Адна з высноваў апытаньня арганізацыі «Інфо сапієнс» — «украінцы ня вераць агрэсару і яго памагатым». Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка — замежныя лідэры, якім украінцы другі год запар не давяраюць больш за ўсё. Пуціну не давяраюць 97% украінцаў, і ён лідэр «антырэйтынгу», Лукашэнку ня маюць веры 94% апытаных.
Вялікая доля ўкраінцаў таксама не давярае кіраўніку Кітая Сі Цзіньпіну (73%) і прэм’ер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану (69%) — у параўнаньні з 2021 годам недавер да гэтых лідараў павялічыўся ў тры разы. Таксама ўкраінцы сталі менш давяраць Рэджэпу Эрдагану (узровень недаверу вырас на 27 працэнтных пунктаў) і Эманюэлю Макрону (на 14 працэнтных пунктаў).
У 2022 годзе ўзровень даверу да замежных лідэраў залежыць ад таго, якія заявы гэтыя лідэры робяць адносна расейска-ўкраінскай вайны і якую дапамогу аказваюць іх краіны.
Самы папулярны замежны лідэр
Першынство за прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Давер да яго сярод украінцаў вырас за год з 52% да 87%. Польшча ад самага пачатку нападу Расеі на Ўкраіну, яшчэ з 2014 году, пры любым складзе ўраду і парлямэнту, займае выразную пазыцыю і падтрымлівае Ўкраіну.
На другім месцы прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн (79%) і кіраўнік Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен (73%).
Тройку лідэраў мог бы апярэдзіць былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, калі б заставаўся на сваёй пасадзе. Характэрна, што новы кіраўнік брытанскага ўраду Рышы Сунак займае чацьвёртую пазыцыю — яму давяраюць 64% украінцаў.
Стаўленьне да інтэграцыі з ЭЗ
67% грамадзян адзначылі, што для Ўкраіны важна працягваць праэўрапейскія рэформы. 73% грамадзянаў лічаць правільным, што Эўразьвяз вылучыў Украіне патрабаваньні правесьці рэформы.
47% упэўнена заяўляюць, што рэформы ў інтарэсах самой Украіны і што ЭЗ павінен патрабаваць іх найхутчэйшага правядзеньня. У прыватнасьці, важная антыкарупцыйная рэформа — больш за палову насельніцтва (60,1%) падтрымліваюць ціск ЭЗ на Ўкраіну з мэтай пераадоленьня карупцыі. І толькі 19,5% адзначаюць, што цяпер гэта не галоўная праблема Ўкраіны.
59% грамадзян адзначаюць, што для прывядзеньня ўкраінскага заканадаўства ў адпаведнасьць з правам ЭЗ украінскім уладам неабходна як мага лепш падрыхтаваць усе неабходныя законы, правесьці ўсе адпаведныя абмеркаваньні, нават калі гэта зойме шмат часу. Толькі траціна насельніцтва (36%) падтрымлівае думку, што законы трэба прымаць як мага хутчэй, нават калі іх потым давядзецца пераглядаць.
Украінцы з аптымізмам глядзяць на далейшае прасоўваньне Ўкраіны да сяброўства ў Эўразьвязе, нягледзячы на вайну — 62% апытаных лічаць, што Ўкраіна здолее пачаць перамовы аб уступленьні ў ЭЗ яшчэ да заканчэньня вайны. Ня вераць у такую магчымасьць 20% апытаных.
Эўраатлянтычная інтэграцыя, стаўленьне да NATO
У кастрычніку 2022 году ва Ўкраіне быў зафіксаваны рэкордны ўзровень падтрымкі ўступленьня Ўкраіны ў NATO — 83%.
У сакавіку ўкраінскі бок разглядаў магчымасьць пачатку мірных перамоваў з Расеяй, прапанаваўшы адмовіцца ад уступленьня Ўкраіны ў NATO ў абмен на вывад расейскіх войскаў з акупаваных тэрыторый Украіны. Аднак больш за дзьве траціны ўкраінцаў (69%) ня лічаць магчымым пачынаць мірныя перамовы на такіх умовах. Адпаведна, яны лічаць эўраатлянтычную інтэграцыю адным зь непахісных прыярытэтаў Украіны, ад чаго нельга адмаўляцца.
Давер да міжнародных арганізацый
Сярод усіх міжнародных арганізацый і аб’яднаньняў украінцы найбольш давяраюць ЭЗ — 84% грамадзян. Верагодна, гэта зьвязана з тым, што, акрамя эканамічнай і гуманітарнай дапамогі, Эўразьвяз таксама прадэманстраваў лідэрства ў сфэры бясьпекі і абароны: пастаўка зброі Ўкраіне ажыцьцяўляецца праз Эўрапейскі фонд міру, сам ЭЗ запусьціў вучэбную місію для ўкраінскіх вайскоўцаў і інш.
У той жа час украінцы лічаць, што гэтая сымпатыя і давер узаемныя: 23% украінцаў мяркуюць, што Ўкраіна летам гэтага году атрымала статус кандыдата, бо Ўкраіна мае патрэбу ў ЭЗ, а 39% лічаць, што гэта адбылося дзякуючы праведзеным рэформам.
У тройку лідэраў украінскіх сымпатый таксама ўвайшлі NATO (76%) і «Вялікая сямёрка» G7 (71%).