабуючы прарваць абарону Ўзброеных сіл Украіны.