Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з разгромам кватэры, як сьцьвярджаецца, мужа прэс-сакратаркі палку Каліноўскага Крысьціны Станкевіч з пазыўным «Чабор».
Як і іншыя публікацыі з пагромамі, відэа аформлена ў стылі тэлеперадачы «Кватэрнае пытаньне». На відэа «пасьля» відаць, сярод іншага, вываленыя з шаф рэчы і посуд.
Выданьне «Медыязона. Беларусь» зьвярнулася па камэнтар да прэс-службы палку Каліноўскага, якая адмовілася паведаміць, пра чыю кватэру ідзе гаворка ў відэа сілавікоў і ці зьвязаны яе ўладальнік з падразьдзяленьнем.
У верасьні МУС прызнала добраахвотніцкі полк імя Кастуся Каліноўскага «экстрэмісцкім фармаваньнем». Празь месяц галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК узбудзіла крымінальную справу ў дачыненьні да ўдзельнікаў палку Каліноўскага за стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня» або ўдзел у ім (артыкул 361-1 КК).
Ператрус з пагромам сілавікі рабілі ў вядомых апанэнтаў рэжыму неаднаразова. Адным з апошніх выпадкаў стаў разгром кватэры прэс-сакратаркі «Кібэрпартызанаў» Юльяны Шаметавец.
Раней сілавікі разграмілі менскі дом Валера і Веранікі Цапкалаў — пабілі вокны, зьнішчылі мэблю, пашкодзілі трубы.
Таксама супрацоўнікі сілавых структур прыходзілі ў кватэру ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці, дзе зарэгістраваны Андрэй Павук, партнэр Маргарыты Ляўчук па дуэце «Красная зелень». Па ягоных словах, кватэру таксама разграмілі.
Супрацоўнікі ГУБАЗіКу публікавалі і «справаздачу» пра разгром маёмасьці грамадзкага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева. Як расказаў сам Пракоп’еў, сілавікі пабілі ў ягонай кватэры шкло, забрудзілі ўнітаз, разламалі мэблю, адарвалі выцяжку.