Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея, пра якую мы ўсё ведалі і ўсім гаварылі, але нас ніхто ня чуў


Зруйнаваны расейскім войскам паўднёваўкраінскі горад Марыюпаль. 2022
Зруйнаваны расейскім войскам паўднёваўкраінскі горад Марыюпаль. 2022

Цяперашні драматычны момант, момант вайны — гэта яшчэ і момант асаблівай шчырасьці і сумленнасьці; момант, калі чорнае можна назваць чорным, а белае — белым. Гэта, бадай, адна зь нешматлікіх добрых адзнак суворага часу, у які мы жывём.

Мы ўсе даўно ведалі, што Пуцін — малаадукаваны тыран з комплексам непаўнавартасьці; што пуцінская Расея — карумпаванае царства несправядлівасьці, дзе жыцьцё і годнасьць чалавека ня вартыя амаль нічога.

Хто хоць трохі старэйшы, памятае вайну ў Чачэніі і жахі, якія тварыла там армія, здавалася б, дэмакратычнай ельцынскай Расеі. Расейская армія не зьмянілася з таго часу, ніякага пакаяньня і трыбуналу за тыя ваенныя злачынствы не было.

Нас — усходнеэўрапейцаў, жыхароў краінаў Балтыі або нешматлікіх расейцаў кшталту Валерыі Навадворскай — называлі русафобамі і казалі, што з намі штосьці ня так.

А мы ўсё ведалі і мелі рацыю ўвесь гэты час. І ад гэтага адчуваеш сябе ледзь не вінаватым у цяперашняй бядзе, якая прыйшла ў 2022 годзе.

Мы ведалі, але не папярэдзілі? Ведалі, але маўчалі або былі непераканаўчымі?

Ведалі, але астатні сьвет таксама ведаў і далей меў справу з Расеяй — і пасьля Чачэніі, і пасьля вайны ў Грузіі ў 2008 годзе (у тым ліку самі грузіны маюць зь ёй справы і цяпер), і нават пасьля Крыму ў 2014 годзе.

Самавыкрыцьцё Расеі

Падзея, якая адбылася ў 2022 годзе і цяпер ужо заслужана амаль забытая — прадказальны прысуд у справе аб зьбіцьці Боінга MH-17.

Восем гадоў таму падчас вайны на Данбасе, якую Крэмль спрабаваў прадставіць як нібыта грамадзянскую вайну ва Ўкраіне, расейская супрацьпаветраная ракетная ўстаноўка зьбіла малайзійскі пасажырскі самалёт, які ляцеў рэйсам зь Нідэрляндаў у Малайзію і пралятаў над усходняй Украінай.

Мяркую, абсалютнай большасьці тых, хто чытае гэты тэкст і сачыў тады за вайной ва Ўкраіне, было ад першых жа гадзін зразумела, што здарылася. Ніякая дэзынфармацыя, ніякія хлусьлівыя і абсурдныя вэрсіі, якія пашырала расейская прапаганда, так і ня здолелі выклікаць сумнеў, а часам і наадварот, толькі яшчэ больш пераконвалі ў слушнасьці першапачатковай карціны.

Тая трагедыя сталася адначасова і жахлівым злачынствам, і жахлівым самавыкрыцьцём Расеі. Гэта быў прамы доказ таго, што на Данбасе адбывалася не вайна нейкіх раптоўна ўзьніклых ДНР і ЛНР за незалежнасьць, а збройны напад Расеі на Ўкраіну. Доказ, створаны і прад’яўлены сьвету самой жа расейскай арміяй самым яскравым і крывавым чынам. Цалкам прадказальны прысуд у гэтай справе мог бы быць скандалам і першым юрыдычна замацаваным доказам расейскай агрэсіі...

Як наіўна ўсе гэтыя развагі выглядаюць цяпер, пасьля таго, як Расея, не дачакаўшыся прысуду, проста адкрыта атакавала Ўкраіну.

Мне даводзілася ў 2014 годзе быць у Кіеве па працы і бачыцца зь вельмі высокапастаўленым малайзійскім чыноўнікам. Малайзія і дагэтуль старанна ўстрымліваецца ад таго, каб адкрытым тэкстам назваць расейцаў вінаватымі. Але калі ў прыватнай размове з тым чыноўнікам я зрабіў акуратны дыпляматычны рэвэранс у духу «тым часам Крэмль мае вось такую вэрсію», на мяне на імгненьне зірнулі як на дурня. І мне ўсё стала зразумела.

Вайна як момант шчырасьці

Ад усьведамленьня гэтай рацыі, якую мы мелі, робіцца страшна і дзіўна. Але, прынамсі, можна сказаць, што лопаецца бурбалка гэтай крывадушнай заходняй ветлівасьці да Расеі са спасылкамі на «вялікую культуру», «загадкавую душу» і са знакамі даляра ў вачах.

Цяпер Чайкоўскі і Чэхаў асобна, а Расея, будучы трыбунал у Гаазе і будучыя рэпарацыі Ўкраіне — асобна.

Пару месяцаў таму давялося наведаць вялікую канфэрэнцыю па ўстойлівым разьвіцьці ў Бэрліне. «Устойлівае разьвіцьцё» — гэта збольшага пра экалёгію і вырашэньне гуманітарных праблемаў, асабліва ў бедных краінах.

Упершыню за мой досьвед на такой канфэрэнцыі, дзе звычайна сустракаюцца паліткарэктныя міжнародныя чыноўнікі і ідэалістычныя мірныя грамадзкія актывісты, гаварылі ня проста абцякальна аб правах чалавека, але пра геапалітыку і нэгатыўную ролю дыктатарскіх рэжымаў. Літаральна пра Пуціна і літаральна пра камуністычны Кітай.

Я слухаў і ня верыў: упершыню маё дысыдэнцкае ўсходнеэўрапейскае ўспрыманьне сьвету было зафіксавана як афіцыйны мэйнстрым. Трэба запомніць гэты момант.

І, дарэчы, адначасова з расейскай пачала лопацца і кітайская бурбалка. Цяпер пра КНР усё больш дапушчальным робіцца адкрыта гаварыць як пра высокатэхналягічную таталітарную дзяржаву з палітвязьнямі, генацыдам уйгураў і ўціскам іншых нацыянальных меншасьцяў; з задушанай дэмакратыяй у Ганконгу і пагрозай нападу на Тайвань. Адначасова чэмпіянат сьвету ў футболе ў Катары і масавыя пратэсты ў Іране прывялі да ўсплёску міжнароднага абмеркаваньня стану правоў чалавека ў таталітарных ісламісцкіх дзяржавах на Блізкім Усходзе.

Вядома, можа здарыцца і так, што вайна скончыцца — і празь лічаныя гады сьвет зноў будзе вітаць наступнага расейскага пуціна гэтак жа сама, як да 2014 году вітаў і цяперашняга і як дагэтуль вітае інвэстараў або інвэстыцыйныя праекты з КНР, Цэнтральнай Азіі ці Пэрсыдзкай затокі. Бо бізнэс, нічога асабістага.

Але цяперашні момант, момант вайны — гэта яшчэ і момант асаблівай шчырасьці і сумленнасьці; момант, калі чорнае можна назваць чорным, а белае — белым. Гэта, бадай, адна зь нешматлікіх добрых адзнак часу, у які мы жывём.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG