Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэль, добраахвотнікі, «Новая Беларусь». Чым і кім беларусы могуць ганарыцца ў 2022 годзе


Свабода сабрала яскравыя падзеі, ініцыятывы і людзей Беларусі 2022 году, якімі можа ганарыцца кожны.

1. Нобэлеўская прэмія міру для палітзьняволенага Алеся Бяляцкага

Алесь Бяляцкі — кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна». Ён палітычны зьняволены, з 14 ліпеня 2021 году Бяляцкага разам з калегамі-праваабаронцамі зь «Вясны» ўтрымліваюць за кратамі. Усё жыцьцё Алесь прысьвяціў абароне і прасоўваньню правоў чалавека ў Беларусі.

7 кастрычніка 2022 года Нобэлеўскі камітэт абвясьціў, што Бяляцкі разам з расейскімі і ўкраінскімі праваабарончымі арганізацыямі атрымаў прэмію міру.

Нобэлеўскі камітэт так патлумачыў свой выбар: «Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзьнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х. Ён прысьвяціў сваё жыцьцё прасоўваньню дэмакратыі і мірнага разьвіцьця ў сваёй краіне. Спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантымэтар у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».

Нобэлеўскую прэмію міру ўручылі ў Осла 10 сьнежня. На цырымоніі ад імя ляўрэата выступала ягоная жонка Натальля Пінчук.

«Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто ня можа спыніць прагу людзей да волі. Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолягі, прафсаюзныя лідэры, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў... Суды працуюць як канвэер, асуджаных развозяць па калёніях, а новыя хвалі палітзьняволеных займаюць іх месца», — зазначыла ў прамове ад імя праваабаронцы Натальля.

2. Беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне

З пачаткам расейскага нападу на Ўкраіну беларусы абвясьцілі пра стварэньне добраахвотніцкіх фармаваньняў для абароны Ўкраіны. У Кіеве арганізавалі батальён, а затым полк імя Кастуся Каліноўскага. Беларусы служаць таксама ў падразьдзяленьні «Пагоня» і ў складзе розных украінскіх фармаваньняў. Яны атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды Ўкраіны.

У 2022 годзе ва Ўкраіне загінулі 17 беларусаў, якія змагаюцца за яе незалежнасьць. Гэта дзесяць байцоў палка імя Каліноўскага і сем зь іншых падразьдзяленьняў, якія ваююць у складзе Ўзброеных сіл Украіны.

Вядома пра двух ваяроў-беларусаў, якія трапілі ў расейскі палон.

Свабода неаднаразова пісала пра беларускіх добраахвотнікаў.

Іх сваякі, якія засталіся ў Беларусі, цярпяць ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў. Міліцыянты грамяць кватэры, якія засталіся ў добраахвотнікаў у Беларусі, шкодзяць маёмасьць.

Пасьля гібелі ва Ўкраіне байца Паўла «Волата» да беларускіх добраахвотнікаў далучылася ягоная маці, рэпрэсаваная выкладчыца ўнівэрсытэту Натальля Суслава. Яна ўвайшла ў склад батальёну «Тэрор» (асобная адзінка, раней быў у складзе палка Каліноўскага. — РС).

3. Палітвязьні і тыя, хто іх чакае на волі

У беларускіх турмах з палітычных прычынаў знаходзяцца тысячы людзей. Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі 1435 чалавек (іншыя праваабарончыя ініцыятывы называюць большыя лічбы). Насамрэч іх колькасьць куды большая. Многія сваякі баяцца расказваць пра сваіх блізкіх, якія трапілі ў турму. Палітычныя вязьні знаходзяцца ў СІЗА і калёніях у цяжкіх умовах. На іх ціснуць, пазбаўляюць лістоў, перадач і спатканьняў, іх часта караюць ШЫЗА ці карцарам.

Аднак далёка ня ўсе зь іх адмаўляюцца ад сваіх перакананьняў нават пад такім ціскам.

«Вельмі прыемна, што пра мяне клапоцяцца, гэта надае мне сіл, пераконвае ў маёй праваце і напаўняе рашучасьцю. І гэта дапамагае мне прыняць правільнае рашэньне і нічога не баяцца. Ні аб чым не шкадую і ведаю, што праўда на маім баку. Адчуваю сябе спакойнай і ўпэўненай дзякуючы падтрымцы людзей, якія жадаюць мне дабра і падзяляюць мае каштоўнасьці», — так напісала ў лісьце на волю былая выкладчыца ўнівэрсытэту Натальля Дуліна.

У зоне рызыкі знаходзяцца ня толькі палітвязьні, але і тыя, хто іх чакае. За краты трапіла Дар’я Лосік, жонка палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка. Дар’я адстойвала правы мужа цягам усяго часу, што ён знаходзіцца за кратамі — з канца чэрвеня 2020 году.

18 кастрычніка Дар’ю затрымалі, цяпер яна ў берасьцейскім СІЗА. Дар’ю Лосік абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» — за камэнтар для тэлеканалу «Белсат». Крымінальную справу перадалі ў суд.

4. Беларускія валянтэры па абодва бакі мяжы Ўкраіны і Польшчы

Ад першых дзён вайны беларускія валянтэры займаюцца дапамогай уцекачам і тым, хто застаўся ва Ўкраіне. Праваабаронца, дырэктарка грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская пасьля свайго арышту і дэпартацыі мужа пераехала ва Ўкраіну. Цяпер яна зьбірае сродкі на мэдычныя апараты для параненых і перадае іх у шпіталі.

Зборам сродкаў на VAC-сыстэмы разам са «Зьвяном» займаецца беларуская дыяспара ў Італіі і беларусы, якія жывуць цяпер па ўсім сьвеце.

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне беларускія валянтэры стварылі праект «Лелека». У ім удзельнічаюць малыя мастакі з Украіны. Сваю творчасьць дзеці прысылаюць арганізатарам праекту, пасьля дызайнэры ўручную апрацоўваюць малюнкі і далей выстаўляюць выявы на продаж. Агулам у праекце паўдзельнічалі ўжо 5 тысяч украінскіх дзяцей, якія прыслалі 16 тысяч работ.

Украінскія дзеці з дапамогай праекту змаглі зарабіць 15 тысяч эўра. Усе заробленыя такім чынам грошы пералічылі непасрэдна на банкаўскі рахунак бацькоў гэтых дзетак. Сам праект не бярэ камісіі і зьяўляецца цалкам валянтэрскім.

Украінцам, якія мусілі ўцякаць ад вайны, асабіста дапамагаюць многія беларусы. Адна зь іх — Вольга Адамовіч, якая жыве ў польскім Любліне. Вольга ў сваім доме прыняла за час вайны некалькі тысяч украінцаў, дапамагла ім зь пераездам і пошукам працы ў іншых эўрапейскіх краінах. Таксама Вольга арганізавала збор «паходных» заплечнікаў для ўкраінскіх дзяцей, апекавалася дзецьмі-інвалідамі.

З сакавіка па лістапад 2022 году беларусы адкрылі свой «валянтэрскі пункт» на мяжы Ўкраіны і Польшчы. Беларус Андрэй Кулакоў і ягоная сяброўка Караліна Цярэнцьева займаліся дапамогай уцекачам на мяжы. За гэты час Андрэй перавёз на сваім бусіку каля 50 тысяч уцекачоў.

Ягоная з Каралінай каманда днямі і начамі дзяжурыла на мяжы і на вакзале ў Пярэмышлі, каб дапамагаць украінцам. На памежным пераходзе «Мэдыка» беларусы збудавалі намёт, дзе ўцекачы маглі пераначаваць і атрымаць неабходную дапамогу.

5. «Новая Беларусь» у тэлефоне

Праект «Новая Беларусь» яшчэ называюць «лічбавай дзяржавай». Адзін са стваральнікаў гэтай плятформы — Павал Лібер.

Плятформа — гэта «месца, дзе ты заўсёды сярод сваіх». Тут сабраныя ўсе фонды і ініцыятывы, якія падтрымліваюць беларусаў і беларусак. Тут можна прачытаць навіны, даведацца пра беларускія паслугі па ўсім сьвеце і мерапрыемствы. Стваральнік плятформы казаў, што гэта «шлях да стварэньня лічбавай краіны».

«Мы будуем велізарную плятформу, на якой павінны перасячыся шмат пластоў — сацыяльна-культурныя, эканамічныя, палітычныя. Цяпер фокус у нас будзе менавіта на сацыяльна-культурных. Яны могуць быць базісам, які дазваляе сабраць людзей у камфортнай і бясьпечнай прасторы», — казаў Павал Лібер.

6. Жаночыя ініцыятывы ў розных сфэрах

За 2022 год беларускі стварылі шэраг праектаў і ініцыятыў. Адна зь іх — «Палітвязынка». Праект пра беларусак, якія цяпер у турме. Праект стварылі журналістка Яўгенія Доўгая і мастачка Ганна Татур. Аўтаркі нагадваюць пра страшнае праз далікатныя партрэты палітзьняволеных беларусак.

Паводле Яўгеніі і Ганны, гэта робіцца, каб «зрабіць бачнымі нашых жанчын у рэпрэсіўным апараце самаабвешчаных уладаў Беларусі». На праект падпісаліся ўжо больш за тысячу падпісчыкаў/падпісчыц. Апублікавана 75 гісторый беларускіх жанчын, якія знаходзяцца ў турме за грамадзянскую пазыцыю.

У 2022 годзе стартаваў праект Women in Tech, які дапамагае жанчынам увайсьці ў сфэру ІТ і зрабіць кар’еру. Цяпер у праграмах праекту вучацца больш за 500 удзельніц зь Беларусі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Украіны, Грузіі, Нямеччыны, ЗША і іншых краін.

Праект «Жаночы клюб Women Pro у Варшаве» арыентуецца на рэалізацыю жанчын у самых розных кірунках. «Мэта нашага клюбу — дапамагчы і падтрымаць кожную ўдзельніцу ўва ўсіх яе пачынаньнях з усіх магчымых бакоў. Таму і тэмы для сустрэч мы прапануем розныя», — кажа заснавальніца клюбу Марыя Мароз.

7. Вядомыя і невядомыя героі, якія выступілі супраць вайны

Ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне беларусы рознымі спосабамі выступалі супраць яе. 27 лютага 2022 году ў Менску прайшоў антываенны мітынг, вынікам якога сталі масавыя затрыманьні. У лютым і сакавіку на беларускай чыгунцы адбыліся падпалы рэлейных шафаў. Такім чынам «рэйкавыя партызаны» спрабавалі прыпыніць ці хаця б запаволіць рух расейскай вайсковай тэхнікі.

За падпал рэлейнай шафы сілавікі затрымалі жыхароў Бабруйску Дзьмітрыя Клімава, Яўгенія Мінкевіча і Ўладзімера Аўрамцава. За іншыя дывэрсіі на чыгунцы арыштавалі жыхароў Сьветлагорску Дзяніса Дзікуна, Дзьмітрыя Савіча і Алега Маўчанава. Пад Барысавам сілавікі затрымалі Віталя Мельніка, у Мазыры — Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча. За інцыдэнты на чыгунцы пад перасьлед таксама трапілі Сяргей і Кацярына Глебкі са Стоўпцаў, чыгуначнік Сяргей Канавалаў зь Віцебску.

Тысячы беларусаў дзейнічалі таемна, дапамагаючы ўкраінскаму войску. Гэта тыя, хто фіксаваў рух расейскай тэхнікі і адпраўляў дадзеныя як у незалежныя беларускія СМІ, так і ў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн». А таксама тыя, хто рознымі шляхамі дасылаў дапамогу Ўзброеным сілам Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG