Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё магло быць і горш». Вынікі 2022 году ў беларуска-расейскіх адносінах ад Вадзіма Мажэйкі


Аляксандар Лукашэнка камэнтуе хаду вайны
Аляксандар Лукашэнка камэнтуе хаду вайны

Саўдзел у расейскай агрэсіі, страта вайсковага сувэрэнітэту, рост эканамічнай залежнасьці ад Расеі — ключавыя сюжэты беларуска-расейскіх адносін у 2022 годзе, пра якія ў інтэрвію Свабодзе прыгадвае палітычны аналітык, каардынатар экспэртнай сеткі «Нашае меркаваньне» Вадзім Мажэйка.

Сьцісла

  • Ніхто з актараў — ні Лукашэнка, ні Пуцін — не зацікаўлены ва ўцягваньні беларускага войска ў вайну.
  • У вайсковай сфэры Лукашэнка ўжо мусіць выконваць усё, што скажуць з Масквы.
  • Залежнасьць ад Расеі павялічылася ня ў выніку санкцый, а ў выніку дзеяньняў Лукашэнкі.
  • Прарасейская частка грамадзтва была, ёсьць і будзе, палітыкам трэба рабіць з гэтага належныя высновы.
  • Наяўнасьць суседа — былой мэтраполіі з імпэрскай сьвядомасьцю — заўсёды ўтрымлівае рызыку, але гэта не азначае, што Беларусі наканавана быць калёніяй Расеі.
  • Калі разглядаць сувэрэнітэт як цнатлівасьць, то ў Беларусі яго ўжо няма.

— Чаму беларускае войска ня кінулі ў бой — таму што гэтага не хацеў Лукашэнка ці таму, што Пуціну гэта проста непатрэбна?

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

— Магчыма, гэтага не хацеў ніхто. Па самых розных апытаньнях мы бачым, што беларускі народ супраць свайго ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Збольшага гэтага ня хочуць і вайскоўцы. Маральны дух беларускага войска ў такой вайне будзе вельмі нізкі.

Відавочна, што гэтага ня хоча Лукашэнка. Наступствы гэтага будуць для яго вельмі кепскія. Як любы дыктатар, ён не зацікаўлены ў тым, каб застацца бяз войска. Прычым пры любым выніку. Ваенная параза будзе для яго катастрофай. Але і ў выпадку перамогі еднасьць беларускага войска з расейскім — зусім ня тое, чаго хацелася б Лукашэнку.

Ёсьць вялікія сумневы і ў тым, што гэтага хоча Пуцін. У мэдыя лунае наратыў, што Пуцін цісьне, а Лукашэнка трымаецца. Доказаў гэтага ціску няма. Але відавочна, што ўсё, чаго Пуцін хоча — выкарыстаньне беларускай інфраструктуры для вайны, вышкал расейскіх мабілізаваных на беларускіх палігонах — ён атрымлівае. Няма доказаў таго, што ён хацеў нечага і не атрымаў. Тады ёсьць сумневы і ў тым, што ён хоча ўдзелу ў вайне беларускага войска.

Я не вайсковы аналітык, але мяркую, што высокая імавернасьць таго, што ў выпадку ўдзелу ў вайне беларускае войска будзе разгромленае і аголенай акажацца ня толькі беларуска-ўкраінская мяжа, але і межы Беларусі з Польшчай і Літвой. А гэта шлях на Маскву.

Тое, што я прыводжу — гэта рацыянальныя аргумэнты. Пуцін, як мы бачым, кіруецца ня толькі рацыянальнымі аргумэнтамі. Так што рызыка ёсьць. Але паўтару, што, на мой погляд, насамрэч ніхто з актараў не зацікаўлены ва ўцягваньні беларускага войска ў вайну.

— Чаму сёлета Беларусь так і не прызнала незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР»? Калі Расея анэксавала 4 вобласьці Ўкраіны, Кім Чэн Ын прызнаў гэтую анэксію. Лукашэнка — не. Так, Беларусь прагаласавала ў ААН супраць рэзалюцыі з асуджэньнем анэксіі. Але Лукашэнка не сказаў: гэтыя тэрыторыі — Расея.

Цікавы быў эпізод, калі Лукашэнка пасьля сустрэчы з Пуціным наведаў Абхазію. Многія тады меркавалі, што неўзабаве будзе прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі. А не было. Чаму?

— Перафразуючы фразу Марка Твэна, чуткі пра Лукашэнкаву марыянэткавасьць перабольшаныя. І гэта не таму, што ён добры, а таму, што ён дыктатар і любіць сваю ўладу. Дарэчнае параўнаньне з Кімам. Для КНДР гэта быў зразумелы крок. Ёй гэта не каштуе нічога. Гаварыць пра рэпутацыйныя страты Кім Чэн Ына не выпадае, няма чаго губляць. Пры гэтым пасьля такіх заяваў ніхто ня лічыць Кіма марыянэткай Пуціна. Стратаў ад такога кроку няма, а эканамічная карысьць ад супрацы з Расеяй для КНДР можа і быць.

А для Лукашэнкі страты ад такога кроку былі б вялікія, гэта было б моцным аргумэнтам за тое, што ён не зьяўляецца самастойным суб’ектам палітыкі. Сумневы ў тым, што зьяўляецца, і так узмацніліся пасьля пачатку вайны.

Гледзячы па ўсім, да візыту ў Абхазію Пуцін прымушаў Лукашэнку. Дзяржаўныя СМІ цікава асьвятлялі гэты візыт, яны нават не называлі Абхазію, гаварылі пра «ўзьбярэжжа Чорнага мора». І не называліся пасады асобаў, зь якімі Лукашэнка там сустракаўся.

Бо калі ён сустракаецца з прэзыдэнтам псэўдакраіны і гэта прызнаецца, то Лукашэнка аказваецца як бы роўны гэтаму свайму суразмоўцу. А яму гэта не падабаецца. Яму больш даспадобы езьдзіць на саміт ШАС і быць на роўных зь Сі Цзіньпінам.

Адносна паездкі ў Абхазію мы бачылі ціск. Аднак адносна ўдзелу беларускага войска ў вайне мы яго ня бачым. Я не кажу, што гэтага ціску няма, мы проста пра яго ня ведаем. І таму не выпадае казаць, што Лукашэнка супраціўляецца.

Калі абмяркоўвалася прапанова стварэньня ў Беларусі расейскай авіябазы, ціск з Масквы быў відавочны. І Лукашэнка тады сапраўды супраціўляўся, і база ў выніку не зьявілася. Цяпер мы такога ня бачым. Напэўна, ён разумее, што ў вайсковай сфэры мусіць выконваць усё, што скажуць з Масквы, іншыя паводзіны небясьпечныя.

Ён раіў Украіне не супраціўляцца Расеі, а здацца на волю моцнага. На нядаўняй нарадзе АДКБ ён вельмі эмацыйна крытыкаваў армянскага лідэра Нікола Пашыньяна за тое, што той пасьмеў супраціўляцца Азэрбайджану. Хутчэй за ўсё, гэтая эмацыйнасьць тлумачыцца псыхалягічнай траўмай Лукашэнкі ад таго, што з Расеяй у вайсковых пытаньнях ён паводзіць сябе зусім не ганарліва.

— «Санкцыі ўціскаюць Беларусь у Расею» — гэтую тэзу адстойваюць такія розныя людзі, як палітык Зянон Пазьняк і аналітык, былы дыплямат Павал Мацукевіч. На Расею ўжо прыпадае 70% усяго зьнешнегандлёвага абароту Беларусі. Ці згодны вы з тэзай Пазьняка і Мацукевіча?

— Відавочна, што за апошнія гады павялічыўся ўплыў Расеі на Беларусь і што часткова прычынай гэтага былі санкцыі. Але залежнасьць ад Расеі павялічылася не з прычыны санкцый. Яна павялічылася ў выніку дзеяньняў Лукашэнкі — учыненага ім мігранцкага крызісу, захопу самалёта Ryanair. Санкцыі — гэта не першапрычына, гэта наступствы.

І ёсьць пярэчаньне на аргумэнты паважанага мною Мацукевіча — ок, санкцыі не працуюць, але што рабіць іншае? І на гэта няма добрага адказу. Санкцыі ўводзяцца не таму, што яны добрыя самі па сабе, а таму, што няма іншых інструмэнтаў.

— Дакладнасьць дадзеных сацыялягічных апытаньняў, якія праводзяцца ў Беларусі, досыць умоўная. Тым ня менш пэўную каштоўнасьць яны маюць. Паводле іх, існуе кансэнсус — больш за 80% беларусаў супраць удзелу беларускага войска ў вайне. Аднак пры гэтым каля 40% падтрымліваюць пазыцыю Расеі ў цяперашняй вайне. А калі задаецца пытаньне, вы за саюз з Расеяй ці за ўступленьне Беларусі ў ЭЗ, перавага на баку Расеі. Прычым долі адказаў на пытаньні аб геапалітычным выбары з сакавіка не мяняюцца. Як гэта можна патлумачыць?

— У 2020 годзе вялікі ўплыў Ціханоўскай і Бабарыкі тлумачыўся, апроч іншага, і іх устрыманьнем ад геапалітычнага выбару. Цяпер у апанэнтаў Лукашэнкі проста няма магчымасьці займаць нэўтральную ці прарасейскую пазыцыю па Ўкраіне. Я зьвярнуў увагу, што прыхільнікі Бабарыкі, чальцы яго партыі «Разам», ня надта фармулююць сваю пазыцыю па Ўкраіне. Не таму, што яны прарасейскія, а таму, што яны прагматычныя.

Так, застаецца гэтая прарасейская частка грамадзтва. Яна была і будзе. Ёсьць тыя, на каго моцна ўплывае расейская прапаганда. За апошнія гады яе ўплыў узмацніўся.

Таксама на прапорцыі ўплывае масавая эміграцыя зь Беларусі. Пераважная частка гэтых эмігрантаў настроеная зусім не па-прарасейску. І ў выніку адсотак прарасейска настроеных людзей у краіне павялічваецца.

З гэтага трэба рабіць належныя высновы. У выпадку зьмены ўлады нельга, напрыклад, адразу рабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай. Гэтая ідэя ня знойдзе падтрымкі большасьці. Мы ведаем палітыкаў, якія жывуць у ідэальным грамадзтве. Ёсьць спадар Пазьняк, які ў «белым паліто», і ёсьць грамадзтва, якое да яго не дарасло.

— Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў сёлета заявіў, што ў 2020 годзе Расея ў любым выпадку не дапусьціла б перамогі пратэстаў у Беларусі. Ці азначае гэта, што Расея нікуды Беларусь не адпусьціць?

— Ёсьць рызыкі данбаскага і крымскага сцэнараў, і толькі наіўныя людзі ў 2020 годзе гэтага не ўсьведамлялі. І ў 2015 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў не было пратэстаў, таму што людзі перасьцерагаліся, што ў выпадку чаго прыедзе Пуцін на танку. Беларусы ўсьведамляюць гэтую рызыку.

Калі твой сусед — былая мэтраполія з імпэрскай сьвядомасьцю, гэта заўсёды ўтрымлівае рызыку.

Рызык у 2020 годзе было шмат, не бывае рэвалюцый, перамога якіх была б гарантаваная. Але ўсе кіраваліся лёгікай, што варта спрабаваць. Тады шанец быў. Досьвед Украіны паказвае, што змаганьне за свабоду і незалежнасьць — нялёгкая справа.

Рызыкі не азначаюць, што лёс Беларусі наканаваны і нічым, акрамя калёніі Расеі, мы быць ня можам.

Расейскіх вайскоўцаў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, сустракаюць у Беларусі
Расейскіх вайскоўцаў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, сустракаюць у Беларусі

— У 2023 годзе чаго можна чакаць у беларуска-расейскіх адносінах? Ці захавае Беларусь хоць нешта ад свайго сувэрэнітэту?

— Калі гаварыць пра сувэрэнітэт як пра нешта цэласнае, як пра цнатлівасьць — што альбо ёсьць, альбо няма, то ў Беларусі яго ўжо няма. Страчаны вайсковы сувэрэнітэт — замежнае войска дзейнічае як хоча на беларускай тэрыторыі. Сваё войска ў Беларусі пакуль ёсьць. І беларускімі салдатамі не камандуюць расейскія афіцэры.

Ёсьць і іншыя мэханізмы, якія зьмяншаюць і будуць зьмяншаць сувэрэнітэт Беларусі. Паглядзім, якімі будуць вынікі візыту ў Беларусь Пуціна.

У будучыні пры Лукашэнку беларускі сувэрэнітэт будзе зьмяншацца. Пакуль Расея не зазнае паразы ў вайне, я не чакаў бы добрых зрухаў для Беларусі. Але я ня думаю, што Беларусь цалкам страціць свой сувэрэнітэт і ўвойдзе ў склад РФ.

У 2022 годзе цяжка знайсьці нешта добрае. Расейскі напад на Ўкраіну, саўдзел Беларусі ў гэтым нападзе. Але ўсё магло быць і горш. Мог быць і прамы ўдзел беларускага войска ў вайне, і ваенныя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG