Паколькі Эўрапейская камісія ня рухаецца наперад у прыняцьці рашэньня аб выкарыстаньні гэтых актываў, то Эстонія ўзяла справу ў свае рукі і пачынае гэты працэс самастойна, паведамляе эстонскае выданьне Postimees.
«Эўрапейскія краіны даручылі Эўракамісіі распрацаваць юрыдычную схему, якая б дазволіла выкарыстоўваць замарожаныя актывы для дапамогі і аднаўленьня Ўкраіны. Але кансэнсус у гэтым пытаньні пакуль не дасягнуты», — сказаў міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу.
Паводле яго, урад краіны абмеркаваў, што паралельна будзе пачата стварэньне юрыдычнай структуры, якая дасьць магчымасьць выкарыстоўваць гэтыя грошы. Кіраўнік МЗС лічыць, што такое рашэньне Эстоніі стане прэцэдэнтам з пункту погляду міжнароднага права.
«Расею гэта, безумоўна, непакоіць, а гэта значыць, што патрэбна асобная прававая прастора, якую мы павінны стварыць і якая была б прыкладам для іншых дзяржаў-сяброў», — заявіў Рэйнсалу.
Раней Эстонія замарозіла расейскія санкцыйныя актывы на некалькі дзясяткаў мільёнаў эўра.
«Для нас важна стварыць прэцэдэнт і дапамагчы іншым краінам выкарыстоўваць яго. Вядома, у эўрапейскіх фінансавых цэнтрах завязаныя вялікія рэсурсы, але першыя крокі павінны аднекуль зыходзіць, і я спадзяюся, што Эстонія, прапанаваўшы рашэньне, зможа аказаць ціск на ўсіх, каб яны дзейнічалі хутчэй», — растлумачыў міністар замежных спраў.
Рэйнсалу адзначыў, што папярэдняя ацэнка ўжо зроблена і прыкладна празь месяц можна будзе гаварыць пра больш канкрэтны плян.
Агенцтва «Блумберг» на гэтым тыдні са спасылкай на свае крыніцы пісала, што Нямеччына таксама разглядае магчымасьць выкарыстаньня замарожаных актываў Расеі для аднаўленьня Украіны. Але падобны варыянт Бэрлін будзе разглядаць, калі аналягічна паступяць яго саюзьнікі. Унутры ўрада ФРГ пакуль няма адзінай пазыцыі па пытаньні канфіскацыі расейскіх актываў.