Судзілі чатырох чалавек, якім пагражалі пажыцьцёвыя тэрміны за наўмыснае зьнішчэньне самалёта і наўмыснае забойства ў сувязі з крушэньнем пасажырскага малайзійскага «Боінга» рэйсу MH17 Амстэрдам — Куала-Лумпур над Данбасам у 2014 годзе.
Суд у Гаазе прыйшоў да высновы, што рэйс MH-17 быў зьбіты ракетай з комплексу «Бук», запушчанай з боку Першамайскага, якое кантралявалі падкантрольныя Расеі сілы з так званай «ДНР».
Расея ў момант падзеньня MH-17 кантралявала так званую «ДНР». Гэта пацьвярджаюць пастаянныя кантакты «адміністрацыі» «ДНР» з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым, прызначэньні чыноўнікаў у «ДНР» Масквой і пастаўкі зброі сэпаратыстам Расеяй.
Падсуднымі, ніводзін зь якіх у суд не зьявіўся, сталі трое грамадзян Расеі:
- палкоўнік запасу ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў), які меў пасаду «міністра абароны» ў так званай «ДНР»;
- старшы афіцэр ГРУ ў адстаўцы Сяргей Дубінскі;
- падпалкоўнік запасу ПДВ Алег Пулатаў.
- Чацьвёрты абвінавачаны — грамадзянін Украіны, камандзір выведнага падразьдзяленьня так званай «ДНР» Леанід Харчанка.
Гіркіна, Дубінскага і Харчанку прызналі вінаватымі. Пулатава апраўдалі празь недахоп доказаў.
Асуджаныя, акрамя пажыцьцёвага зьняволеньня, мусяць выплаціць кампэнсацыі сем'ям загінулых на суму больш за 16 мільёнаў эўра. Цягам 14 дзён асуджаныя могуць падаць апэляцыю на прысуд.
У крушэньні «Боінга» 17 ліпеня 2014 загінулі ўсе, хто быў на борце — 283 пасажыры і 15 чальцоў экіпажу. Сярод іх былі грамадзяне Нідэрляндаў (193), Малайзіі (43), Аўстраліі (38), Інданэзіі (13), а таксама некалькіх іншых краін.
Жывы эфір тэлеканалу «Настоящее время»:
У судзе было заяўлена, што «Боінг» быў зьбіты з кантраляванай прарасейскімі сэпаратыстамі тэрыторыі з зэнітна-ракетнай сыстэмы «Бук», якая была дастаўлена з Расеі і належала расейскім вайскоўцам. Сыстэма «Бук» прыбыла на Данбас з 53-й зэнітна-ракетнай брыгады СПА пад Курскам.
Доказныя матэрыялы справы галоўным чынам абапіраліся на запісах тэлефонных размоў камандзіраў вайсковых фармаваньняў самаабвешчанай «ДНР», перахопленых СБУ і перададзеных сьледчым.
З матэрыялаў справы вынікае, што абвінавачаныя непасрэдна адказвалі за дастаўленьне зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» з Расеі ў Данбас, хоць пракуратура адзначыла, што ніхто зь іх асабіста ня браў удзелу ў запуску ракеты, якая зьбіла малайзійскі лайнэр.
Расея лічыць, што судовы працэс па справе аб катастрофе MH17 «быў заснаваны на палітычнай замове». Пра гэта гаворыцца ў камэнтары Міністэрства замежных спраў РФ, распаўсюджаным увечары 17 лістапада.
«На працягу ўсяго працэсу суд знаходзіўся пад беспрэцэдэнтным ціскам з боку галяндзкіх палітыкаў, прадстаўнікоў пракуратуры і СМІ, якія накідалі палітычна матываваны вынік працэсу. Відавочна і тое, што Нідэрлянды, ініцыяваўшы паралельныя спрэчкі па справе MH17 супраць нашай краіны на іншых пляцоўках, проста не маглі дапусьціць іншага прысуду на нацыянальным узроўні, акрамя абвінаваўчага, бо ў дадзеным выпадку іх аргумэнты ў міжнародных фарматах рассыпаліся б. Пра аб’ектыўнасьць і бесстароннасьць у такіх умовах гаварыць не даводзіцца», — сказана ў заяве.