Вольга наладзіла кантакт з валянтэрамі і дабрачыннымі арганізацыямі зь Нідэрляндаў, Нямеччыны, Гішпаніі, Італіі і Францыі. Цяпер з гэтых краін дадому Вользе прывозяць гуманітарную дапамогу. Назад валянтэры едуць не парожнія — забіраюць украінцаў.
«Дзеці жылі ў суседзяў, сама дзе давядзецца»
Першыя ўцекачы з Украіны прыехалі да Вольгі ў Люблін 27 лютага. З кожным днём іх рабілася больш і больш.
«Былі такія дні, калі адначасова ў доме прымалі 120 чалавек», — кажа беларуска.
Яна зь сям’ёй мае вялікі дом. Але пакояў не хапала. З дапамогай валянтэраў пад часовае жытло прыстасавалі гараж.
«Усё рабілася хутка. Прыйшлі людзі — суседзі, знаёмыя, незнаёмыя. Прыбралі ўсё з гаража. Памылі вокны, навялі парадак. Прынесьлі матрацы, бялізну. Вырашылі пытаньне з харчаваньнем. Дапамагалі як валянтэры, дабрачынныя арганізацыі, так і проста людзі — прыносілі, хто што мог», — успамінае Вольга.
Яе два сыны спачатку жылі ў суседзяў. Вольга — у гатэлі непадалёк.
«Усе, хто начаваў у гаражы, прыходзілі ў гатэль мыцца ў душы», — кажа яна.
Потым дзеці пайшлі жыць да свайго бацькі. Вольга жыла «дзе давядзецца».
«Да Любліна прыяжджалі цягнікі з тысячамі ўкраінцаў. Іх трэба было недзе разьмясьціць. Месцаў не хапала нідзе. Мне тэлефануюць, просяць прыняць 30 чалавек. Я на той момант мела толькі 10 месцаў. Але мела і разуменьне, што лепш 30 чалавек прыняць на 10 месцаў, чым людзі будуць на вуліцы пры тэмпэратуры мінус 14», — кажа Вольга.
«Украінскім дзецям раздаём кніжкі»
Яна ня ўтойвае, што было складана. Часам дзень і ноч не атрымлівалася спаць.
«Ці недзе ўпаду паспаць на гадзінку, але тэлефануюць, што трэба прыняць людзей», — кажа беларуска.
Найбольш цяжкім былі эмоцыі і гісторыі людзей, якія прыехалі з-пад бомбаў, з падвалаў зьнясіленыя, страціўшы сваіх блізкіх людзей, жытло.
«Ад гэтага ўсяго, калі ўсіх выслухаць і прапусьціць празь сябе, можна было звар’яцець», — кажа Вольга.
У працы ёй дапамагаюць блізкія людзі, у тым ліку партнэр Лукаш.
«Уся праца — гэта тры тэлефоны. Але толькі Вольга ведае расейскую і ўкраінскую. Таму бывала і такое, што па ўсіх трох тэлефонах даводзілася размаўляць Вользе», — кажа Лукаш.
Ён паказвае стос дзіцячых кніжак — там казкі, надрукаваныя на ўкраінскай мове.
«Украінскім дзецям не хапае літаратуры на роднай мове тут, у Польшчы. Гэтыя кніжкі раздаём украінскім дзецям, таксама і тым, што трапілі тут у шпіталі», — дзеліцца Лукаш.
Людзі прыяжджалі фізычна і нэрвова зьнясіленыя.
«Пасьля пераходу мяжы было так, што ўсе павальна пачыналі хварэць. Гэтую праблему таксама даводзілася вырашаць», — кажа Вольга.
У забесьпячэньні гарачымі абедамі ёй спачатку дапамагалі некалькі ўстаноў харчаваньня Любліна. Цяпер толькі адзін рэстаран давозіць да ўцекачоў гарачыя абеды. Але ў асноўным людзі гатуюць самі.
«Вось на складзе ў нас прадукты. Цяпер іх менш. Было такое, што да столі стаялі скрынкі з чым толькі магчыма. Тут вось — італьянскае малако, там — польскія розныя кансэрвы. У суседніх пакоях — сродкі гігіены, пампэрсы», — паказвае Лукаш.
Украінцы, якія жывуць у Любліне, ведаюць гэты адрас і прыходзяць сюды па дапамогу — харчамі, сродкамі гігіены, вопраткай.
«Тысячы заплечнікаў для ўкраінскіх дзяцей прыехалі з розных краін»
Вольга з аднадумцамі абвясьціла акцыю па збору заплечнікаў для ўкраінскіх дзяцей. На яе адгукнуліся людзі з Гішпаніі, Італіі, Францыі, Польшчы.У іх складаюць сшыткі, алоўкі, флямастэры, цацкі, салодкія падарункі, сок, сурвэткі. Цяпер, калі ўкраінцы прыходзяць па дапамогу, могуць атрымаць і такі заплечнік.
«Мы пакуль ня можам сказаць дакладную колькасьць сабраных заплечнікаў. Іх проста тысячы. У заплечнікі людзі кладуць тое, што палічаць патрэбным. Вось гэты заплечнік — з Францыі. Тут алоўкі, сок, цацка, сурвэткі, пячэньне, яшчэ нешта — вельмі добры набор папраўдзе для дзіцяці», — дэманструе Лукаш.
«Зьезьдзілі ў Нідэрлянды і Нямеччыну, каб праверыць, як там уладкаваліся людзі»
Зь цягам часу на Вольгу пачалі выходзіць валянтэры і дабрачынныя арганізацыі з розных краін. Сюды, у Люблін, яны везьлі гуманітарную дапамогу. Адсюль забіралі людзей у розныя краіны.
Першая група ўцекачоў — 76 чалавек — выправілася ў нямецкі Левэркузэн.
«Адтуль прывезьлі да нас гуманітарную дапамогу і забралі да сябе людзей. Потым да нас далучыліся Нідэрлянды, пасьля — царква з Гішпаніі, дабрачынныя арганізацыі з Італіі. З Італіі прыяжджала машына хуткай дапамогі, каб забраць дзетак з асаблівасьцямі», — кажа Вольга.
«Як мы зьвязаліся зь імі? Усёмагутны facebook дапамог, таксама „сарафаннае радыё“, знаёмыя знаёмых нашых знаёмых, — тлумачыць жанчына. — Мы ня мелі і ня маем ніякай дзяржаўнай падтрымкі. Усё трымаецца на ініцыятыве людзей, валянтэраў. Консульствы нам пацьвердзілі, што гэта надзейныя і правераныя людзі, усе яны мелі лісты ад сваіх урадаў. Бо мы мусілі мець пэўнасьць, куды мы адпраўляем людзей».
У Нідэрляндах і Нямеччыне Вольга ўбачыла на ўласныя вочы, як уладкаваліся ўкраінцы.
«Умовы прымальныя. Не Бэльвэдэр, але і не падлога ў спартовай залі. Людзі маюць асобныя пакоі, агульную кухню. Каля ста чалавек паехалі ад нас на лайнэр, які цяпер стаіць у порце Ратэрдаму. Там яны пажывуць 2-3 месяцы, пасьля для іх знойдуць жытло. Усё гэта — афармленьне дакумэнтаў, фінансавая дапамога, дазвол на працу, уладкаваньне дзяцей у садок ці школу — адбываецца з дапамогай тамтэйшых валянтэраў», — кажа Вольга.
26 чалавек — маці з патранатнымі дзецьмі (якія засталіся з розных прычын без бацькоў, маюць патрэбу ў доглядзе і абароне. — РС) таксама знайшлі прытулак у Нідэрляндах. Там яны, апроч жытла і дапамогі, маюць магчымасьць падпрацоўваць на фэрме.
«Пра Вольгу і тое, што яна робіць для нас, я магу гаварыць бясконца»
Цяпер Вольга і яе паплечнікі засяродзіліся на дапамозе маці, якія маюць дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.
«Плынь уцекачоў зьменшылася. Многія ўкраінцы сталі вяртацца дахаты. Да нас пачалі тэлефанаваць людзі з такімі гісторыямі, што сям’я з хлопцам з аўтызмам жыве, скажам, у закутку за шафай. Спыталіся: „Можа быць, вы іх возьмеце?“. Ну возьмем. Таму што ў спэцыялізаваных установах не хапае месцаў нават для польскіх дзяцей. Пасьля той сям’і пайшлі наступныя, наступныя. Іх проста ніхто не хацеў браць. Да іх прыяжджаюць лекары, псыхолягі. Часам даводзіцца выклікаць „хуткую“, у экстраных сытуацыях. Але ў асноўным маці ведаюць, што рабіць з такімі дзецьмі, бо яны ж ад нараджэньня зь імі жывуць», — тлумачыць Вольга.
Для сясьцёр Натальлі і Аксаны і сына Натальлі Жэні, які мае аўтызм, у доме адрамантавалі асобную «кватэру». Самі яны ўцякалі з Барадзянкаўскага раёну, які быў пад расейскай акупацыяй. Тут два пакоі, кухня.
«Нам прынесьлі лядоўню, пральную машыну, мікрахвалёўку. Ды так хутка — мы проста ў шоку былі. Я такога прыёму не чакала. Мы дагэтуль жылі ў спартовай залі. Там сто чалавек былі. Жэні было там вельмі складана. Цяпер у яго асобны пакой. Ён вельмі задаволены», — кажа Натальля.
Плянаў на заўтра яны пакуль ня маюць — вайна ж ня скончылася. У Натальлі і сястры ва Ўкраіне было два дамы. Адзін быў заняты расейскімі вайскоўцамі, ад другога застаўся толькі комін.
«Дахаты мы сёньня б паехалі! Але пакуль ня можам. Бо суседзі пішуць — то там выбухі, то там. Пакуль мы тут, будзем шукаць працу», — кажа Натальля.
Дапамагчы беларусцы ў яе справе можна па спасылцы.