Афіцыйныя асобы ЗША раяць Украіне адкласьці новы вялікі контрнаступ да таго часу, пакуль Ўкраіна не атрымае ўсю зброю з апошняга пакета дапамогі ЗША і пакуль украінскія вайскоўцы не асвояць яе, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка амэрыканскага ўраду.
Па словах чыноўніка, перамовы ЗША з Украінай пра любы контрнаступ вяліся ў кантэксьце таго, што ўкраінскія ўлады спачатку прысьвяцілі дастаткова часу на навучаньне па выкарыстаньні найноўшай зброі, прадастаўленай ЗША.
«Амэрыканскія чыноўнікі лічаць, што наступ будзе больш пасьпяховым, калі ўкраінцы будуць выкарыстоўваць перавагі навучаньня і значную пастаўку новай зброі», — цытуе Reuters чыноўніка.
Акрамя таго, па словах агенцтва, ЗША лічаць, што Ўкраіна павінна засяроджвацца на падрыхтоўцы контрнаступу, а не на абароне Бахмута, дзе працягваюцца самыя жорсткія баі. Такое ж меркаваньне прадстаўніка амэрыканскіх уладаў прыводзіць AFP.
Суразмоўца Reuters яшчэ раз пацьвердзіў, што Злучаныя Штаты пакуль не плянуюць перадаваць Украіне танкі Abrams на фоне спрэчак зь Нямеччынай наконт танкаў.
У апошні пакет ваеннай дапамогі на 2,5 млрд даляраў, пра які Пэнтагон абвясьціў напярэдадні, увайшлі 90 бронетранспартэраў Stryker, 59 баявых машын пяхоты Bradley (у дадатак да 50 такіх машын у папярэднім пакеце), 8 зэнітных установак Avenger, а таксама ракеты для HIMARS і зэнітных комплексаў NASAMS, авіяцыйныя ракеты, артылерыйскія снарады і многае іншае.